Свята Казюкі ў Вільні адзначаецца з 1636 года і праходзіць да сённяшняга дня ў выхадныя, якія выпадаюць у раёне 4 сакавіка. Кірмаш звязаны з днём святога Казіміра – патрона Вільні і Літвы, першага святога літоўскай зямлі. У перыяд савецкай Літвы ярмарка не карысталася такой папулярнасцю, але з моманту незалежнасці краіны на яе прыязджае ўсё больш людзей, не толькі з Літвы, але і краін-суседак: Латвіі, Польшчы, Расіі і Беларусі.
Літоўцы ў народных касцюмах
У гэтым годзе, нягледзячы на распаўсюд каранавіруса, на Казюкі ў Вільні з’явіліся тысячы людзей, а таксама сотні рамеснікаў і майстроў, якія паказвалі і прадавалі свае вырабы. Кірмаш адбываўся на галоўных вуліцах віленскага старога гораду – Гедыміна, Дыджоі, Кафедральнай і Ратушнай плошчах. Словам – амаль 5 кіламетраў ручных вырабаў, традыцыйнай літоўскай ежы і плюс – канцэрты і мерапрыемствы. Як штогод, на свяце можна было захапляцца беларускімі вырабамі: на фэсце было больш за 20 беларускіх гандлёвых намётаў.
Сярод беларускіх вырабаў можна было знайсці разнастайныя тавары: ад вырабаў са шкла, мёду, упрыгожванняў, да трыкатажу і драўлянага рамясла. Мы паразмаўлялі з некалькімі беларускімі вытворцамі, запыталіся пра іх уражанні ад свята і пра стаўленне наведвальнікаў да беларускіх вырабаў.
- Мы займаемся шклом і крышталем, мы вырабляем не толькі сувеніры, але і рэчы для ўжывання, для хаты, больш за ўсё для ўжывання алкаголю. Тут мы разам з фермерскай гаспадаркай «Мядовая каралева», дзе займаюцца вырабамі з мёду, у іх ёсць мыла, свечы і ўсё астатняе. Мы тут ракламуем нашыя «валожынскія гасцінцы» – Гаворыць Васіль Рубцоў
Майстры з "валожынскіх гасцінцаў"
Сёлетнія Казюкі праходзілі якраз у Міжнародны дзень жанчын, таму кожны, хто забыў купіць падарункі для сваіх блізкіх, мог іх набыць падчас кірмашу. Мы паразмаўлялі з беларускай дызайнеркай Юліяй Сафонавай і запыталіся, ці яе вырабы карыстаюцца папулярнасцю ў Вільні?
- Нам вельмі прыемна размаўляць тут з жыхарамі Вільні. Усе цікавяцца тым што я раблю. Так што, самае прыемнае гэта проста размовы, не на столькі продаж, колькі размова з людзьмі. У мяне свой спосаб вырабу ўпрыгожванняў са шкла, у мяне майстэрня ў Мінску, дзе я вырабляю завушніцы, падвескі, пярсцёнкі і іншыя.
Вырабы Юліі Сафонавай
Казюкі – гэта таксама цудоўная нагода да таго, каб бліжэй пазнаёміцца з вырабамі з больш цяжкіх матэрыялаў. Да іх мы можам аднесці драўніну, якая на свяце была паказаная ў самых нечаканых дызайнерскіх формах. Адным з беларускіх майстроў па драўніне, які прыехаў у Вільню, быў Валянцін Атраш:
- Я вырабляю бырабы з драўніны: талеркі, посуд, столікі для віна, доскі. І прыязджаю з імі кожны год на Казюкі. Тут прыязджае таксама шмат беларусаў, прыходзяць да нас кажуць, што яны з Беларусі, хочуць купіць што-небудзь тут, а не ў Мінску напрыклад. Так што, многа беларусаў, але яшчэ больш палякаў, якія прыязджаюць на аўтобусах, і канешне мясцовыя жыхары.
Драўляны столік для віна для дваіх карыстаўся папулярнасцю сярод наведвальнікаў
Акрамя побытавах прадметаў, наведвальнікі кірмашу маглі набыць і сапраўднае мастацтва. Так, адна з беларускіх мастачак Ірына Калеснікава распавяла пра свае працы і творчасць – карціны з воўны:
- Мая майстэрня называецца «бараш». Я ствараю карціны з натуральнай авечай воўны. У мяне ёсць адмысловы метад стварання, вельмі шмат часу трэба патраціць, каб усё прыгатаваць і замяніць воўну на такія карціны. Я тут ужо пяты раз, так што людзі ведаюць мне, прыходзяць людзі, якія набывалі мае карціны раней і куплаюць нанова – для сяброў, сям’і.
Карцінкі з выявамі жывёл - даволі цікавы падарунак для дзіцяці
Сярод удзельнікаў Казюкоў было шмат беларусаў. Многія вырашылі прыехаць у Вільню толькі для таго, каб убачыць гэтае незвычайнае свята і ўжывую акунуцца ў магію віленскіх Казюкоў. Мы запыталіся пра ўражанні ў беларусаў, якіх сустрэлі на кірмашы:
- Гэта мой першы раз і я вельмі ўражаная, вочы разбягаюцца, хочацца ўсё ўбачыць. Прыемнае мерапрыемства і галоўнае, што тут шмат людзей, а і нашыя беларусы тут – з Мінска, з іншых раёнаў. Агулам, вельмі станоўчыя эмоцыі, менавіта таму што тут усё гэта ручныя вырабы.
Сёлетнія Казюкі адбыліся ў звычайным фармаце, нягледзячы на факт пагрозы распаўсюду каранавіруса.
Урачыстасці з нагоды дня святога Казіміра праходзяць таксама ў Гродне і ў Польшчы: у Познані і Шчэціне.
Альберт Ежы Вяжбіцкі, Вільня
cлухайце аўдыёфайл