Слухайце сюжэт у далучаным файле!
Усе нашы рэспандэнты – дарослыя людзі, якія працуюць, маюць сем'і. Пытанне пра ўзровень валодання польскай мовай мы задалі ў суполцы «Беларусы Варшавы» ў Фэйсбуку.
Вось што людзі напісалі ў адказах:
- 2,5 года ў Польшчы, так і не загаварыла.
- Усе праграмісты). Але навошта ім гаварыць... тым больш на польскай.
- На дадзеным этапе некаторыя, знаёмыя мне праграмісты ўдасканальваюць англійскую, каб прасоўвацца далей. Польская адкладзеная на потым, бо няма часу наведваць курсы, трэба клацаць па клавішах.
- Хапіла двух месяцаў каб пачаць размаўляць свабодна, але ўдасканальваю мову да гэтага часу.
- Хто хоча хутка вывучыць польскую, трэба ісці працаваць у краму. А я не вучуся бо хачу дадому, і пакуль гэта не выкіну з галавы, не вывучу я польскую.
- Я жыву тут 2 гады, працую дома, у кампаніі карпаратыўная мова – англійская. З дому практычна не выходжу.
- Працую з перапынкамі з 2018 г., толькі з беларусамі і ўкраінцамі, пахваліцца нічым не магу.
- У Польшчы 2 гады, дакументаваны B2. Але не таму, што такі здольны, 18 гадоў таму ўнівер тут заканчваў.
- Ваша разуменне «свабодна» залежыць ад узроўню валодання роднай мовай. Камусьці і трох слоў хапае, як Элачцы-Людаедцы, а хтосьці не можа выказаць адценні, не можа падабраць 10 сінонімаў слову і ўжо лічыць сябе каснаязычным і несвабодным.
- За 3 гады не вывучыла, на В1 усё ж здала, пакуль вучылася ў групе, былі зносіны, а зараз забываю ўсё што ведала.
Вадзім жыве з сямʼёй у Польшчы з восені 2020 года. За гэты час ён двойчы праходзіў навучанне польскай мове – на курсах і з рэпетытарам. Адзначае, што найлепшы вынік быў пасля індывідуальных заняткаў. Аднак свабоднага ўзроўню валодання ён не дасягнуў. Прычына, мяркуе, усё тая ж – няма камунікацый з палякамі, ён жыве і працуе ў сваім моўным асяроддзі.
– Гэта і называецца «эмігранцкая бурбалка» – з-за таго, што мне складана, я імкнуся звяртацца да рускамоўных і блакую кантакты з палякамі. Так, гэта барʼер і вялікі, прычым у розных кірунках: ёсць складанасці з афармленнем дакументаў, у камунікацыях, складанасці ў размовах з арэндадаўцамі, высвятлення нейкіх дэталяў, калі, напрыклад, трэба заплаціць за газ, святло. Безумоўна, я разумею, што гэта мая адказнасць – працягваць вучыць польскую мову і па меры таго, як будзе зʼяўляцца дастакова часу і сілаў. Пытанне нават не ў часе, а ў гэтых самых сілах, якіх не хапае, бо ёсць шмат іншых пытанняў. Буду імкнуцца вучыць далей, бо важна ўмець гаварыць на мове краіны, у якой ты жывеш.
Суразмоўца гаворыць, што з негатыўным стаўленнем не сутыкаўся. Але колькасць кантактаў з палякі мінімальна, што праўда, дзе трэба, імкнецца размаўляць па-польску, хай і з памылкамі.
Працу, не звязаную з польскімі ўстановамі, шмат хто называе адным з асноўных аргументаў, чаму веданне польскай мовы не ўдасканальваюць.
Андрэй, напрыклад, працуе ў сферы інфармацыйных тэхналогій. Яго працадаўца не звязаны з Польшчаю. Ён таксама прайшоў базавы курс польскай мовы, якога дастаткова для побытавых камунікацый, калі больш складаная сітуацыя, напрыклад, трэба патлумачыць нешта доктару, Андрэй піша шпаргалкі па-польску і карыстаецца імі. Называе гэта «не ідэальнай, але дзейснай схемай».
Мастацтвазнаўца Эльвіра Каралёва таксама пасля прыезду ў Польшчу праходзіла адукацыйныя курсы. Гаворыць, што навучылася разумець і кантактаваць на мінімальным узроўні, хаця прызнае, што мову краіны важна ведаць. Працягваць навучанне Эльвіра не стала. Праца ў яе звязаная з англійскай і нямецкай мовай, адпаведна, польская мова засталася толькі ў побытавым выкарыстанні.
