Беларуская Служба

Толькі 19% украінскіх уцекачоў у Нямеччыне маюць працу

24.11.2023 17:12
Гэта тычыцца бежанцаў ва ўзросце ад 18 да 64 гадоў, прыводзіць дадзеныя Федэральнае агенцтва занятасці Нямеччыны.
Ілюстрацыйнае фотаPAP/Mykola Kalyeniak

Згодна са статыстыкай, у Нямеччыне працаўладкаваныя толькі 135 тысяч бежанцаў з Украіны. Большасць з іх працуюць у сферы паслуг, на вытворчасці, будаўніцтве і ў гасцінічным бізнесе. Яшчэ 467 тысяч працаздольных дарослых бежанцаў атрымліваюць сацыяльную дапамогу.

Украінцы, у адрозненне ад многіх іншых бежанцаў, атрымалі магчымасць неадкладна працаўладкоўвацца, у выніку чаго яны сапраўды атрымліваюць працу нашмат хутчэй, чым іншыя ўцекачы. Але ў параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі яны інтэгруюцца ўсё адно павольна на рынку працы ў Нямеччыне.

Многія ўкраінцы, якія прыбылі ў Германію ў якасці бежанцаў, маюць высокую прафесійную кваліфікацыю. Але ў Нямеччыне перашкоды для прызнання замежных кваліфікацый і моўных навыкаў вельмі высокія. Менавіта таму ў кастрычніку ўрад Нямеччыны запусціў «праграму» па працаўладкаванні, якая павінна дазволіць атрымліваць працу з ніжэйшымі ведамі нямецкага, чым гэтага патрабуюць цяперашнія правілы.

Паводле дадзеных Федэральнага агенцтва занятасці Германіі, у кастрычніку інтэграцыйныя курсы наведвалі 129 тысяч украінцаў. З іх 95 000 завершаць курсы ў бліжэйшыя шэсць месяцаў, астатнія - верасні 2024 года.

Палітыкі партый ХДС/ХСС і СвДП заклікаюць даваць украінцам толькі дапамогу для ўцекачоў, а не сацыяльную дапамогу па беспрацоўі: гэта значыць максімум 410, а не 502 еўра ў месяц (са студзеня - 563 еўра).

На думку аўтараў ініцыятывы, менавіта павелічэнне ўласнага даходу павінна быць стымулам у працаўладкаванні, а пакуль дзяржава пакрывае ўсе патрэбы і выплачвае дапамогу, такой неабходнасці няма.

Крыніца: Bild