Беларуская Служба

Сёння Сусветны дзень радыё, а Польскае радыё адзначае сёлета сто гадоў

13.02.2025 15:51
13 лютага адзначаецца Сусветны дзень радыё, які быў абвешчаны ЮНЕСКА ў 2011 годзе ў памяць аб адкрыцці Радыё Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у 1946 годзе.
13 lutego obchodzony jest Światowy Dzień Radia
13 lutego obchodzony jest Światowy Dzień RadiaShutterstock

Сёлетні Дзень радыё праходзіць пад дэвізам: «Радыё і змены клімату». Такім чынам падкрэсліваюцца шматлікія магчымасці, якія прапануе радыёвяшчанне для агалошвання праблем змены клімату.

З самага пачатку (першае публічнае вяшчанне мела месца ў 1914 г. у Бельгіі) радыё мела вялікае значэнне як сродак і крыніца інфармацыі, і ўплывала на жыццё грамадстваў. Першай краінай, якая пачала рэгулярнае радыёвяшчанне, былі ЗША ў 1920 годзе. Праз два гады была заснавана Брытанская вяшчальная карпарацыя (ВВС).

Радыё дасягае самых аддаленых куткоў зямнога шара. Яго можна слухаць дзе заўгодна, у тым ліку там, дзе не працуе мабільнае сувязь.

«Нягледзячы на ​​тое, што радыё мае шмат канкурэнтаў, яно па-ранейшаму застаецца вельмі папулярным СМІ», - падкрэслівае медыяэксперт Мацей Мразоўскі:

— Моц радыё заключаецца ў тым, што яно супарваджае чалавека ў штодзённым жыцці. Тэлебачанне трэба глядзець, газету ўзяць у рукі, прысесці і чытаць, а радыё можна слухаць як медыя, якое суправаджае падчас рознай актыўнасці. У прыватнасці, калі ў нас  праца анлайн, ці іншыя заняткі дома, радыё выконвае ролю таварыша.

Пачаткам радыёвяшчання ў Польшчы лічыцца 1 лютага 1925 года, калі з вяшчальнай станцыі «Польскага радыётэхнічнага таварыства» ў Варшаве на вуліцы Нарбута пайшла ў эфір першая эксперыментальная радыёперадача. Праз паўгода, 18 жніўня 1925 г., была створана кампанія «Польскае радыё».

Дзякуючы вытворчасці радыёпрыёмнікаў, якая пачалася ў 1920-х гадах, радыё аказвала ўсё большы ўплыў. Для значнай часткі польскага насельніцтва радыёпрыёмнікі былі першай хатняй электроннай прыладай, хоць і не былі дасканалымі, калі гаворка ідзе пра прыём - кажа Яцэк Ціхоцкі з Варшаўскага тэхналагічнага ўніверсітэта.

— Тэхніка ўзмацнення сігналу толькі развівалася. У першых радыёпрымачах не было часткі, якая ўзмацняе сігнал. Таму неабходнай была высокая антэна, крысталічны дэтэктар і навушнікі. Праз навушнікі меў магчымасць слухаць радыё толькі адзін чалавек. Калі напрыканцы дваццатых і пачатку трыццатых гадоў з'явіліся радыёпрыёмнікі з электроннымі лямпамі, тады сігнал малой частаты ўзмацняўся і можна было гучна слухаць радыё.

Гісторыя польскага радыёвяшчання непарыўна завязаная з даваенным Радыётэхнічным таварыствам — Elektrit, якое пабудавала ў Вільні найбуйнейшы ў краіне завод сучасных радыёпрыёмнікаў. Яны экспартаваліся ў канцы 1930-х гадоў у дзясятак краін Еўропы і свету. На заводзе Elektrit працавала больш за тысячу рабочых. Яны выраблялі радыёпрыёмнікі пераважна з польскіх камплектуючых.

Ежы Ляманьскі (Jerzy Lemański) з Нацыянальнага тэхналагічнага музея расказаў, што кампанія прымала ўдзел ва ўсіх буйных міжнародных кірмашах і выставах, заваёўваючы ўзнагароды і медалі.

— Перад  Другой сусветнай вайны ў Польшчы вырабляліся дасканалыя радыёпрыёмнікі, а краіна была ў лідарах еўрапейскіх вытворцаў. Віленскі Elektrit па сутнасці дыктаваў каноны радыётэхнічнай моды. Галандскі Philips пабойваўся канкурэнцыі Elekrit.

Менавіта ў Вільні ў 1928 годзе пачало сваю дзейнасць Польскае радыё Вільня, чацвёртая рэгіянальная радыёстанцыя пасля радыёстанцый у Кракаве, Познані і Катавіцах. Перад вайной радыёстанцыі былі таксама ў Львове, Лодзі, Торуні і Баранавічах.

Гісторыю баранавіцкай радыёстанцыі апавядае гукарэжысёр Польскага радыё, даследчык польскай радыёфаніі Кшыштаф Саган:

— Спачатку будаўніцтва пачалі ў Баранавічах і гэта выклікала вялікае здзіўленне, бо горад быў невялікі і даволі малады. Адпаведна, былі перасцярогі, ці дастаткова жвавае ў горадзе культурнае ды грамадскае жыццё, каб было чым запоўніць эфірны час пасля запуску радыёстанцыі. Аднак па геаграфічных меркаваннях, перавага была аддадзена менавіта Баранавічам, якія знаходзіліся прыблізна на сярэдзіне шляха паміж Брэстам і Наваградкам. Меркавалася, што дзякуючы радыёстанцыі ў Баранавічах можна будзе ахапіць тэрыторыю адразу двух ваяводстваў.

Будаўніцтва радыёстанцыі ў Баранавічах пачалося ў ліпені 1937 года і працягвалася да вясны 1939-га. Радыёстанцыя размясцілася на ваколіцах гораду па тагачасным адрасе вуліца Габрыеля Нарутовіча, 72. Вяшчанне радыёстанцыі ў Баранавічах было спынена 16 верасня 1939 года праз пашкоджання адной з антэн, а ўжо наступнага дня Баранавічы былі занятыя Чырвонай Арміяй.

Дынамічнае развіццё польскага радыёвяшчання было перапынена выбухам Другой сусветнай вайны. Немцы канфіскавалі прыёмнікі і пад пагрозай смерці забаранілі палякам слухаць радыё. Акупанты таксама канфіскавалі архівы Польскага радыё, частку знішчылі, частку вывезлі ў Трэці Рэйх. Пасля вайны Польскае радыё, як адзінае ў свеце, мусіла адбудоўвацца з нуля.

Сёння Польскае радыё прапануе слухачам пяць агульнанацыянальных праграм, у тым ліку і нашая Праграма замежнага вяшчання Польскага радыё.

З 1994 году Польскае радыё з'яўляецца сябрам Еўрапейскага Вяшчальнага Звязу – EBU.

IAR/яс

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка

У міжваеннай Польшчы для запуску радыё ў Баранавічах мадэрнізавалі мясцовую электрастанцыю

11.10.2023 16:54
У кастрычніку 1938 года радыёсігнал з Баранавічаў быў даступны ў радыусе 120 км, што дазваляла ахопліваць большую частку Наваградскага ваяводства і паўночнае Палессе аж па мяжу з Савецкім Саюзам.