Пачынала з таго, што яшчэ раз навучалася сваёй прафесіі
Спадарыня Алеся – прафесійны масажыст. Адмысловую адукацыю яна атрымала яшчэ ў Беларусі і мела досвед працы. Але ў Польшчы працягнула навучанне ў паліцыяльнай школе па сваёй спецыяльнасці і не шкадуе пра гэта, хаця прызнаецца, што вучыцца было вельмі складана з-за недастатковага валодання польскай мовай.
— Для мяне было цікава навучацца ў паліцыяльнай школе, хоць я ўжо была гатовым спецыялістам. Шмат чаго новага з медыцынскіх ведаў даведалася, таго, чаго ў Беларусі не вывучалі альбо я ўжо забылася. Школа пакінула прыемнае ўражанне.
Урокі польскай даваліся няпроста
Нягледзячы на тое, што прафесійная падрыхтоўка спадарыні Алесі цалкам адпавядала патрабаванням, з мовай давялося доўга працаваць, і гэты працэс, паводле яе, працягваецца дагэтуль.
— Мне пашанцавала, што адразу ўзялі на працу ў салон па дамове аб працы. Я мінула гэты складаны перыяд, калі трэба было шукаць працу. Зразумела, кліентаў давялося напрацоўваць. Маімі першымі кліентамі пераважна былі палякі. Спрабавала нешта там “чык-чырыкаць”, перапрашала, было няёмка, але людзі бачылі, што я стараюся, хачу размаўляць. І паціху, запісваючыся на курсы, шмат чытаючы па-польску, дасягнула выніку. Зразумела, што акцэнт у мяне застаецца, але я не імкнуся яго пазбавіцца. Да гэтага часу чытаю па-польску, гляджу фільмы, і сярод маіх кліентаў стала болей палякаў. Хаця ў нас ёсць кліенты і беларусы, і ўкраінцы, і палякі, і рускія, і амерыканцы. Зразумела, што на ўсіх мовах ты не гаворыш, але твой абавязак – прыняць іх і абслужыць.
Горад гэты – цудоўны
Спадарыня Алеся згадвае, што і сямейны быт яны наладжвалі паступова, крок за крокам. Многіх рэчаў проста не ведалі, паколькі раней яна ніколі не была ў Польшчы. Але хутка зарыентавалася, што і дзе купляць, як прыгатаваць новыя стравы. Да ўсяго пазітыўнага дадаваўся і сам горад, які адразу спадабаўся.
— Сам горад цудоўны. Я кожную раніцу, прачнуўшыся, казала сабе, што знаходжуся ў раі. Вокны нашай кватэры выходзяць на прыватны сектар, а там прыгожыя сады, кветкі, елкі – усё дагледжанае. Познань стала для мяне сапраўдным трапляннем у сэрца, я зразумела, што гэта мой горад.
Было такое, што лічылі кожны грош
У той самы час суразмоўца кажа, што не варта думаць, нібыта ў яе ўсё складвалася паспяхова. Былі і складаныя моманты, якія давялося перажыць разам з сям’ёй.
— Было такое, што грошы скончыліся, што працы фактычна не ставала, лічылі кожны грош, эканомілі на ўсім. І было страшна, бо дзеці, бо не ведаеш, што будзе заўтра, бо ты ў чужой краіне. Але адначасова ўзнікала такая цікавасць – ці змагу я пераадолець усе цяжкасці? Я не баялася паспрабаваць і зрабіць выклік самой сабе. Некаторы час зарабляла выпечкай. Было вельмі складана, бо днём займалася масажам, а ўначы – выпечкай. Але з часам кліентаў на масаж пабольшала, і я ўжо не паспявала ўсюды. Урэшце муж сказаў: хопіць.
Няпроста, калі ты і швец, і жнец…
З цягам часу спадарыня Алеся адкрыла разам з мужам уласны масажны салон. І, як сама заўважае, адчула на сабе ўсе рэаліі капіталістычнага свету. Паводле яе, у Польшчы вельмі вялікая канкурэнцыя, і многія салоны яе не вытрымліваюць і зачыняюцца.
— Я была прызвычаеная, што я масажыст і нічым іншым не займаюся. А тут, ва ўласнай справе, ты і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Спачатку было вельмі складана, але ты разумееш, што за цябе ніхто нічога не зробіць. Так, ёсць бухгалтар, але ён робіць не ўсю працу, і шмат што кладзецца на твае плечы. Таму толькі любоў да сваёй прафесіі дае сілы рухацца далей. Мне палякі часта кажуць, што я люблю сваю працу, і чуць гэта – найвялікшая асалода, бо людзі разумеюць гэта праз мае рукі.
Свой бізнес – гэта складана, але цікава
Ці шкадуе яна, што змяніла бесклапотнае жыццё ў Беларусі на капіталістычную канкурэнтную сістэму? Аказалася – не.
— Тут ты становішся іншым чалавекам. Ты наваліў сабе купу перашкод і пераадольваеш іх. Я не хаваю, што плакала некалькі месяцаў пасля таго, як мы адкрылі прадпрымальніцтва. Але калі ты кожны дзень авалодваеш хаця б невялікай прыступкай – гэта кайф. Я не раз пра гэта думала. Там, у Беларусі, нічога гэтага не трэба было – проста хадзі на працу і не думай, як выжыць. Але не кожны зможа. Гэта павінна быць у характары.
Міцкевіч – і польскі, і беларускі паэт…
Спадарыня Алеся распавяла пра сваіх дзяцей. Сын пайшоў у трэці клас у Польшчы і ўжо праз некалькі месяцаў асвоіў мову. А вось дачка пайшла ў ліцэй.
Яна крытычна ставілася да таго, як выкладаюць гісторыю, бо ў беларускіх школах вучылі інакш. Асабліва яе закранула, што Адама Міцкевіча называюць толькі польскім паэтам. Яна прыйшла дадому, падзялілася з маці, і тая параіла ёй аргументавана выказаць сваю пазіцыю настаўніцы.
— На наступны дзень дачка распавяла класу, што ён не толькі польскі, але і беларускі паэт, бо нарадзіўся ў Навагрудку, і прачытала ім цэлую лекцыю. Настаўніца ў выніку сказала, што яна проста нейкі геній!
На палічцы ў офісе спадарыні Алесі стаяць тры тамы Уладзіміра Караткевіча, адзін з якіх падпісаны аўтарам. Гэта кнігі, якія сям’я ўзяла з сабой у эміграцыю як найдаражэйшы скарб.
Спадарыня прызнаецца, што сумуе па блізкіх, сябрах, але змяняецца тое, што многае палюбіла ў Польшчы, у горадзе, дзе жыве. Маўляў, не стае толькі той беларускай прыроды, якую, на жаль, немагчыма забраць з сабою.
Павел ЗАЛЕСКІ