Беларуская Служба

Праваабаронцы: У Беларусі няма сістэмнай гуманітарнай і медыцынскай падтрымкі для мігрантаў

20.06.2023 10:56
Сусветны дзень бежанцаў, 20 чэрвеня, – міжнародны дзень, заснаваны ААН для асвятлення праблемы бежанцаў ва ўсім свеце. У час глабальных канфліктаў і катаклізмаў бежанцамі, уцекачамі становяцца мільёны людзей.
Аўдыё
  • Паводле ЮНІСЭФ, летась каля дзесяці дзяцей нарадзілася ў нерэгулярных мігрантаў у Беларусі.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Michał Kości / Forum

У 2021 годзе на мяжы паміж Беларуссю і сумежнымі дзяржавамі Еўрапейскага Саюза пачаўся памежны гуманітарны крызіс, калі ў сукупнасці дзясяткі тысяч транзітных уцекачоў прыбылі і працягваюць дагэтуль прыбываць паасобку або групамі ў Беларусь для перасячэння мяжы з ЕС і звароту за міжнароднай абаронаю. Праваабаронцы з арганізацыі Human Constanta адзначаюць у адмысловай справаздачы, што ў 2021 годзе назіралі арганізаванае прыбыццё замежнікаў пераважна з краін Блізкага Усходу па турыстычных візах, то ў 2022 годзе карціна змянілася. Скарачэнне авіярэйсаў з краін Блізкага Усходу ў Беларусь і будаўніцтва новых загарод на мяжы прывялі да змены дынамікі гуманітарнага крызісу і новых праблем для транзітных уцекачоў.

У 2022 годзе ў Беларусі за міжнароднай абаронай звярнуліся 2571 чалавек, рашэнні былі прынятыя ў дачыненні да 1559 асобаў, статус уцекача атрымалі 19 чалавек. Дадатковую абарону атрымалі 1540, з іх 1517 – грамадзяне Украіны. Адмовы былі грамадзянам з Самалі, Конга, Нігерыі.

Праваабаронцы з Human Constanta звяртаюць увагу на неэфектыўны і непразрысты механізм надання абароны ўцекачам у Беларусі.

У 2022 годзе каманда Human Constanta зафіксавала некалькі выпадкаў, калі замежнікам неабгрунтавана адмаўлялі ў прыёме заяў на абарону. Такая практыка склалася ў першую чаргу ў адносінах грамадзян Кубы. Такі падыход уладаў выклікаў страх сярод мігрантаў звяртацца ў міграцыйныя службы, якія з'яўляюцца часткай праваахоўнай сістэмы. У 2021 годзе некаторых замежнікаў, якія звярнуліся ў міграцыйныя органы, прымушалі падпісваць дакументы аб «добраахвотным вяртанні», не тлумачачы змест і сэнс падпісанага тэксту.

У справаздачны перыяд большую частку тых, хто хадайнічае, складаюць замежнікі, якія прыбылі з рэгіёнаў, ахопленых узброенымі канфліктамі (Украіна, Сірыя, Афганістан, Емен, Камерун)», па статыстыцы з 1997 года грамадзяне Самалі, Конга, Нігерыі найчасцей атрымліваюць адмовы ў абароне ў Беларусі. У 2022 годзе агульнае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, працяг рэпрэсіі, у тым ліку, на фоне ўзброенага канфлікту ў Украіне, неэфектыўная сістэма міжнароднай абароны, дзеянні беларускіх уладаў па стварэнню напружання на мяжы негатыўна паўплывалі на становішча замежных грамадзян і людзей без грамадзянства у Беларусі.

Таксама эксперты звяртаюць увагу, што ў Беларусі па-ранейшаму няма сістэмнай гуманітарнай і медыцынскай падтрымкі з боку ўладаў і астатніх арганізацый, асабліва ў зімовы перыяд часу, няма юрыдычнай дапамогі і прававой дакладнасці.

Напрыклад, паводле беларускага заканадаўства, замежнікі, якія заязджаюць у Беларусь, павінны мець полісы медыцынскага страхавання для атрымання экстранай дапамогі ў Беларусі. У большасці транзітных уцекачоў, якія прыбылі ў Беларусь па турыстычным візам, ужо скончыўся тэрмін знаходжання. Гэта азначае, што ў многіх людзей няма дзейнай медыцынскай страхоўкі. Адсутнасць страхоўкі не дазваляе людзям звяртацца ў беларускія медыцынскія ўстановы нават у экстраных выпадках, якія пагражаюць жыццю, бо ім даводзіцца плаціць за неадкладную медыцынскую дапамогу і падвяргаць сябе рызыцы затрыманні або арышту.

