Беларуская Служба

Прэм'ер-міністр Італіі: Вар'яцтва думаць, што Еўропа можа гарантаваць уласную бяспеку самастойна

18.03.2025 19:16
Прэм'ер-міністр Італіі Джорджыя Мелоні заявіла ў аўторак у Сенаце ў Рыме, што немагчыма ўявіць трывалую бяспеку, падзяліўшы Еўропу і Злучаныя Штаты.
Donald Trump i Giorgia Meloni
Donald Trump i Giorgia MeloniFoto: Italian Government/Handout via REUTERS

На брыфінгу ўрада напярэдадні саміту лідараў Еўрапейскага саюза, які пачнецца ў чацвер, Джорджыя Мелоні заявіла, што вайна Расіі супраць Украіны знаходзіцца ў «тупіку, што можа прывесці да мірных перамоваў сёння».

«Мы падтрымліваем (міратворчыя) намаганні прэзідэнта Дональда Трампа», — дадала  кіраўніца італьянскага ўрада. Яна пазітыўна ацаніла ўзгодненую ў Саудаўскай Аравіі прапанову аб спыненні агню і палічыла яе «першым значным крокам, які павінен прывесці да справядлівага і трывалага міру» і забяспечыць «гарантыі бяспекі для Украіны, Еўропы і нашых амерыканскіх саюзнікаў».

Як яна адзначыла, цяпер ад Расіі чакаюць «канкрэтных і хуткіх крокаў».

Мелоні заявіла, што адпраўка італьянскіх войскаў ва Украіну нават не з'яўляецца прадметам абмеркавання. Яна выказала меркаванне, што адпраўка еўрапейскіх сіл будзе «рызыкоўнай і неэфектыўнай аперацыяй».

Яна нагадала пра сваю прапанову даць Украіне гарантыі бяспекі «па мадэлі механізму, прадугледжанага артыкулам 5 Дамовы аб НАТА». Як адзначыла яна, гэта неабавязкова будзе азначаць уступленне Украіны ў Альянс, а таксама «аўтаматычнае ўступленне Украіны ў вайну ў выпадку агрэсіі супраць адной з краін-членаў».

«Мы вельмі сур'ёзна ставімся да гэтай прапановы», — запэўніла прэм'ер-міністр Італіі.

«Немагчыма ўявіць трывалыя гарантыі бяспекі, падзяліўшы Еўропу і ЗША. Гэта слушна, каб Еўропа падрыхтавалася да выканання сваёй ролі. Але наіўна думаць, што Еўропа можа справіцца сама без рамак НАТА», — сказала прэм'ер-міністр Італіі.

Яна раскрытыкавала тых палітыкаў, якія кажуць, што Італія павінна выбіраць паміж Еўропай і ЗША.

Закранаючы прапанову аб пераўзбраенні Еўропы, прадстаўленую прэзідэнтам Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен, яна заявіла: «Я лічу, што гэтая назва («Пераўзброіць Еўропу») уводзіць грамадзян у зман, таму што наша задача — умацоўваць абароназдольнасць, але сёння гэта азначае не банальную закупку зброі, а яе вытворчасць».

У гэтым кантэксце яна таксама адзначыла неабходнасць умацавання энергетычнай інфраструктуры і ланцужкоў паставак.

«Усё гэта немагчыма дасягнуць толькі зброяй. Без гэтага падыходу няма абароны», — папярэдзіла Джорджыя Мелоні.

PAP/вх