Спадарыня Святлана разам з мужам і двумя дочкамі апынулася ў Польшчы год таму. Далей знаходзіцца ў Беларусі было ўжо нельга. І жанчына, і яе муж гэта добра разумелі: забралі знаёмых, сяброў… Чарга падыходзіла, а таму сабралі рэчы і з’ехалі.
Іх сям’я жыла побач з Мінскам, мелі ўласны дом, надзел зямлі, дзеткі вучыліся ў сталічнай беларускай гімназіі. Муж працаваў у сферы ІТ, спадарыня Святлана займалася домам і дзецьмі. У яе дзве вышэйшыя адукацыі. Паводле першай – юрыст-палітолаг, а па другой – інжынер-будаўнік. Распавядае, што абедзве прафесіі ёй падабаліся. Але так склалася, што працаваць ні па адной не атрымалася: гадавала дзетак.
Згадвае, што падчас вучобы на юрыдычна-паліталагічным факультэце ўжо на трэцім курсе зразумела, што працаваць па гэтай спецыяльнасці ў беларускіх рэаліях не зможа. Падчас практыкі пабачыла, як ідэолагі, імітуючы працу, чытаюць з раніцы прэсу і чырвоным маркерам адзначаюць усё дрэннае, што напісана пра ўладу, а зялёным – усё, што добра.
Будучы студэнткай, задавала пытанні лектарам з Канстытуцыйнага суда – чаму ў нашай краіне Закон не адзін для ўсіх? На што тыя разводзілі рукамі і нічога ўцямнага адказаць не маглі. І як вынік – праз дзесяць гадоў пасля вучобы амаль ніхто з яе аднакурснікаў у дзяржаўнай сферы ўжо не працаваў.
- Я пыталася ў аднакурснікаў, чаму пасыходзілі. Маўляў, адразу працаваць было нармальна, нешта хацелася рабіць, а потым ты разумееш, што твайму начальству гэта непатрэбна. І ты вось з гэтай ідэяй носішся па будынку ў цэнтру Мінску і нікому не патрэбен.
Будаўнічая спецыяльнасць таксама дарагая для маёй суразмоўніцы. Яна з гонарам распавядае, што сама праектавала свой дом, непасрэдна ўдзельнічала ў будаўніцтве і гэтая прафесія яе проста зацягнула.
Людзі не ведалі, што рабіць
Перад выбарамі 2020 году спадарыня Святлана ўжо мела дастатковы досвед удзелу ў падобных кампаніях. Яна была цалкам перакананая ў тым, што заранёў усё вядома, а таму адмыслова за выбарчай кампаніяй не сачыла. Да таго, у іх былі свае будзённыя клопаты: дом, малыя дзеці…
- Нават у нас ва ўніверсітэце заўсёды казалі: перамагае не той, хто галасуе, а той, хто лічыць.
Хаця ўсё ж некаторыя рэчы яе здзіўлялі. Прынамсі тое, што ў кампаніі бяруць удзел такія кандыдаты, як Бабарыка, Цапкала, у якіх быў пэўны досвед, працавалі на высокіх пасадах, мелі рэпутацыю сур’ёзных людзей. Але ж мінулыя выбары падказвалі, што ўсё гэта ізноў не будзе мець працягу.
- Я думала, што існуе чарговая дамова з гэтымі кандыдатамі і Лукашэнкам, бо папярэднія гады так і было. А так, каб чалавек, у якога столькі за плячыма, які бізнесмен – навошта яму сунуцца ў выбары? Ён што, не ведае папярэдніх вынікаў? Для нас гэта было дзіўна, бо ўсе папярэднія кандыдаты – хто адсядзеў за кратамі, а хто вымушаны быў з’ехаць.
І толькі падчас саміх выбараў і ўвечары 9-га жніўня спадарыня з мужам зразумелі, што адбываецца нешта незвычайнае. Уражвала колькасць людзей на выбарчых участках.
- Былі пары ад 20 да 40 – стаялі, за ручкі трымаліся, былі пенсіянеры – шмат людзей прыйшло. Памятаю, мы стаім, а да нас моладзь падыходзіць і пытаецца: а што далей, куды ісці? Людзі не ведалі канкрэтна, што і як рабіць, яны проста выйшлі… Я не магла дапусціць, каб дзеці гэта пабачылі.
Пасля перажытага шоку ў першыя дні пратэстаў было страшна. І страшна за тое, што дзеці маглі б болей не пабачыць сваіх бацькоў і тыя катаванні…, спадарыня Святлана не можа гаварыць пра гэта без слёз…
- Я наагул пацыфіст і не разумею, як можна такое рабіць з іншымі людзьмі… Тут кожны раз падумаеш, ці варта павука забіваць – можа лепш яго выставіць на вуліцу… А тут такое адбываецца з людзьмі…, мне было страшна.
