Сайт Forsal.pl цытуе нямецкае выданне Bild, якое піша пра стаўленне да габрэяў у Германіі. Яны ад страху «стараюцца стаць нябачнымі». Шматлікія арабскія эмігранты ў Берліне святкавалі, калі 7 кастрычніка стала вядома пра налёт баевікоў ХАМАС на Ізраіль, масавыя забойствы габрэяў.
Калі вы габрэй, вы не можаце пра гэта забыць: «Арабы з сектара Газа масава нападалі на людзей на поўдні Ізраіля, каб катаваць і забіваць іх. Той, хто гэта святкуе, таксама можа быць забойцам», цытуе выданне аўтара тэксту. Габрэйскія газеты цяпер рассылаюць у канверце без апазнавальных знакаў, суседзі не павінны ведаць, што ў доме жывуць габрэі.
Па гэтай жа прычыне з дзвярэй знікае мезуза (традыцыйная ёмістасць з пергаментам, на якім напісаны фрагмент Торы). А берлінцы, якія маюць традыцыйнае габрэйскае прозвішча, выдаляюць яго са сваіх дзвярэй.
«Некалькі гадоў таму мы пыталіся, ці можна свабодна перасоўвацца з зоркай Давіда ў раёнах, дзе пражываюць туркі і арабы. Цяпер гэтае пытанне непатрэбнае, яго ўжо ніхто не адважваецца задаваць. Нават ва ўласным доме некаторыя габрэі ўжо не адчуваюць сябе ў бяспецы», – адзначае аўтар. «Адна жыхарка Берліна сказала мне, што дастаўшчык пазнаў у ёй габрэйку, пачаў абражаць і кінуў пасылку пад ногі».
Агулам 159 габрэйскіх установаў у Берліне несупынна ахоўвае паліцыя. З 1,5 тыс паліцэйскіх, якія ахоўваюць розныя абʼекты, амаль палова зараз займаюцца выключна аховай сінагог, габрэйскіх школ і дзіцячых садкоў.
нг