Спікер парламента Фінляндыі Юсі Хала-ахо выступаў у Радзе ў суботу разам са спікерамі шасці краін ЕС і старшынёй Парламенцкай асамблеі НАТА. Яго гаворка была цалкам на ўкраінскай.
Юсі Хала-ахо пачаў са згадкі аб тым, што Фінляндыя ў 1939 годзе сутыкнулася з такой жа імперскай агрэсіяй СССР, як зараз Украіна, і 24 лютага фіны добра ўспомнілі гэта мінулае.
Ён выказаў расчараванне тым, што пасля завяршэння «халоднай войны» і распаду СССР Расія ў выніку не змянілася.
«Як тады, так і сёння яна не паважае ні міжнароднага права, ні сваіх абавязацельстваў. Яна не шануе жыцця ні сваіх, ні чужых. Яна лічыць, што мае права вета на выбары сваіх суседзяў, права вета нават на іх існаванне. Расія паважае і разумее сілу. На расійскі імперыялізм трэба адказаць сілай», – падкрэсліў Хала-ахо.
Спікер адзначыў, што гераічнае супраціўленне Украіны надало Фінляндыі смеласці дзейнічаць – верагодна, маючы на ўвазе заяўку на ўступленне ў НАТА і ваенную дапамогу Украіне.
Ён нагадаў, што Фінляндыя перадала Украіне ўжо 20 пакетаў вайсковай дапамогі і будзе працягваць падтрымку столькі, колькі будзе неабходна.
Хала-ахо закрануў таксама пытанне Галадамору. Ён растлумачыў, што фінскі парламент па фармальных прычынах ніколі не выдае дэкларацый па гістарычных падзеях і нават не мае працэдуры для гэтага, аднак на мінулым тыдні кіраўнікі фракцый з большасцю дэпутатаў падпісалі сумесную заяву аб тым, што бачаць падставы лічыць Галадамор генацыдам украінскага народа з боку савецкай улады.
Падчас выступу ўкраінскія дэпутаты шмат разоў перарывалі яго бурнымі апладысментамі і ўставалі з месцаў.
Нагадаем, Юсі Хала-ахо належыць да крайне правай партыі «Сапраўдныя фіны». Улетку яго абралі кандыдатам ад партыі на прэзідэнцкіх выбарах у Фінляндыі, якія адбудуцца ў канцы студзеня. Цяпер ён на 5-й пазіцыі ў рэйтынгах.
«Еўрапейская праўда»
нг