Беларуская Служба

Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаваць тэракт РФ на Кахоўскай ГЭС, паведаміў прэзідэнт Зяленскі.

12.06.2023 07:56
Паводле слоў Уладзіміра Зяленскага, прадстаўнікі МУС ужо наведалі пацярпелую ад падрыву дамбы Херсонскую вобласць.
 .
Ілюстрацыйнае фота.PAP/EPA/MYKOLA TYMCHENKO

Прадстаўнікі Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе пачалі расследаваць падрыў дамбы Кахоўскай ГЭС, у выніку якога былі затоплены дзясяткі населеных пунктаў на поўдні Украіны.

Як паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце, прадстаўнікі МУС таксама бачылі на ўласныя вочы, што расійскія акупанты працягваюць абстрэлы затопленых тэрыторый у той час, як там ідзе эвакуацыя.

«Днямі Херсоншчыну наведалі прадстаўнікі Міжнароднага крымінальнага суда. У першы ж дзень пасля катастрофы генеральны пракурор накіраваў у МУС адпаведны зварот па расследаванні гэтай катастрофы. І праца ўжо пачалася. Вельмі важна, што прадстаўнікі міжнароднага правасуддзя на свае вочы ўбачылі наступствы гэтага расійскага тэракту і самі пачулі, што расейскі тэрор працягваецца. Працягваецца максімальна цынічнымі абстрэламі затопленай тэрыторыі, тэрыторыі эвакуацыі», – сказаў прэзідэнт Украіны ў сваім штодзённым відэазвароце.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Украіна ўжо садзейнічае і ў далейшым будзе садзейнічаць максімальна незалежнаму і аб'ектыўнаму расследаванню МУС.

«Усе нашы праваахоўнікі і іншыя інстытуты максімальна ўцягнуты ў гэты працэс. Поўны доступ да пацярпелых тэрыторый, да сведак, усёй інфармацыі, доказаў. Важная поўная і справядлівая адказнасць для расійскіх тэрарыстаў і самой дзяржавы-тэрарыста. Гэта абавязковая ўмова для таго, каб у свеце больш не было паўтарэння такога зла», – сказаў Зяленскі.

6 чэрвеня адбыўся падрыў дамбы Кахоўскай ГЭС, у выніку дзясяткі населеных пунктаў былі затоплены.

Украіна сцвярджае, што ёсць доказы датычнасці вышэйшага кіраўніцтва РФ да тэракту. 

вх