Нягледзячы на страх, удзельнічалі ва ўсіх маршах, падтрымлівалі людзей і маральна, і фінансава. Многія тады, як згадвае суразмоўніца, былі перакананыя ў перамозе, нават не накладалі масак, ішлі з адкрытымі тварамі.
- Я ўбачыла шмат народу 16-га жніўня, але зразумела, што гэтага недастаткова. Я бачыла, што ў людзей на тварах быў страх, і на гэтым можна сыграць. А потым пачаліся затрыманні, прычым, такія абсурдныя – за што? І ўсё ператварылася ў тое, што ты прачынаешся раніцай і думаеш: ну, сёння дзверы цэлыя, то дзень яшчэ пражывем.
І, хоць страх панаваў, як згадвае жанчына, ужо ўвесь час, але гэта быў страх не за тое, што прыйдуць і арыштуюць, пасадзяць на 15 гадоў – баялася, што забяруць дзяцей альбо яны гэта ўсё пабачаць.
- У нас быў выпадак, калі затрымлівалі знаёмага. І затрымлівалі пры дзіцяці. Дзіця малое, бацьку паклалі на падлогу, наставілі аўтамат, крычалі, што заб’юць, мацюкаліся – і ўсё гэта пры дзіцяці. Я глядзела на сваіх дзетак і не магла дапусціць, каб яны гэта пабачылі…
Спадарыня Святлана сказала мужу, што трэба рыхтавацца да ад’езду, бо, маўляў, яны знойдуць усіх. Апошняй кропляй стала распачатая Расіяй вайна супраць Украіны.
- Было цяжка пакідаць дом, ехаць у іншую краіну, здымаць кватэру. Я ніколі не марыла пераязджаць, не была ніколі ў Польшчы і мовы польскай нават ні разу не чула. Але страх, што прыйдуць, забяруць нас і забяруць дзяцей у дзіцячы дом…
Паехалі туды, дзе ўжо былі знаёмыя. Дзеці адразу пайшлі ў школу, а муж працягваў працу ў ІТ. Спадарыня Святлана ізноў засталася за хатнюю гаспадыню. Праўда, вольнага часу амаль не было, бо даводзілася разам з дзецьмі вучыць польскую мову.
Дзякуючы спагадліваму стаўленню польскіх педагогаў, справы ў беларускіх дзяўчынак сталі хутка наладжвацца, авалодалі мову і пачалі вучыцца нараўне з польскімі дзеткамі. А вось да некаторых рэчаў так і не прывыклі.
Аказалася, што коцік застаўся там, па ім сумуюць, плачуць, малююць яго. Там засталіся сябры… Хаця яны з мужам рыхтавалі іх да таго, што едуць у новую краіну, там будзе цікава, пойдуць у новую школу, а сябрам у Беларусь будуць тэлефанаваць.
- Гэта я была ў такім стане, што з’язджаю і ніколі магу не пабачыць ні дом, у якім пажылі толькі пяць год, ні матулю, бо, можа, калі яна памрэ, я не змагу прыехаць, ні сястру не пабачу. Але гэта я так з’язджала, а дзеткам сваім так не казала.
Каб мінімізаваць стрэс у дзяўчынак, бацькі перавезлі з Беларусі ў Польшчу іх мэблю, цацкі, кніжкі, посуд – каб усё ў іх было сваё, да чаго яны ўжо прызвычаеныя. Тым не менш, час ад часу дзеці кажуць, што хочуць дадому.
- З бабуляй паразмаўляла і пайшла плакаць. Значыцца, яна насумавалася, а бабуля ёй ката паказала.
Бацькі паклапаціліся, каб дзеці не забывалі родную мову. Самі размаўляюць па-беларуску і падаюць прыклад дзяўчынкам.
- Я забрала з дому ўсе беларускамоўныя кнігі. Для нас норма, каб кожны дзень было прачытана частка на беларускай і частка на польскай мове.
А вось сама спадарыня Святлана найбольш сумуе па свайму дому, які сама будавала.
- Я па дому сумую, я ніколі не хацела з’ехаць. Я люблю вандраваць, але ў мяне ніколі не было такога, што, маўляў, там на Захадзе добра, а ў нас дрэнна. Не, на Захадзе таксама ёсць свае пытанні. Я заўсёды хацела прынесці да дому нешта лепшае. Я хацела б, каб Беларусь была непадобнай на Захад, а каб на нас усе раўняліся…
А таму, паводле яе, пры першай жа магчымасці – вяртацца. Толькі, калі гэта можа здарыцца – ясных думак няма.
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл