Беларуская Служба

Каля паловы апытаных жыхароў Польшчы хоча, каб краіна прыняла пакт ЕЗ аб мігрантах

19.06.2023 16:16
Найбольшая група рэспандэнтаў (42,9 адсотка) хацела б, каб краіна звярнулася па сродкі для бежанцаў з Украіны, а 12,7% выступае за безумоўнае прыняцце пакета. 
.  .
Мігранты. Ілюстрацыйны здымак.фота: Alessio Tricani/Shutterstock

Амаль 43% апытаных жыхароў Польшчы хоча, каб дзяржава прыняла новы пакт ЕЗ аб мігрантах, але пры гэтым патрабавала фінансавай падтрымкі ад іншых краін Еўразвязу, таму што яна прымае бежанцаў з Украіны, вынікае з апытання, праведзенага IBRiS на замову выдання Rzeczpospolita.

Польшча павінна прыняць узгоднены ў ЕЗ пакет рашэнняў адносна мігрантаў, якія шукаюць прытулку ў Еўропе – такі вынік апытання, праведзенага кампаніяй IBRiS.

Найбольшая група рэспандэнтаў (42,9 адсотка) хацела б, каб краіна звярнулася па сродкі для бежанцаў з Украіны, а 12,7% выступае за безумоўнае прыняцце пакета. «Гэта азначае, што агулам 55,6 адсотка падтрымліваюць выпрацаваны кампраміс. 32% апытаных прытрымліваюцца супрацьлеглага меркавання. Гэта ў першую чаргу прыхільнікі дзейнай улады, часцей мужчыны, жыхары малых і сярэдніх гарадоў», – чытаем у выданні «Rzeczpospolita».

У сваю чаргу, 12,3% адказалі: не ведаю, цяжка сказаць, у мяне няма меркавання на гэты конт.

Апытанне праводзілася 9-10 чэрвеня на групе з 1000 чалавек.

нг