Наталля Задзяркоўская
Ідэя стварэння інсталяцыі ўзнікла 21 траўня, у Дзень беларускіх палітвязняў, калі сотні беларусаў сталі ў ланцуг са здымкамі зняволеных у Варшаве. Стала зразумела, што аднаго дня мала, гаворыць кіраўніца Музею Вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская:
-Мы вырашылі зрабіць інсталяцыю ў музеі, каб людзі, якія не дайшлі на ланцуг, каб нашыя замежныя партнёры маглі паглядзець. Рабілі яе самыя былыя палітвязні, мы з імі супрацоўнічаем і сябруем. Для нас вельмі важны прыклад гэтых людзей, якія працягваюць барацьбу, якія не згубілі сябе, якія даюць прыклад нам, што гаварыць пра нашых палітвязняў трэба кожны дзень. Цікава ведаць, што здымкі з працы над інсталяцыяй ужо трапілі ў беларускія турмы. Там пра яе ведаюць і гэта дае маральную падтрымку. Запрашаем да 8 чэрвеня прыходзіць, глядзець, каб зразумець, што за кожным здымкам стаіць лёс канкрэтнага чалавека.
Алег Кулеша
Былы палітзняволены Алег Кулеша, які адсядзеў па гэтак званай карагоднай справе ў Брэсце, расказваў прысутным пра ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах. Нягледзячы на інфармацыйную блакаду, звесткі пра такія акцыі падтрымкі ўсё роўна даходзяць у месцы зняволення:
-Калі мы рабілі акцыю 21 траўня, то ведалі, што пра яе даведаюцца ва ўсіх калоніях і зонах. Мы ведаем, што так і сталася. Таксама мы ведаем, што і гэтая выстава туды дойдзе. Калі я быў у калоніі, то да нас дайшла вестка пра тэатральную імпрэзу ў Лондане, дзе замест гледачоў былі фота палітвязняў. Гэта была такая асалода, калі мы пра гэта даведаліся, што пра нас памятаюць. Гэта вельмі важна. І толькі дзеля гэтага трэба рабіць такія выставы. Другая прычына: Еўрасаюз павольна забываецца пра палітычныя падзеі ў Беларусі. Я разумею, што ідзе вайна, што ў іх таксама сваё жыццё, але ў нас таксама жыццё, толькі жыццё ў канцлагеры. Трэба выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі, каб сусветнае грамадства пра гэта ведала.
Ганна Канавалава з унукамі
Ганна Канавалава наведвае ўсе акцыі падтрымкі палітвязняў з малымі ўнукамі, бацькі якіх асуджаныя на 5,5 гадоў турмы. Кожны яе аповед пра дачку і зяця вельмі эмацыйныя:
-Эмацыйны, бо баліць кожны дзень. З зяцем у нас увогуле няма сувязі, як я разумею яму забаронена ўвогуле ўсё. Яму дадалі тэрмін. З дачкой раз у месяц у нас відэазванок, ён працягваецца 3-5 хвілін, размова ні аб чым, але хаця б адна на адну паглядзім, нешта позіркамі адна адной скажам. Дзецям таксама вельмі цяжка. Я заўсёды кажу: ніхто не заменіць маму: ні бабуля, ні тата, ніхто. Тут свая траўма. Кожны павінен рабіць тое, што можа. Магчыма, нашая бітва яшчэ наперадзе, мы ж не ведам. Нехта павінен пісаць лісты, нехта данаціць, бо ў Беларусі цяпер цяжка, а асабліва цяжка збіраць перадачу, той жа маме, якая засталася адна з дзецьмі сабраць перадачу мужу. Слова радуюся няправільнае, але калі ў калоніі памёр палітзняволены, паглядзіце, як згуртаваліся беларусы. Хутка сабралі сродкі, правялі ў апошні шлях. Мне здаецца, гэта такая сутнасць нас, беларусаў.
