Беларуская Служба

«На канцэрце атмасфера была хатняя, як да матулі прыехаць у госці» – як жывецца беларусам у краіне на беразе Атлантыкі

16.06.2023 06:02
«Бачна, што людзі сумуюць па сваёй культуры, па беларускасці, сумуюць па сваёй мове». 
Аўдыё
  • «На канцэрце атмасфера была хатняя, як да матулі прыехаць у госці» – як жывецца беларусам Партугаліі
На пачатку ліпеня беларусы Партугаліі правядуць Купалле www.eventbrite.pt

У апошнія тры гады назіраецца вялізная хваля эміграцыі з Беларусі. Беларусы эмігруюць у розныя куткі свету, але найперш у еўрапейскія краіны, у тым ліку так «далёкія», як Партугалія. Жывучы ў краіне на беразе Атлантыкі, беларусы не забываюць пра радзіму, арганізоўваюць культурныя, грамадскія і палітычныя мерапрыемствы. Пра іх нам сёння раскажа жыхарка Лісабону Кацярына Дрожжа, якая пераехала ў Партугалію яшчэ да падзей 2020 года. Яна прымае актыўны ўдзел у беларускім жыцці партугальскай сталіцы.

Нядаўна ў Лісабоне прайшоў канцэрт гурту Naviband. Выступленне беларускіх артыстаў, якія цяпер жывуць у Варшаве, было вельмі цёпла ўспрынятае беларускімі жыхарамі партугальскай сталіцы.


Анонс канцэрту Naviband у Лісабоне. фота: Instagram/pradmova_cultural_ngo Анонс канцэрту Naviband у Лісабоне. фота: Instagram/pradmova_cultural_ngo

«Бачна, што людзі сумуюць па сваёй культуры, па беларускасці, сумуюць па сваёй мове. На канцэрце атмасфера была хатняя, як да матулі прыехаць у госці», – сказала Кацярына Дрожжа, якая была адным з арганізатараў мерапрыемства.

Беларускія мерапрыемствы, у тым ліку канцэрты, наведваюць таксама партугальцы і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. Паводле Кацярыны, партугальцы на выступленні Зміцера Вайцюшкевіча казалі, што ўпершыню чуюць такую мілагучную мову. «Яны хоць нічога і не разумелі па беларуску, то мова і музыка ім вельмі спадабалася», – кажа суразмоўца. Беларусы Партугаліі праводзіць шматлікія і разнастайныя імпрэзы: «Гуканне вясны», іншыя святы і народныя абрады, а ў бліжэйшых планах – Купалле.

Больш за тое, праходзяць таксама дэгустацыі страў беларускай кухні. «Партугальцы, праўда, не былі здзіўленыя нашай кухняй, бо самі ядуць шмат бульбы. Але вось індыйцу вельмі спадабаўся беларускі боршч – ажно тры талеркі з'еў! Цяпер, калі ён прыходзіць да мяне ў госці, я заўсёды гатую беларускі боршч», – з радасцю гаворыць спадарыня Кацярына.


Кацярына Дрожжа на беразе Атлантычнага акіяну. Прыватны архіў Кацярына Дрожжа на беразе Атлантычнага акіяну. Прыватны архіў

Беларусы Партугаліі не ў баку і ад палітычных мерапрыемстваў: яны актыўна падтрымліваюць Украіну і ўкраінцаў, ходзяць на дэманстрацыі і іншыя масавыя мерапрыемствы, збіраюць і пераводзяць грошы для ўкраінскіх змагароў. Праўда, стасункі з украінцамі не заўсёды добрыя.

«Часам адносіны складваюцца складана і неадназначна, бо нярэдка чую, маўляў, вы беларусы – акупанты, таму не маеце права прыходзіць на нашы маніфестацыі. Я лічу, што з імі трэба размаўляць і тлумачыць, што ў нас становішча таксама цяжкае (...). Але ёсць шмат украінцаў, якія нас падтрымліваюць», – падкрэслівае Кацярына Дрожжа і дадае, што яна і яе сябры ладзяць таксама маніфестацыі ў падтрымку Беларусі і расказваюць пра сітуацыю на сваёй радзіме прадстаўнікам партугальскіх СМІ.

Валеры Саўко

размова цалкам – слухайце аўдыёфайл