Беларуская Служба

Як рэжысёр паказвае Польшчу ў кінафільме, акцёр якога атрымаў прэмію «Оскар»

04.03.2025 16:19
«Я ўбачыў цудоўнае, сучаснае жыццё, а таксама неверагодныя, гістарычныя мясціны. Гэта захапляльнае спалучэнне старога і новага».
Аўдыё
  • Як выглядае Польшча ў фільме "Сапраўдны боль".
    .             .
Рэжысёр і акцёр Джэсі Айзенберг. Яго партнёр па фільме "Сапраўдны боль" Кіран Калкін атрымаў прэмію Амерыканскай кінаакадэміі. Фота: EPA/JILL CONNELLY

97-я цырымонія ўручэння прэмій Амерыканскай кінаакадэміі «Оскар» пачалася з польскага акцэнту. Кіран Калкін (Kieran Kyle Culkin) атрымаў статуэтку за лепшую мужчынскую ролю другога плану за ўдзел у фільме «Сапраўдны боль». Фільм здымаўся ў Польшчы. Гэта сумесная польска-брытанска-амерыканская кінастужка.

Кіран Калкін грае свабодалюбівага, але часам эгаістычнага Бенджы Каплана, які адпраўляецца разам са сваім стрыечным братам Дэвідам (у гэтай ролі Джэсі Айзенберг) у падарожжа па Польшчы, краіне паходжання іх памерлай бабулі. У сваю чаргу, акцёр і рэжысёр карціны Джэсі Айзенберг (Jesse Adam Eisenberg) кажа, што ён закахаўся ў Польшчу. У яго польска-габрэйскае паходжанне, продкі акцёра прыбылі ў ЗША з Польшчы і Украіны. Акцёр часта падкрэслівае сваю цікаўнасць да Польшчы і адчуванне цесных сувязяў з гэтай краінай, летась ён таксама паведаміў, што падаў дакументы на польскае грамадзянства. Вось як ён казаў пра падарожжа ў Польшчу:

«Я ўбачыў цудоўнае, сучаснае жыццё, а таксама неверагодныя, гістарычныя мясціны. Гэта было для мяне захапляльнае спалучэнне старога і новага».

Айзенберг даўно марыў зняць тут фільм – і яму гэта ўдалося. Яго карціна «Сапраўдны боль» выйшла ў кінапракат 8 лістапада. А надоечы адзін з акцёраў атрымаў прэмію «Оскар». У эфіры Польскага радыё Джэсі Айзенберг распавёў пра сувязі яго сям’і з Польшчай. Ён хацеў пазнаць гэтую дзяржаву, таму што яго цётка Дорыс, якую ў фільме называюць бабуляй Доры, нарадзілася і выхоўвалася ў Польшчы.

- Яна вырасла ў Красныставе і пераехала ў Нью-Ёрк, і яна заўсёды распавядала мне пра свае выдатныя адносіны з палякамі. І гэта было незвычайна, таму што шмат разоў мы чулі ад амерыканскіх яўрэяў, што адносіны паміж палякамі і яўрэямі былі не вельмі добрымі. Аднак я заўсёды чуў адваротнае, і таму я хацеў сюды прыехаць. і сам на ўсё паглядзець, убачыць дом, у якім яна вырасла, і горад, дзе яна жыла ў Красныставе, і калі я прыехаў сюды, у мяне былі проста самыя неверагодныя ўражанні. Я абсалютна закахаўся ў краіну. Я ўбачыў цудоўнае сучаснае жыццё ў Варшаве, Любліне і Кракаве, а таксама гэтыя проста неверагодныя, гістарычна важныя вёскі і помнікі, і я проста адчуў, наколькі гэта цікавае спалучэнне старога і новага, я закахаўся ў краіну, і падумаў, як было б выдатна зняць тут калісьці кінафільм.

Словы аўтара карціны адлюстроўваюць тое, якім чынам Польшча паказана ў фільме. Гэта сучасная дзяржава, хаця ёсць у ёй элементы, якія могуць здавацца састарэлымі, – адзначае кінакрытык Марцін Радомскі (Marcin Radomski).

- Гэта сучасная Польшча, хаця ёсць там элементы, быццам бы ўзятыя з 90-ых гадоў. Напрыклад, старыя таксі, на якіх ездзяць галоўныя героі. Затое цягнікі вельмі сучасныя, як заўважаюць некаторыя гледачы. Агульна кажучы, гэта цікавы вобраз Польшчы – паказаны і вялікія гарады і месцы, у якіх захавалася гістарычная памяць.

Фільм здымалі ў польскім горадзе Красныстаў (Krasnystaw). Улады гэтага населенага пункта ўшануюць амерыканскага акцёра і рэжысёра Джэсі Айзенберга, а таксама здымачную групу, якая здымала ў горадзе сцэны фільму «Сапраўдны боль». З нагоды гісторыі двух стрыечных братоў, якія прыязджаюць у Польшчу шукаць свае карані, у горадзе плануюць зрабіць мураль на месцы, дзе здымалася адна са сцэн, - кажа мэр Красныстава Даніэль Міцюла (Daniel Miciuła).

- Ёсць такая сцэна, якую даволі часта паказваюць у розных трэйлерах да гэтага фільму, – калі Кіран і Джэсі ідуць па нашым горадзе, праходзяць па вуліцы Касцельнай каля дома іх прабабулі. І гэтую сцэну мы хочам паказаць, намаляваць мураль у гэтым менавіта месцы. Мы ўжо заўважылі, што паявіліся турысты, якія адпраўляюцца па той жа трасе, па якой ехалі ў стужцы двое братоў. Таму мы хочам паказаць, дзе здымаліся розныя сцэны ў фільме, каб аматары карціны маглі сюды прыехаць і хаця б зрабіць здымкі.

У кастрычніку мінулага года Джэсі Айзенберг таксама стаў Ганаровым грамадзянінам Красныстава. Афіцыйна тытул акцёру прысвояць у чэрвені гэтага года. Акцёр і рэжысёр атрымаў таксама грамадзянства Польшчы, адзін з элементаў падарожжа прэзідэнта Анджэя Дуды па ЗША - удзел ва ўрачыстасці надання грамадзянства Айзенбергу.

Polskie Radio Trójka/IAR/нг