Беларуская Служба

Украінскія эксперты: Расію трэба цалкам заблакаваць на міжнароднай арэне

30.11.2023 18:30
Краіны Захаду байкатуюць сустрэчу АБСЕ, арганізаваную ў Паўночнай Македоніі ў сувязі з прыездам у гэтую краіну міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова. Некаторыя замежныя палітыкі ўвогуле не прыляцелі ў Скоп'е, а іншыя пакінулі сталіцу Паўночнай Македоніі непасрэдна перад прыездам кіраўніка расійскай дыпламатыі.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneNovikov Aleksey/Shutterstock

Польшча, Украіна і краіны Балтыі не ўдзельнічаюць у сустрэчы АБСЕ ў Паўночнай Македоніі. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен прыляцеў у сталіцу Паўночнай Македоніі ўчора ўвечары, сустрэўся са сваім калегам Буярам Асмані і неадкладна пакінуў Скопʼе. Падобным чынам павялі сябе кіраўнік брытанскай дыпламатыі і вярхоўны прадстаўнік па замежных справах Еўрасаюза.

Украінскі палітолаг Пётр Аляшчук здзіўлены, што Паўночная Македонія не зрабіла так, як раней Польшча, якая не дапусціла Сяргея Лаўрова на пасяджэнне АБСЕ.

«Яны чапляюцца за нейкае меркаванне, што для супрацоўніцтва з Расіяй неабходна захаваць магчымасць дыялогу і дыпламатыі. Аднак Расія працуе над тым, каб падарваць давер да ўсіх міжнародных інстытутаў. Гэта глабальны падыход Расіі, дзе немагчыма ўплываць на рашэнні, яна проста ўсё блакуе», – падкрэсліў украінскі палітолаг.

Украінскі эксперт у галіне міжнародных адносінаў Дзмітры Левусь патлумачыў, што АБСЕ, спрабуючы размаўляць з агрэсарам, губляе аўтарытэт на міжнароднай арэне.

«Логіка, што пляцоўка для дыскусіі неабходная, не працуе ў выпадку з Расіяй. Яны ставяцца да гэтага як да поспеху, як да слабасці еўрапейскіх краін, што ім удалося перамагчы ворага», – дадаў украінскі эксперт.

Ад пачатку ўварвання ва Украіну Расія была ізаляваная краінамі, якія асуджаюць агрэсію. Прадстаўнікоў маскоўскага рэжыму ігнаруюць ці не запрашаюць на міжнародныя сустрэчы. Крэмль выкарыстоўвае любую магчымасць, каб прапагандаваць сваю хлусню і пераканаць уласнае грамадства ў тым, што пункт гледжання Пуціна мае значэнне ў свеце.

IAR/вх