Яна прызнаецца, што, калі трэба для працы, яна можа падрыхтавацца да невялікай прамовы, але пасля пытаецца, ці можна перайсці на англійскую мову.
– Тут я працягнула працаваць у сферы, дзе патрэбная англійская і нямецкая мова. І, адпаведна, польскую мову я чула толькі недзе на вуліцы, а ў крамах, як мы ведаем, самаабслугоўванне. Няма дзе практыкаваць мову – сяброў-палякаў у мяне няма, у кавярні я не асабліва хаджу. Вось і атрымліваецца, што ты ў нейкім вакууме. Але дзеці мае за два гады проста шыкоўна навучыліся гаварыць па-польску. У іх асяроддзе, камунікацыі. У некаторыя інстанцыі я бяру свайго сына-падлетка, і ён мне выдатна перакладае, дапамагае, – расказвае Эльвіра.
Эльвіра Каралёва напрыканцы размовы падкрэслівае, што вельмі ўдзячная бацькам-перакладчыкам, якія далі ёй добрую моўную адукацыю і цяпер яна пачуваецца, «як рыба ў вадзе» з носьбітамі гэтых моў.
Мая суразмоўца разважала, чаму так павольна вучыцца мова. «Мяркую, гэта ўзрост. Я гляджу на моладзь, як хутка яны ўбіраюць, схопліваюць мову. А я на адным занятку вывучу, а на іншым ужо забуду. Але, канешне, буду імкнуцца нешта з гэтым зрабіць», – кажа Эльвіра.
Віктар Осіпік у Віцебску, у Беларусі, быў прадпрымальнікам, цяпер жыве ў Варшаве, працуе ў таксі. Віктар таксама прайшоў навучанне да ўзроўню А2. Ён мае польскія карані – бабуля Віктара была полькаю з-пад гораду Кельцэ, некалі прыехалі на заробкі ў Беларусь і засталіся. Таму Віктар думаў, што вывучэнне польскай мовы будзе хуткім і лёгкім, але не:
– Мала практыкі, таму не выходзіць, трэба вучыць, выходзіць на іншы ўзровень, але не ведаю, як гэта зрабіць. Думаў, што будзе проста – праз камунікацыю з палякамі і вывучу, але палякі маўчуны – садзяцца ў машыну і адразу ў тэлефон, а палітыка такая, што перыш не можаш пачынаць размову.
Пры гэтым Віктар добра разумее і чытае па-польску кнігі.
Любоў Шыбаршына ў Беларусі займалася арганізацыяй розных мерапрыемстваў, у Польшчы займаецца тым жа, а яшчэ вядзе Тэлеграм-канал «Ваша беларуска».
– Многім беларусам не хапае практыкі, асабліва калі акружэнне – беларусы, а ў большасці так і ёсць з-за таго, што шмат беларусаў пераехалі. У крамах і кавярнях тыя ж украінцы працуюць, яны гавораць па-руску. Тут я таксама займаюся арганізацыяй івентаў, мае кліенты – беларусы. Хаця, трэба прызнаць, што адсутнасць добрай камунікатыўнай польскай мовы не дае мне выйсці на больш шырокае кола, на польскіх кліентаў.
У школе настаўніцы, якім каля пяцідзесяці год, разумеюць рускую мову, хаця і не гавораць на ёй. Лісты дзелавыя пішу па-польску – канешне, карыстаюся перакладчыкам, а потым выпраўляю граматыку.
Калі чалавеку трэба камунікаваць, ён знойдзе спосаб данесці сваю думку, на якой бы мове суразмоўца не размаўляў.
Любоў прызнае, што ёй трэба польская мова для развіцця бізнесу. З негатывам з прычыны мовы ніколі не сутыкалася.
Якія высновы? Нашы суразмоўцы прызнаюць, што польскую мову вывучыць патрэбна, нават калі ад яе і не залежыць іх карʼерны рост. Відавочна з-за вялікай плыні міграцыі ў Варшаве, а мы размаўлялі з жыхарамі сталіцы Польшчы, сфармавалася своеасаблівая беларуская супольнасць, у якой пакуль што цалкам камфортна можна жыць. Ну, і відавочнае – вучыцца прасцей у юным узросце, калі не абцяжараны жыццёвымі клопатамі, памяць лепшая, і часу вольнага больш.
вх