Гаворка ідзе аб прапанове паставіць на галасаванне Каардынацыйнай рады пытанне пра зварот да ўладаў Украіны з мэтай абмяняць Васіля Верамейчыка на беларуса Дзмітрыя Ананчыка, паведамляе «Белсат».
Вядома, што апошні падпісаў кантракт з расійскім войскам і трапіў ва ўкраінскі палон у снежні мінулага года. У інтэрв’ю ўкраінскім медыям ён прасіў, каб яго лёсам заняліся ўлады Беларусі.
«Мы лічым, што гэтыя абставіны стварылі ўнікальную магчымасць для абмену беларускімі ваеннапалоннымі. З нашага боку кандыдатам для такога абмену можа быць Васіль Верамейчык. Баявы афіцэр, які ваяваў за Украіну ў 2022-м, атрымаў раненне і дзяржаўную ўзнагароду Украіны – медаль “Україна – понад усе!” – за ўдзел у выратаванні больш за 60 украінскіх салдат з акружэння ў Мікалаеўскай вобласці ў красавіку 2022 года», – цытуе «Позірк» зварот фракцыі.
Верамейчык таксама быў сябрам Каардынацыйнай рады і апынуўся ў руках беларускага КДБ пасля таго, як яму быў забаронены ўезд ва Украіну. У фракцыі спадзяюцца, што пасля звароту КР кіраўніцтва Украіны не прапусціць магчымасці абмяняць Верамейчыка на Ананчыка.
Нагадаем, Васіль Верамейчык быў затрыманы 13 лістапада мінулага года. Але медыі пра гэта даведаліся толькі 20 лістапада.
Беларусу, які з 2022 года добраахвотнікам абараняў Украіну, забаранілі заставацца ў Еўрасаюзе, бо Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бяспецы – раней ён быў афіцэрам беларускай арміі.
25 верасня 2024 года сталася вядома, што Вярхоўны Суд Беларусі прызнаў полк Каліноўскага і яго структуры – батальёны «Волат», «Літвін», «Western», БПЛА імя Мiкiты Крыўцова, атрады «АТАМ», «Танга-Рамэа», мабілізацыйны цэнтр фонду «Беларускі дом у Варшаве» і рух «Каліноўцы» – «тэрарыстычнай арганізацыяй».
яс