Адзін з прысутных на выставе прасіў ананімна перадаць яго словы ў нашым эфіры:
-Апошнія 28 гадоў беларускія ўлады так любяць казаць, што Беларусь – гэта краіна-пераможца фашызму, але яны забываюць, што робяць зараз тое ж самае.
Аляксандр Кабанаў
Былы палітвязень, блогер, член каманды By_Pol Аляксандр Кабанаў ведае, што навіны пра акцыі салідарнасці падымаюць маральны і душэўны стан людзей за кратамі. Такія акцыі таксама скіраваныя да еўрапейцаў і еўрапейскіх палітыкаў:
-Я спрабаваў паразмаўляць з людзьмі ў той жа Польшчы. 21 траўня я бачыў людзей, як польскія хлопцы і дзяўчаты праходзілі каля нашай інсталяцыі, пыталіся, што гэта. Дзяўчаты пачыналі плакаць, у хлопцаў у вачах былі слёзы. Яны шмат чаго не ведаюць. Яны павінны даведацца пра Беларусь і рэжым Лукашэнкі як мага больш. А да еўрапейскіх палітыкаў ёсць пасыл, што так, зразумела, ёсць пытанне вайны з Украінай, але і ёсць тэма Беларусі. Калі яны спрабуюць аддзяліць гэтую тэму ад гэтай падзеі, то гэта несправядліва і няправільна. Бо гэтыя людзі сядзяць у тым ліку з-за таго, што яны былі супраць гэтай вайны, супраць палітыкі Лукашэнкі. І таксама дзякуючы таму, што ў нас у Беларусі ўсталяваўся такі рэжым, Расія здзейсніла агрэсію супраць Украіны з удзелам беларускіх уладаў.
Кіраўнік НАУ Павал Латушка гаворыць, што яму не хапіла вельмі мала, каб яго здымак таксама апынуўся на інсталяцыі. Адначасова, ён звяртае ўвагу, што еўрапейскія партнёры апазіцыі не разумеюць юрыдычнай сілы:
-Я ўдзячны, што дзякуючы падтрымцы польскага амбасадара Артура Міхальскага мне «не хапіла» аднаго дня, каб таксама быць палітвязнем, як і мой дваюрадны брат Анатоль Латушка і шмат хто іншы. Тым больш я маю абавязак пра гэта казаць. Калісці ў Празе мая першая сустрэча была з міністрам замежных спраў, я падумаў, што мае знаёмыя, якія сядзяць, не могуць цяпер размаўляць, а ці я маю права здацца і не весці барацьбу? Не маю. Таму я буду весці барацьбу. Пытанне ў тым, як вызваліць палітзняволеных. Я лічу, што нашыя партнёры ў Еўропе не разумеюць юрыдычнай сілы, якую не выкарыстоўвае ніхто. Не выкарыстоўваюць універсальнай юрысдыкцыі за гвалт у адносінах па палітзняволеных. Шмат у якіх краінах – Літве, Польшчы, Чэхіі, Германіі – беларусы падалі заявы ў следчыя органы, каб узбудзіць крымінальныя справы па фактах гвалту. На жаль, пакуль няма ніводнага выніку. Мы сустракаліся з пракурорамі, міністрамі юстыцыі, мы чулі абяцанні, але вынікаў няма. Калі сёння парушаецца міжнароднае права ў кантэксце злачыннасці супраць чалавечнасці, гэта самая высокая катэгорыя злачынстваў і караць за гэта мае права кожная краіна. Мы кажам: давайце створым трыбунал па фактах злачыннасці супраць чалавецтва, гэта ў рэзалюцыях прынялі Еўрапарламент, іншыя арганізацыі. І дзе? Ніхто не хоча ўзяцца за гэта. Беларуская апазіцыя не ў стане гэта зрабіць. Мы лабіруем гэта, але рашэнне павінен прыняць урад адной ці некалькіх краін. Усё ж такі мы не стаім на месцы.
Выстава ў Музеі Вольнай Беларусі можна глядзець да 8 чэрвеня.
слухайце аўдыё
ав