Беларуская Служба

Больш за чатыры тысячы лекараў у Польшчы — гэта беларусы

12.03.2025 07:12
Кабінет Ціханоўскай будзе дапамагаць беларускім медыкам у працаўладкаванні ў Польшчы - распавядае прадстаўні АПК па сацыяльнай палітыцы ўрач Станіслаў Салавей. 
Аўдыё
  • Больш за чатыры тысячы лекараў у Польшчы — гэта беларусы. Госць нашага эфіру - урач Станіслаў Салавей.
 .
Станіслаў Салавей. Фота: асабісты альбом Станіслава Салаўя

Паводле ацэнак у Аб'яднаным пераходным кабінеце, у Польшчы працуюць больш за чатыры тысячы беларускіх лекараў.

Паводле дадзеных Вышэйшай урачэбнай палаты (Naczelna Izba Lekarska) за 2023 г. медыкі з беларускім пашпартам складалі 25% ад усіх лекараў-замежнікаў, занятых у польскай сістэме аховы здароўя.

Гэта нямала, калі ўлічым, што беларусам даводзіцца пераадольваць дадатковыя бар'еры, звязаныя з дакументамі, прызнаннем дыплома, каб мець права працаваць у сваёй прафесіі ў Польшчы. Аб гэтых праблемах і прапановах, як іх вырашыць Я.С. паразмаўляла  з прадстаўніком Аб'яднанага Пераходнага Кабінету па сацыяльнай палітыцы. Госць нашага эфіру -  доктар Станіслаў Салавей

Журналіст: Вялікая частка беларусаў, якія вымушана з'ехалі з Беларусі, прафесійна актыўная. Сярод іх медыкі. У Польшчы ёсць вялікі недахоп лекараў і медычнага персаналу. Ці бачыце вы адкрытасць польскага боку да беларускіх лекараў?

— Ёсць адкрытасць Польшчы. Дакладна вядома як гэта рабіць, якія патрэбныя паперы, якія экзамены, якія патрабаванні.

Вядома, ёсць і перашкоды: гэта мова,  іншыя ўмовы. Але гэта пасільная задача, калі лекар жадае аднавіць свой дыплом. Сапраўды, калі я не блытаю, каля 4 тысяч беларускіх лекараў працуюць у Польшчы. Хаця тут не ўлічваюцца тыя, хто працуе даўно, хто атрымаў грамадзянства і інш. З іншага боку, мы маем вялікі выклік з боку рэжыму Лукашэнкі, бо каб запаволіць міграцыю медыкаў на Захад, у Беларусі перасталі выдаваць пэўныя паперы. То бок, медык жадае здаць экзамен, а па польскім заканадаўстве патрабуецца тыпавы план інтэрнатуры. Яго ў Беларусі цяпер свядома не выдаюць, каб ускладніць пераезд медыкаў. Гэта не ставіць поўную блакаду на магчымасць працы ў Польшчы лекарам, але вядзе да старты часу. Калі ва ўрача ёсць спецыялізацыя, якую ён атрымаў у іншай краіне, яму трэба паказаць план інтэрнатуры і камісія пры ўніверсітэтах можа скараціць гады навучання. Лекара з дзесяцігадовым стажам можна не вучыць пяць гадоў, а два-тры. Аднак без гэтай паперы не можна гэта зрабіць.

Журналіст: Можна неяк абысці гэта? АПК робіць нейкія крокі ў гэтым напрамку?

 — Намаганні ў гэтым сэнсе — не даўняя гісторыя. Мы паспрабуем зрабіць так, каб можна было залічваць так званыя тыпавыя планы. У Беларусі ўсе медычныя ўніверсітэты працуюць паводле адных і тых жа правіл Міністэрства аховы здароўя. Мы будзем спрабаваць дабіцца таго, каб польскія ўстановы прымалі тыпавыя планы і імянныя планы тых, хто вучыўся разам, то бок, калі я скончыў універсітэт разам з маім калегам, у якога ёсць тыпавы план, яго мне таксама можна было б залічыць.

