Штодзённа людзі за кратамі сустракаюцца з насіллем. Каб чарговы раз нагадаць пра катаванні над палітзняволенымі, «Прававая ініцыятыва» ў супрацоўніцтве з шэрагам іншых арганізацый зладзіла Тыдзень супраць катаванняў.
Пасля выбараў 2020 года Беларусь сутыкнулася з рэкордным узроўнем гвалту. З 9 па 12 жніўня толькі афіцыйна затрымалі больш за 7000 мірных пратэстоўцаў. Дакладных лічбаў пра колькасць рэпрэсаваных за 2021 і 2022 год няма дагэтуль, але лік ідзе на тысячы. Рэпрэсіі працягваюцца і пасля ўварвання Расіі ва Украіну.
Тыдзень супраць катаванняў распачынаецца сёння, 19 чэрвеня. Арганізатарам з’яўляецца праваабарончая арганізацыя «Прававая ініцыятыва», адным з суарганізатараў – Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў.
Менеджарка па камунікацыйнай частцы Камітэту і адна з арганізатарак Тыдня супраць катаванняў гаворыць, што пра насілле за кратамі гаварыць нялёгка, аднак трэба, каб рэжым не адчуваў сябе камфортна і разумеў, што прыйдзе час расплаты.
-Тыдзень патрэбны, каб падтрымаць ахвяр катаванняў. Мы ведаем, што пра гэта цяжка гаварыць, таму мы вельмі імкнемся шукаць розныя фарматы. Менавіта такую мэту мы ставілі ў гэтым годзе. Розныя фарматы, каб па-рознаму камунікаваць з людзьмі. У гэтым годзе запланаваныя, напрыклад, спектаклі, квізы, перформансы. Мы нават робім дзень адчыненых дзвярэй у музеі КДБ з гукавой інсталяцыяй. Вельмі разнастайныя імпрэзы, каб з кожным паразмаўляць на той мове, на якой яму камфортна размаўляць. Больш сур’ёзныя імпрэзы таксама ёсць: публікацыя новых расследаванняў, прэзентацыя БХК, напісанне лістоў, чыткі гісторый, лекцыя пра псіхалагічную падтрымку. Вельмі шырокі спектр, каб кожны знайшоў нешта для сябе, а тэма заставалася ў фокусе.
Камітэт па расследаванні катаванняў мае тры галоўныя напрамкі працы. Першы і самы галоўны – дакументацыя катаванняў.
-Мы збіраем доказы ў адзіную базу, каб ніводны доказ ніводнага злачынства не згубіўся. Гэта нашая галоўная мэта. Пакуль да адказнасці прыцягнуць немагчыма, і каб не чакаць, мы робім справаздачы і расследаванні. Справаздачы – больш шырокі дакумент, які накіроўваецца ў міжнародныя арганізацыі. Расследаванні – гэта храналогія падзей злачынстваў у розным РАУС на пачатку жніўня 2020 году. Часамі гэта нават пагадзінная храналогія таго, што адбывалася з людзьмі. Галоўнае – мы робім апазнанне злачынцаў. У канцы заўсёды ёсць спіс з імёнамі і фота. Мы лічым, што гэта наша вялікая задача. Мы хочам, каб рэжым ведаў: мы сочым, бачым кожнае злачынства. У будучыні мы будзем ведаць усё.
Трэці накірунак – гэта ўніверсальная юрысдыкцыя. Гэта магчымасць распачаць крымінальную справу ў іншай краіне дзякуючы таму, што катаванні ў Беларусі прызнаныя злачынствамі супраць чалавецтва. Першыя крокі ў гэтым напрамку зробленыя ў Літве.
Дакументатарка Камітэту адзначае, што катаванні не спыніліся, яны працягваюцца па сённяшні дзень, аднак яны набылі іншую форму. Раней пераважала фізічнае насілле, цяпер – псіхалагічнае.
-Ствараюцца максімальна невыносныя ўмовы, каб чалавеку там было максімальна цяжка знаходзіцца. Каб чалавека зламаць, падавіць яго волю. Некаторыя прыклады катаванняў: перапоўненыя камеры, катаванне холадам, хлорка, падсадка дэструкцыйных людзей, бяздомных з вошамі, педыкулёзам. Не выдаюцца сродкі гігіены, матрацы, забароненыя перадачы. Пазбаўленне перапіскі, камунікацыі са знешнім светам. Пастаянны прэсінг, прыніжэнне, абразы. Падабраныя такія супрацоўнікі, якім падабаецца ўсё гэта рабіць, якія атрымліваюць задавальненне ад здзеку над іншымі. Палітычных, як правіла, ставяць на прафулік і выдаюць жоўтую бірку, як схільным да экстрэмісцкай дзейнасці. Да іх чапляюцца па дробязям, як расшпілены гузік. У калоніях саджаюць у ШЫЗА, людзі толькі выходзяць, а яго ізноў туды кідаюць. Пра тое, як там страшна, мы атрымліваем інфармацыю ад людзей, якія ўжо адсядзелі свой тэрмін, выехалі за мяжу і могуць расказаць пра іншых. Там ствараюцца ўмовы, каб чалавек пакутаваў кожны дзень.
Сабраныя сведчанні пацярпелых захоўваюцца ананімна, бяспеку чальцы Камітэту ставяць на першым месцы. Нават не ўсе члены Камітэту маюць доступ да саміх гісторый. У сваю чаргу справаздачы і расследаванні выкладзеныя на сайце Камітэту.
Падрабязны план Тыдня супраць катаванняў можна знайсці тут.
ав
слухайце аўдыё