Беларуская Служба

У гэтым годзе Польшча можа дагнаць або і перагнаць Японію па ўзроўні ВУП па чалавека

15.03.2025 07:30
Ёсць аднак і горшыя дадзеныя, якія могуць значна аслабіць польскую эканоміку.
Ілюстрацыйнае фотаshutterstock/BOKEH STOCK

Rzeczpospolita паведамляе, што яшчэ сёлета Польшча магла б дагнаць Японію па ўзроўні ВУП на душу насельніцтва, разлічанага паводле парытэту пакупніцкай здольнасці. Прагнозы Міжнароднага валютнага фонду мяркуюць, што ў 2025 годзе ВУП на аднаго жыхара Польшчы, пералічаны ў так званых міжнародных доларах, дасягне 47,1 тысячы, у параўнанні з 47,5 тысячы ў Японіі. Дадзеныя МВФ таксама паказваюць, што ў 2004 годзе Польшча была на ўзроўні 49% ад сярэдняга паказчыка па ЕС, а ў мінулым годзе гэты паказчык дасягнуў 82 працэнтаў.

Гэтыя дадзеныя, канешне, цешаць, але ёсць і горшыя дадзеныя, якія могуць значна аслабіць польскую эканоміку. Колькасць свабодных працоўных рук у краіне імкліва змяншаецца, піша выданне. Акрамя таго, назіраецца меншы прыток рабочых з-за мяжы. «Пра канвергенцыю польскай эканомікі трэба думаць цяпер больш праз прызму тэмпаў росту прадукцыйнасці», — кажа Якуб Бароўскі, галоўны эканаміст Credit Agricole Bank у Польшчы.

Гэта значыць, шукаць магчымасці вырабляць больш прадуктаў і паслуг пры дапамозе меншай колькасці працаўнікоў, трэба, між іншым, інвеставаць у робатаў.

Выданне адзначае таксама, што эканамічная моц – гэта не адзіны важны паказчык, які ўплывае на дабрабыт жыхароў. Калі Еўрастат правярае ўзровень задаволенасці жыццём сярод еўрапейцаў, палякі займаюць даволі высокія месцы. У 2023 годзе іх апярэдзілі толькі пяць краін – Фінляндыя, Бельгія, Аўстрыя, Румынія і Славенія.

нг