Ці пагодзіцца на гэта польскі бок, мне цяжка адказаць, таму што медыцына гэта вельмі кантраляваная з боку ўладаў галіна, бо гэта чалавечае жыццё і здароўе. Але ізноў жа, мы не просім у польскіх уладаў дазволу на працу, бо «мы такія класныя», мы гатовыя здаваць усе экзамены, але  дайце нам допуск хутчэй да гэтага экзамену — не пяць гадоў, а трошкі скараціць час, таму што сюды прыязджаюць лекары як з годам-двума стажу працы, так і лекары з дзесяці-пятнаццацігадовым стажам працы. Вучыць такіх асновам не мае сэнсу, і Польшча хутчэй атрымае большую колькасць лекараў спецыялістаў. Я лічу, што гэта будзе добра як для польскага грамадства, так і для лекараў. Лекары хутчэй будуць працаваць па спецыяльнасці, а польскія грамадзяне будуць мець больш лекараў, будзе меншая чарга і лягчэй будзе патрапіць на прыём.

Журналіст:  Паколькі беларускія ўлады не выдаюць лекарам, якія выехалі за мяжу, дакументы аб медыцынскай адукацыі, ці Аб’яднаны пераходны кабінет, які карыстаецца даверам урадаў заходніх краін, у тым ліку Польшчы, мог бы ўзяць на сябе ролю органа, які выдае падобныя дакументы?

— На мой асабісты погляд, гэта немагчыма зрабіць, бо калі мы хочам выдаваць тыпавыя планы інтэрнатуры, у нас павінны быць даныя, што гэты чалавек сапраўды вучыўся ва ўніверсітэце, што гэты чалавек прайшоў праграму, і інш. Ствараць асобную службу, якая будзе пісаць паперы —  гэта  бюракратыя. Прасцей, каб польскі ўрад прызнаваў тыпавыя планы. Што датычыцца папер, якія мы выдавалі б, то мы звяртаемся да тэмы, калі чалавек з'ехаў, таму што яму пагражае небяспека, але доказаў на руках  не мае. Мне асабіста прасцей, у мяне ёсць крымінальны пераслед. І гэта будзе аргументам для польскага працадаўцы не запатрабаваць ад мяне даведку, што я не маю крымінальнай судзімасці. Калі мы ўладкоўваемся на працу, то прыносім даведку,  што не мелі судзімасці, што нас не судзілі за махлярства, забойства і г. д. Каб атрымаць гэтую даведку, я мушу ехаць у Беларусь. Калі я паеду ў Беларусь і мне не пашанцуе, я там застануся на 10-15-20 гадоў.

Таму мы спрабуем прапанаваць польскаму боку, каб АПК са спасылкай на дадзеныя праваабарончых арганізацый такіх як Вясна, dyssidentby, BelPOl, мог засведчыць, што вось гэтаму грамадзяніну небяспечна вяртацца ў Беларусь, не настолькі, каб ён падаваўся на ахову, але не патрабуйце гэтай даведкі. Гэта спрабуем абмяркоўваць, бо так можна было спрасціць жыццё беларусам.

Журналіст: Але гэта можна выклікаць бунт з боку польскіх медыкаў, калі парадак допуску беларускіх лекараў да прафесіі будзе значна спрошчаны. Падобная сітуацыя ўжо была ў 2021 годзе.

— Я думаю, што бунт польскіх медыкаў — гэта другарадная справа. Галоўнае, каб не было няякаснага аказання медычнай дапамогі польскім грамадзянам і тым, хто тут жыве. Мы можам ведаць, што ў чалавека ёсць дыплом, але ці ён ведае польскую мову, польскія пратаколы. Кожная дзяржава кантралюе ўзровень падрыхтоўкі медыкаў. Ёсць асабістае выключэнне ў дзяржаў, шчыльна звязаных паміж сабой, напрыклад паміж Германіяй і Швейцарыяй можа быць простая працэдура, але заўсёды, калі лекар мяняе краіну, ён будзе здаваць экзамены.

Журналіст: Так, калі медык пройдзе ўсе абавязковыя экзамены ў Польшчы, гэтага дастаткова, ці неабходна мець з сабой дыплом заканчэння ўніверсітэта?

— Дыплом мець патрэбна. Калі чалавек збягае і ў яго няма дыплому, то больш складанае пытанне. Паводле паказанняў сведак можна даказаць, што «вось, гэта мой сакурснік», але цяжка вызначыць, якія ў яго былі адзнакі, якая была спецыялізацыя і г. д. Гэта больш складаная сітуацыя. Я, на жаль, не бачу выхаду. Адзінае, што я б прапанаваў калегам — рабіць натарыяльныя копіі сваіх дыпломаў і захоўваць іх у бяспечным месцы. Без дыплому вельмі складана.

