Беларуская Служба

Польскае радыё неафіцыйна: праблемы з дыяментамі ў 12-м пакеце санкцый супраць Расіі

02.12.2023 14:01
Краіны-члены Еўрасаюза абмяркоўваюць праект 12-га пакета санкцый супраць Расіі за вайну ва Украіне.
Сцяг ЕўрасаюзаCapri23auto/pixabay.com/CC0 Public Domain

У апошнім пакеце санкцый Еўрасаюза супраць Расіі ўзніклі праблемы з дыяментамі, неафіцыйна даведаўся Польскае радыё ў Бруселі. «Перамовы працягваюцца, але дамоўленасці ў групе G7 пакуль няма», – паведамілі дыпламаты ЕС.

Нагадваем, падрыхтаваны Еўракамісіяй праект 12-га санкцыйнага пакета, у асноўным прадугледжвае эмбарга на дыяменты, звадкаваны газ і алюміній з Расіі. Тэму працягвае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка:

- Дыяменты павінны былі стаць ключавым элементам 12-га санкцыйнага пакета. Еўракамісія прапанавала паступовае ўвядзенне эмбарга на іх са студзеня. Поўная забарона павінна была дзейнічаць з верасня.

«Без пагаднення ў рамках G7 эмбарга не мае сэнсу, бо дыяменты трапяць на іншыя рынкі», – сказаў адзін з дыпламатаў Еўрасаюза.

Аднак гэта не адзіная праблема. Падчас абмеркавання праекта было ўнесена некалькі прапаноў аб выключэннях, напрыклад, датычна забароны на перасячэнне мяжы аўтамабілямі з расійскімі нумарамі, што выклікала супраціў Латвіі.

У сваю чаргу славакі прасілі зрабіць выключэнне адносна імпарту нафты праз паўднёвы ўчастак нафтаправоду «Дружба», каб яны маглі прадаваць чэхам бянзін, выраблены з расійскай нафты.
Амбасадары краін ЕС у бліжэйшыя дні працягнуць узгадненне палажэнняў 12-га санкцыйнага пакета, каб дасягнуць пагадненне да саміту, які адбудзецца менш чым праз два тыдні.

Праект 12-га санкцыйнага пакета пакуль прадугледжвае забарону на імпарт з Расіі звадкаванага газу і алюмінію. Таксама працягваюцца абмежаванні на ўвоз тавараў, якія прыносяць даходы расійскаму бюджэту. Пад санкцыі трапяць і чарговыя кампаніі, якія дапамагаюць Расіі абыходзіць санкцыі – з Кітая, Ірана, Узбекістана і Казахстана.

IAR/аз