Беларуская Служба

Яшчэ адна краіна ў Еўропе мае намер павялічыць сваю армію

11.03.2025 12:34
Пра арганізацыю вайсковай падрыхтоўкі і нават аднаўленне прызыву гавораць не толькі ў Польшчы і Германіі, падобныя сцэнары вымалёўваюцца па ўсёй Еўропе.
.
. X/@Zelazna_Dywizja/St. kpr. Sławomir Kozioł

Напрыканцы мінулага тыдня ў Германіі заявілі, што новы ўрад сур'ёзна разглядае магчымасць пашырэння бундэсвера і нават не выключае размарозкі ўсеагульнай вайсковай павіннасці. Такія заявы рушылі ўслед за сігналамі з боку ЗША аб тым, што дзяржава  разглядае магчымасць вываду сваіх сіл з Еўропы. Планы ваеннага ўзмацнення  Германіі  грунтуюцца не толькі на сотнях мільярдаў еўра, якія краіна мае намер выдаткаваць на войска і інфраструктуру ў бліжэйшыя гады, але і на павелічэнні колькаснага складу арміі. Пра гэтыя планы паведаміў адзін з палітыкаў ХСС, які паабяцаў вярнуцца да вайсковага прызыву.

— Прыпыненне прызыву ўжо не адпавядае цяперашняй пагрозлівай сітуацыі. Першым прызыўнікам трэба будзе пераступіць вароты казармаў ужо ў 2025 годзе. Мы не можам проста стаяць і назіраць, як свет вакол нас становіцца ўсё больш і больш нявызначаным, сказаў Фларыян Хан, член парламента і эксперт ХСС па абароне, нямецкаму Bild.

Польскі прэм’ер Дональд Туск паабяцаў вайсковую падрыхтоўку для ўсіх дарослых мужчын, жанчыны таксама змогуць прайсці гэта навучанне. Размовы пра вяртанне да прызыву на абавязковую службу пакуль няма.

Намеры ўзмацніць армію цяпер ёсць і ў Італіі.

— Колькасць узброеных сіл вызначаецца законам. У мяне няма праблем сказаць, як я казаў некалькі разоў, што гэтая мадэль у цяперашні час недастатковая і павінна быць зменена, сказаў Гвіда Кразэта, міністр нацыянальнай абароны Італіі.

СМІ адразу пачалі спасылацца на меркаваныя планы італьянскага генеральнага штаба, які хоча, каб армія падрыхтавала дадатковы рэзерв, які дазволіў бы павялічыць колькасць вайскоўцаў на 40 000 чалавек у выпадку крызісу.

Колькі грамадзян павінны насіць форму? У Італіі гэтая тэма адразу стала вельмі гучнай і разгарэлася дыскусія, быццам урад хоча цішком пашырыць армію, не чакаючы згоды парламента. Спасылаючыся на гэтыя публікацыі, міністр абароны ўдакладніў, што пэўнага плана няма, а прадстаўленая інфармацыя — гэта толькі адна з канцэпцый, якія распрацоўваюцца на выпадак, калі ЗША сапраўды выведуць свае войскі з Еўропы.

— Распрацоўка гіпотэз і стратэгічных сцэнарыяў — звычайная дзейнасць для структур тэхнічнай абароны, але ні ў якім разе не раўназначная палітычнаму рашэнню або аператыўнаму плану, — тлумачыць палітык.

Цяпер ва ўзброеных сілах Італіі знаходзяцца каля 165 000 салдат, але, як падкрэсліваюць мясцовыя палітыкі, праблема ў рэзерве. Ён ацэньваецца ўсяго ў 18 тысяч чалавек.

вх