Беларуская Служба

ЕС прапануе мір ЗША і рыхтуецца да гандлёвай вайны

13.02.2025 14:12
Еўрапейскі саюз ліхаманкава разважае, як адказаць на пагрозы гандлёвай вайны ЗША, піша штодзёнка «Rzeczpospolita».
Ілюстрацыйны здымакEPA/OLIVIER MATTHYS Dostawca: PAP/EPA.

Кіраўніцтва Польшчы, якая цяпер старшынствуе ў ЕС, арганізавала на днях тэрміновую канферэнцыю міністраў Еўрасаюзу ў звязку з заявамі прэзідэнта ЗША аб гандлёвай вайне.

Амерыканскі бок анансаваў высокія пошліны на экспарт сталі і алюмінію. Еўропа рыхтуе адказ на ідэю Трампа, напружанне нарастае, піша выданне.

Чым пагражае Дональд Трамп? Амерыканскі прэзідэнт аб'явіў увядзенне 25 працэнтнага тарыфу на сталь і алюміній, а таксама пагражае накласці мыта на еўрапейскія аўтамабілі. Штогод ЕС экспартуе ў ЗША сталі і алюмінію на суму каля 6 мільярдаў еўра, што тычыцца аўтамабіляў, тут гаворка ідзе пра экспарт на амаль 65 мільярдаў долараў.

Амерыканцы сцвярджаюць, што гандаль на цяперашніх умовах несправядлівы. Бо імпартная пошліна ў ЗША складае 2,5%, а ў ЕС — ажно 10%. Аднак ЕС цяжка знізіць тарыфы з 10% да 2,5%, бо давядзецца знізіць тарыфы  для іншых краін-членаў Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА), уключаючы Кітай. З кітайцамі ж, напрыклад, ідзе сур'ёзная спрэчка па экспарце электрамабіляў, якія субсідуюцца Пекінам.

У звязку з падзеннем продажаў аўтамабіляў у Еўропе і скарачэннем экспарту ў Кітай еўрапейская аўтамабільная прамысловасць не можа дазволіць сабе яшчэ адзін моцны ўдар. Таму яна вельмі моцна лабіруе, каб пазбегнуць гандлёвай вайны.

У такой сітуацыі ЕС прапануе амерыканскаму боку скараціць дэфіцыт гандлёвага балансу ЗША за кошт павелічэння закупак СПГ, які неабходны Еўрасаюзу ў працэсе энергетычнай трансфармацыі, і амерыканскай зброі, неабходнай ва умовах растучай пагрозы з боку Расіі.

юл