У Польшчы ёсць шанец стаць буйным экспарцёрам зброі, а яе набыццём зацікаўленыя саюзнікі, прычым нават тыя, якія маюць развіты ВПК, паведамляе партал Forsal.
Так, Францыя можа набыць пераносныя зенітна-ракетныя комплексы Piorun, якія прызначаныя для барацьбы з нізка лятучымі цэлямі.
Салдаты з зенітна-ракетнымі комплексамі Piorun польскай вытворчасці
Piorun выдатна сябе зарэкамендаваў падчас вайны з Расіяй пасля таго, як украінскі бок атрымаў невядомую лічбу пускавых установак. Комплекс ужо набылі Грузія, Славакія, Нарвегія, Латвія, Эстонія і нават ЗША. Цяпер закупіць Piorun хоча Францыя, хоць, як адзначаюць спецыялісты, яна мае сваю падобную зброю, якая, аднак, саступае польскай распрацоўцы па некалькіх параметрах.
Французы таксама зацікаўленыя іншым вырабам польскага ВПК – гэта інжынерная сістэма дыстанцыйнага мінавання Baobab. Гэта новая распрацоўка, якую пакуль што замовіла толькі Войска Польскае. Рэалізацыя кантракту для польскай арміі на суму амаль у 122 млн еўра разлічаная на 2026-2028 гады.
Агулам французы зацікаўлены ва ўмацаванні гандлёвых адносінаў, разглядаючы таксама Польшчу як рынак збыту для сваёй вайсковай тэхнікі. Так, Парыж прапануе Варшаве самалёты-запраўшчыкі A330 MRTT, вучэбна-трэніровачныя верталёты H145 і транспартныя самалёты A400M. Акрамя таго, Францыя хацела б пастаўляць падводныя лодкі Scorpène для ВМС Польшчы ў рамках праграмы па мадэрнізацыі польскіх ВМС.
вс
крыніца фота ў тэксце: Huta Stalowa Wola/Polska Grupa Zbrojeniowa