Беларуская Служба

Лідары ЕС заявілі аб непахіснай падтрымцы Украіны, якая змагаецца з расійскай агрэсіяй

24.02.2025 13:55
Еўрапейскі Саюз аказаў Украіне дапамогу на агульную суму 135 мільярдаў еўра, з якіх амаль 50 мільярдаў было накіравана на ваенную дапамогу.
         .
У Кіеў на гадавіну вайны прыехалі высокапастаўленыя прадстаўнікі ўладаў ЕС. Фота: PAP/EPA/Ukrainian Presidential Office HANDOUT

«Мы стаім на баку Украіны і будзем падтрымліваць яе перад абліччам расійскай агрэсіі». Пра гэта заявілі ў сумеснай заяве старшыня Еўрапейскай камісіі і кіраўнік Еўрапейскай рады. Урсула фон дэр Ляен і Антоніу Кошта знаходзяцца ў Кіеве. Яны прыехалі туды на ўрачыстасці з нагоды трэцяй гадавіны поўнамаштабнай расійскай агрэсіі. Яны ўдзельнічаюць у арганізаванай украінскімі ўладамі канферэнцыі па падтрымцы Украіны.

Як гаворыцца ў заяве, жорсткая вайна, якую вядзе Расія, б'е па мірным насельніцтве і крытычнай інфраструктуры, а ўкраінскі народ праявіў неверагодную мужнасць у абароне сваёй краіны. Лідары ЕС нагадалі, што Еўрапейскі Саюз аказаў Украіне дапамогу на агульную суму 135 мільярдаў еўра, з якіх амаль 50 мільярдаў было накіравана на ваенную дапамогу.

«Мы будзем працягваць забяспечваць Украіну рэгулярнай і прадказальнай фінансавай дапамогай», — напісалі Урсула фон дэр Ляен і Антоніу Кошта. Яны таксама адзначылі, што ў складанай міжнароднай і геапалітычнай сітуацыі важна захоўваць трансатлантычную і глабальную салідарнасць з Украінай і імкненне да трывалага міру, заснаванага на ўкраінскай мірнай формуле.

У Кіеве таксама прысутнічаюць прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо, а таксама прэзідэнты Літвы і Латвіі Гітанас Науседа і Эдгарс Рынкевічс. У сталіцу Украіны таксама прыехалі прэм'ер-міністр Даніі Метэ Фрэдрыксен, шведскі прэм'ер Ульф Крыстэрсан, прэм'ер-міністр Іспаніі Педра Санчэс і кіраўнік урада Эстоніі Крыстэн Міхал.

IAR/нг