Беларуская Служба

Урад Роберта Фіцо атрымаў вотум даверу ў парламенце

21.11.2023 18:12
Левы нацыянальны ўрад Робэрта Фіцо атрымаў вотум даверу ад славацкага парламенту. За гэта прагаласавалі 78 з 143 дэпутатаў, якія ўдзельнічалі ў галасаванні.
Ілюстрацыйнае фотаObraz Andrea z Pixabay/CC0

Перад галасаваннем адбыліся дэбаты па праграмнай дэкларацыі ўрада, якія расцягнуліся на чатыры дні.

Кабінет міністраў Роберта Фіцо абвясціў, сярод іншага, аб павелічэнні падаткаў на банкі, найбагацейшыя кампаніі і грамадзян, а таксама аб увядзенні трынаццатай пенсіі. Больш за тое, ён заявіў аб прыпыненні ваеннай дапамогі Украіне з рэсурсаў славацкай арміі і выступіў супраць планаў ліквідаваць права вета ў Радзе Еўрасаюза.

За прыняцце праграмнай дэкларацыі прагаласавалі толькі члены кіруючай кааліцыі, якая складаецца з левай нацыянальнай партыі «Смер», сацыял-дэмакратычнай партыі «Глас» і нацыяналістычнай Славацкай нацыянальнай партыі. Спікер парламента Петэр Пелегрыні заявіў, што Славакія такім чынам пачала будаваць моцную і сацыяльна справядлівую дзяржаву.

Усе апазіцыйныя дэпутаты, якія ўдзельнічалі ў галасаванні, прагаласавалі супраць аказання даверу. Яе прадстаўнікі раскрытыкавалі планы ўрада, палічыўшы праграмную дэкларацыю неканкрэтнай і неадпаведнай абяцанням, што гучалі падчас выбарчай кампаніі.

ПР/юл