Трэба памятаць, што ў час міграцыйнага крызісу людзі папросту гінуць на памежжы – ад холаду, стомленасці, хваробаў. І агульных дадзеных пар колькасць ахвяр няма. Так, паводле звестак літоўскай арганізацыі Sienos Grupe, мінімум 30 чалавек з пачатку мігарцыйнага крызісу прапалі без вестак. Польскія праваабаронцы паведамляюць аб 37 пацверджаных выпадках смерцяў на мяжы з 2021 года. Па дадзеных праекту «Missing migrants project» Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ), за перыяд 2021-2022 пацверджаны 23 выпадкі смерцяў на мяжы Беларусі і ЕС. Да Human Constanta таксама звярталіся 15 сваякоў транзітных уцекачоў, якія перасталі выходзіць на кантакт на тэрыторыі Беларусі і пра лёс якіх да гэтага часу нічога не вядома.

«З пункту палітычнага, адсутнасць справядлівага суду і гэтак далей, Беларусь з’яўляецца вельмі праблематычнай краінай. Але для многіх людзей, якія спрабуюць перайсці Беларусь, гэтая краіна адназначна больш бяспечная, чым спробы ісці ў лес. Канешне, большасць гэта адзіночкі, але таксама шмат і з сем’ямі, ёсць і цяжарныя жанчыны. ЮНІСЭФ паведаміў, што летась каля дзесяці дзяцей нарадзілася ў нерэгулярных мігрантаў у Беларусі», – гаворыць праваабаронца Эніра Браніцкая.

Таксама яна адзначае, што ў памежных лясах дапамагаць мігрантам немагчыма, бо там дзейнічае забарона на знаходжанне без адмысловага дазволу. Але ў краіне застаюцца Чырвоны крыж, Дактары без межаў, якія маюць магчымасці дапамагаць мігрантам.

У Human Constanta ёсць тэлефонная лінія, дзе можна атрымаць патрэбную інфармацыю.

«Ёсць УВКБ – Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, Міжнародная арганізацыя па міграцыі. Таксама ёсць служба кансультавання бежанцаў, яны займаюцца кансультаваннем менавіта тых, хто падаецца на статус бежанцаў. Зразумела, у параўнанні з Польшчай, у Беларусі кола тых, хто займаецца гэтай тэмай, заўсёды было больш вузкім», – заўважае Эніра Браніцкая.

Праваабаронцы з Human Constanta таксама адзначылі, што падчас інтэрв’ю з мігрантамі людзі згадвалі асобаў, якія так ці інакш удзельнічалі ў лагістыцы – таксістаў, нейкіх праваднікоў, але наўпроставых сведчанняў пра тое, што сілавікі падводзілі іх да мяжы, не было. Разам з тым можна згадаць сітуацыю восенню 2021 года, калі вялікую групу мігрантаў развярнулі з дзейнага памежнага перахода і скіравалі ў лес да мяжы.

Эніра Браніцкая адзначае, што пасля завяршэння будаўніцтва агароджы на польска-беларускай мяжы, мігранты пачалі рабіць больш спробаў перайсці мяжу з Латвіяй, аднак далей яны скіроўваюцца ў Літву, дзе памежнікі іх затрымліваюць і вяртаюць назад у Латвію.

У 2022 годзе, нягледзячы на будаўніцтва платоў на мяжы і адмену масавых авіярэйсаў з краін Блізкага Усходу, гуманітарны крызіс не скончыўся. Такія абмежавальныя меры без уліку інтарэсаў транзітных уцекачоў і захавання правоў чалавека не спыняюць міграцыйныя патокі, а толькі пагаршаюць рызыкі і небяспекі для замежнікаў, адзначаюць праваабаронцы. І падкрэсліваюць, што Беларусь і сумежныя краіны ЕС павінны перагледзець свае падыходы да гэтай праблеме і дзейнічаць у рамках міжнародна-прававых стандартаў права на абарону і правоў чалавека.

вх

Мігранты дзеляць Еўропу?

16.06.2023 15:00
За апошнія гады прыток нелегальных імігрантаў стаў сур'ёзным выклікам для краін ЕС. Наплыў мігрантаў ідзе з Поўдня і з Усходу. Брусэль прапануе пераразмяркоўваць мігрантаў па ўсіх краінах ЕС. Дзяржавы Цэнтральнай Еўропы супраць, у першую чаргу Венгрыя ды Польшча.

Каля паловы апытаных жыхароў Польшчы хоча, каб краіна прыняла пакт ЕЗ аб мігрантах

19.06.2023 16:16
Найбольшая група рэспандэнтаў (42,9 адсотка) хацела б, каб краіна звярнулася па сродкі для бежанцаў з Украіны, а 12,7% выступае за безумоўнае прыняцце пакета.