Беларуская Служба

Уладзімір Зяленскі чакае гарантый бяспекі перад падпісаннем пагаднення з ЗША аб карысных выкапнях

27.02.2025 15:34
«Гарантыі міру і бяспекі — ключ да таго, каб Расія не знішчала жыцці іншых народаў», — заявіў украінскі лідар. 
    ,
Прэзідэнт Украіны ўчора ўвечары заявіў, што дасягнуў папярэдняй дамоўленасці аб пераводзе ў ЗША часткі прыбытку ад гандлю сыравінайPAP/EPA/STRINGER

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не плануе падпісваць пагадненне з ЗША аб доступе да ўкраінскіх карысных выкапняў, калі яно не будзе ўтрымліваць гарантый бяспекі яго краіны. Пра гэта паведамляе брытанскі штотыднёвік The Economist са спасылкай на крыніцу ва ўкраінскім урадзе.

Прэзідэнт Украіны ўчора ўвечары заявіў, што дасягнуў папярэдняй дамоўленасці аб пераводзе ў ЗША часткі прыбытку ад гандлю сыравінай. Аднак ён дадаў, што да падпісання пагаднення чакае гарантый бяспекі сваёй краіны. «Гарантыі міру і бяспекі — ключ да таго, каб Расія не знішчала жыцці іншых народаў», — заявіў украінскі лідар. Ён падкрэсліў, што Украіна павінна ведаць, на што яна можа разлічваць з боку ЗША.

Уладзімір Зяленскі дадаў, што дасягнуты са Злучанымі Штатамі кампраміс па распрацоўцы ўкраінскіх мінеральных рэсурсаў яго краіны з'яўляецца «пачаткам» і «рамачным пагадненнем». Ён адзначыў, што поспех пагаднення будзе залежаць ад перамоваў з амерыканскім прэзідэнтам.

Раней у сераду прэзідэнт ЗША Дональд Трамп афіцыйна абвясціў, што Зяленскі прыбудзе ў Белы дом у пятніцу, каб падпісаць пагадненне аб партнёрстве ў распрацоўцы ўкраінскіх радовішчаў рэдказямельных металаў.

Ён таксама заявіў, што ЗША падтрымаюць любыя міратворчыя сілы з Еўропы, але не патлумачыў, якім чынам.

ав