Беларуская Служба

Выстава ў Вільні раскрывае студэнцкія і творчыя гады Міцкевіча

12.02.2025 16:12
Экспазіцыя ахоплівае 1815-1834 гады, гэта значыць ад прыезду Адама Міцкевіча ў Вільню да выхаду ў Парыжы «Пана Тадэвуша».
Аўдыё
  • Выстава ў Вільні раскрывае студэнцкія і творчыя гады Міцкевіча
Walenty Wańkowicz, Portret Adama Mickiewicza na Judahu skale, 1828, Muzeum Narodowe w Warszawie
Walenty Wańkowicz, Portret Adama Mickiewicza na Judahu skale, 1828, Muzeum Narodowe w WarszawieDomena publiczna/CC0

«Адам Міцкевіч. Ад Вільні да Парыжа». Ва ўніверсітэцкім касцёле святога Яна ў Вільні адчынілася выстава, прысвечаная найбольш актыўнаму перыяду творчасці польскага пісьменніка.

Экспазіцыя ахоплівае 1815-1834 гады, гэта значыць ад прыезду Адама Міцкевіча ў Вільню да выхаду ў Парыжы «Пана Тадэвуша». «Мы абралі гэты перыяд яго жыцця, які распавядае пра яго не толькі як паэта, але і як студэнта», — распавяла Польскаму радыё куратар Аліцыя Дзісевіч з Музею Адама Міцкевіча Віленскага ўніверсітэта. «На выставе можна ўбачыць выданне «Пана Тадэвуша» ў выглядзе кішэннай кніжкі або вінілавай кружэлкі. Мы пакажам, як ён жыў, але будуць і яго творы, выдадзеныя пасля смерці паэта», — тлумачыць Аліцыя Дзісевіч.

Выстава была арганізавана ва ўніверсітэцкім касцёле Святога Яна. Аліцыя Дзісевіч зазначае, што ў храме знаходзіцца першы віленскі помнік Адаму Міцкевічу канца ХІХ ст. «Касцёл святога Яна разглядаецца як пантэон польскіх нацыянальных герояў», — дадае куратар.

Да выставы ёсць магчымасць замовіць экскурсію, прысвечаную студэнцтву паэта. «Дзякуючы выхадам ва ўніверсітэцкія дворыкі, можна будзе больш даведацца пра жыццё паэта», — кажа Аліцыя Дзісевіч.

Адам Міцкевіч пачаў навучанне ў Віленскім універсітэце ў 1815 годзе. Ён пакінуў Вільню праз дзевяць гадоў, калі быў асуджаны на ссылку ў глыб Расіі за ўдзел у тайных моладзевых арганізацыях. Ён назаўжды пасяліўся ў Парыжы ў 1832 годзе.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры