Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо падпісалі ўчора ў Кіеве дэкларацыю аб падтрымцы сяброўства Украіны ў НАТА.
Падчас учорашняга неабвешчанага візіту ў Кіеў кіраўнік урада Канады паабяцаў новы пакет ваеннай дапамогі Украіне на 375 мільёнаў долараў. Ён таксама абяцаў перадаць Украіне затрыманы летась расійскі транспартны самалёт «Антонаў».
Падчас сумеснай прэс-канферэнцыі палітыкі падкрэслілі, што дэкларацыя заклікае Расію спыніць ваенныя дзеянні.
«Канада застаецца непахіснай у сваёй прыхільнасці незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах», – гаворыцца ў дэкларацыі, падпісанай у Кіеве.
Джасцін Трудо паабяцаў, акрамя новага пакету ваеннай дапамогі, удзел сваёй краіны ў падрыхтоўцы ўкраінскіх пілотаў знішчальнікаў F-16.
«Канада будзе ўдзельнічаць у міжнароднай кааліцыі, якая навучае пілотаў знішчальнікаў і прапануе тэхнічнае абслугоўванне гэтых машын. Мы таксама далучымся да ініцыятывы тэхнічнай падтрымкі танкаў Leopard. Мы дамо дадатковыя 288 ракет AIM-7, якія дапамогуць абараніць неба над Украінай», – заявіў кіраўнік урада Канады.
Акрамя таго, Канада падоўжыць да 2026 года свой удзел у праграме вайсковай падрыхтоўкі, у рамках якой за апошнія восем гадоў падрыхтавана больш за 35 тысяч украінскіх вайскоўцаў.
Канадскі прэмʼер-міністр таксама згадаў пра падрыў дамбы на Дняпры, назваўшы гэтую падзею «прамым вынікам расійскай агрэсіі». Канада выдзеліць больш за 36 мільёнаў долараў на дапамогу жыхарам раёнаў, затопленых у выніку зносу дамбы.
Джасцін Трудо таксама хоча ўдзелу канадскіх кампаній у аднаўленні Украіны. У рамках эканамічнай дапамогі Кіеву ён таксама заявіў пра падаўжэнне яшчэ на год бязмытнага ўвозу тавараў з Украіны.
яс