Журналіст: Вы казалі, што ў вольную Беларусь з эміграцыі на радзіму вернецца не больш за пяць працэнтаў медыкаў, якія з'ехалі і ўладкаваліся на працу ў Польшчы. І вернуцца найбольш ідэйныя. Дык, якая карысць у тым, каб дапамагаць беларускім медыкам атрымаць права на працу ў польскай сістэме аховы здароўя?

— Але і гэта можна будзе павярнуць на плюс для будучай Беларусі. Так, гэтыя лекары страчаныя для Беларусі, яны не вернуцца працаваць, але да іх можна будзе даслаць на стажыроўкі нашых студэнтаў. Дамовіцца з польскім шпіталем не так складана, тут усе адкрытыя. Будзем прасіць: Паважаныя, прыміце пад сваё крыло, навучыце як свайго роднага. І гэта ўжо дазволіць нам скараціць адставанне ад еўрапейскай медыцыны.

Беларуская сістэма, на жаль, вельмі адсталая. Не лекары адсталыя, а сама сістэма функцыянавання.

Мы не маем многіх лекаў, у нас няма многіх тэхналогій, не так распаўсюджана робат-хірургія, у нас не такі доступ да МРТ, да сучаснай медыцыны. Гэты разрыў паміж сучаснасцю і беларускай медыцынай можна будзе хутка пераадолець, калі будзем адпраўляць студэнтаў за мяжу на падвышэнне кваліфікацыі. Тут не будзе моўнага бар'еру, таму што нашыя лекары працуюць доўга ў Польшчы. Я спадзяюся, што, хаця яны не вернуцца працаваць, але ж будуць прыязджаць у госці, да родных і мы зможам ім прапанаваць зайсці ў шпіталь, прачытаць лекцыі, правесці майстар-класы.

Журналіст: Беларусы, якія жывуць у Польшчы і маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе, вельмі наракаюць на польскую сістэму аховы здароўя: даўжэзныя чэргі да лекараў, хуткая не прыязджае на кожны выклік, чэргі на аперацыю доўгія. І параўноўваюць з Беларуссю — там лепш.

 — Калі палічыць, то ў нас памерла ў тры разы больш людзей ад кавіда. Вось адказ наконт аховы здароўя. Так, тут даўжэй дачакацца лекара, так,  тут лекар не прыйдзе дадому, калі дзіця мае тэмпературу  37 градусаў. Гэта не тое, што лекар павінен увогуле рабіць. У нас гэта прыгожая карцінка, але гэта расходуе і так абмежаваныя рэсурсы.  Лекар прыйдзе да вас дадому, калі тэмпература ў дзіцяці 37,2, але ўсё роўна заўтра вы пойдзеце ў паліклініку, каб аформіць паперы. Я магу доўга аб гэтым распавядаць. Польская сістэма крыху іншая, я не кажу, яна добрая, ці яна дрэнная — яна іншая, плюс моўны бар'ер і гэта спараджае пэўны страх. Мы не знойдзем ніводнай краіны ў свеце, дзе людзі цалкам задаволены медычнай дапамогай. На жаль, медыцына, ахова здароўя, можа толькі тое,  на што хапае рэсурсаў. Гэта вельмі дарагая галіна.

Лячыць усіх максімальна якасна —гэта цудоўна, але гэта магчыма толькі ў нейкім Кувейце, у іншых на гэта не хопіць грошай. Мінаховы здароўя шукае баланс паміж дапамогаю максімальнай колькасці грамадзян і яе якасцю. А  беларускія чыноўнікі шукаюць іншае — як прыгожа зрабіць карцінку, прыгожую ілюзію, што вось у нас якая добрая медыцына. У Беларусі гэта палітыка, не медыцына. 

***

Станіслаў Салавей, намеснік прадстаўніка па сацыяльнай палітыцы ў Аб'яднаным пераходным кабінеце. Лекар, у 2021 годзе быў вымушаны з'ехаць з краіны, цяпер у Польшчы не працуе, на этапе вывучэння мовы і падрыхтоўкі да першага настрыфікацыйнага экзамену.

Гутарыла Яланта Смялоўская