Беларуская Служба

Чужая гульня вакол «Чужога неба»? Наша рэдакцыя выйшла на людзей, якім вядомыя кулісы здымкаў прапагандысцкага фільму (СКРЫНШОТЫ ПЕРАПІСКІ)

20.03.2025 17:59
Мы скантактаваліся з чалавекам, які папрасіў застацца ананімным, але выступіў ад імя «команды медийщиков, которые живут в Чехии».
Аўдыё
.
.Screenshot z Youtube/Telegram

На днях Белтэлерадыёкампанія выпусціла прапагандысцкі фільм пра тое, як цяжка беларусам жывецца ў эміграцыі, у першую чаргу ў суседніх з Беларуссю краінах ЕС. Пры гэтым незалежныя беларускія СМІ ўжо высветлілі, што матэрыялы для фільму, а менавіта інтэрв’ю з большай часткай герояў, былі атрыманыя падманам. Цяпер з’явіліся асобы, якія кажуць, што здымкі інтэрв’ю вяліся быццам бы на замову Офіса Святланы Ціханоўскай.

«Чужое неба» – так называецца новы прапагандысцкі опус Беларускага тэлебачання аўтарства Аляксея Марціненкі. Аўтар адразу пазіцыянуе стужку, як аповед пра тое, як «некаторыя беларусы з’ехалі з краіны ў пошуках новай радзімы, але чужыя краіны не сталі для іх новым домам».

Пры гэтым аўтары фільм прамаўчалі пра тое, што з’ехалі зусім не некаторыя, а сотні тысяч беларусаў. Таксама не згадалі прычыны ад’езду – масавыя палітычныя рэпрэсіі, якія пачаліся ў 2020-м годзе і працягваюцца па сённяшні дзень. Прамаўчалі яны і пра тое, што паказаныя імі выказванні былі атрыманыя праз падман і маніпуляцыю, што высветліла «Наша Ніва». Выданне адкрыла, што да герояў фільму звярталіся з просьбай «паўдзельнічаць у здымках відэа для Офіса Святланы Ціханоўскай, каб паказаць патэнцыйным донарам патрэбы людзей, якія апынуліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы».

У заяве Святланы Ціханоўскай ў звязку з гэтай інфармацыяй зазначаецца, што Офіс «ніколі не будзе рызыкаваць людзьмі. Усе ініцыятывы, якія ідуць ад нашага Офіса або пры нашым садзейнічанні, абавязкова прытрымліваюцца ўсіх прынцыпаў бяспекі: мая каманда не згадвае імёны без згоды і не дзеліцца ні з кім вашымі персанальнымі дадзенымі».

Выглядае на тое, што публікацыя фільму – гэта яшчэ не канец справы. У нашу рэдакцыю звярнуўся чалавек, які папрасіў застацца ананімным, але выступіў ад імя «команды медийщиков, которые живут в Чехии». Асоба заявіла, што ў верасні мінулага года яны атрымалі нібыта замову ад Офіса Ціханоўскай. Кантакт ішоў быццам праз «Даниила Гаркавого, якобы он ищет медийщиков на удаленку», пад грант і фінансаванне.

Далей каманда зрабіла 7 інтэрв’ю «ребят из Литвы», якія былі перададзеныя праз воблака: «Гаркавому скинули образцы некоторых интервью», потым рэшту «отправили через облако». За сваю працу каманда нібыта атрымала толькі частку аплаты, значна меншую, чым абяцаная сума. Пасля таго, як ўбачылі «в интернете анонс этого фильма и там мы услышали голоса ребят, которых записывали. Мы сразу все поняли».

— Я работаю в команде медиагруппы, которая занималась подготовкой выпуска интервью для офиса Светланы Тихановской. Мы работали с такими известными медиа, как Prima, Nova, Marfa Group. В нашей команде работает 13 человек, и конкретно в проекте офиса Тихановской участвовали все 13 человек.

В сентябре 2024 года нам передали контракт Данила ГаркАвый (вялікай літарай пазначаны націск - рэд.), представитель офиса Тихановской. Якобы он ищет медийщиков на удаленку. Мы написали ему. Он рассказал, что офис Тихановской хочет получить гарант и финансирование как на этот проект, так и на будущее. Неоднократно делал акцент на то, что проект курирует лично Вечерка. Суть проекта заключается в поднятии белорусского вопроса перед представителями Европы и США.

Мы взяли в работу проект. Необходимо было найти молодых белорусов, которые живут в Европе, и действительно столкнулись с проблемами. Мы нашли молодых ребят. Они дали интервью, в котором рассказали о реальных финансовых проблемах, с которыми столкнулись в Европе. До финального этапа смонтировать проект мы не успели, потому что Гаркавый потребовал отправить ему обрезанное интервью. Примерно в октябре 2024 года к нему отправились материалы, и он начал их изучать. А потом он взял без причины паузу. Мы неоднократно пытались с ним связаться, он игнорировал, а в ноябре 2024 года открыто заявил, что планирует передать проект в другой команде. В процессе работы над проектом Гаркавый отправлял нам копию грантовой заявки, из которой мы узнали, что грант составляет 30 тысяч евро, а по факту Гаркавый собирался потратить только 5 тысяч. Это в шесть раз меньше. Нам заплатили из этих 5 тысяч только 1500, из которых 1000 оплатили участникам интервью. Вопрос, куда ушли оставшиеся деньги, остается открыт. Гаркавый лично встречался с проект-менеджером и передавал деньги наличными.

Ребят из Литвы по нашей инструкции снимала Татьяна, она же и сама дала интервью. Полученные материалы мы отправляли Гаркавому через облако.

У нас имеются скриншоты части переписки с Гаркавым, имеется копия грантового запроса, имеются исходящие интервью. Он просто кинул нашу команду: причина нам непонятна, он не стал объяснять.

В фильме показаны интервью всех ребят из Литвы, которые мы монтировали. Интервью показаны не полностью, а в сильно укороченных вариантах, каждое интервью было не менее 20 минут. В интервью они рассказывали о событиях 2020 года в Беларуси и о процессе переезда. Также они подробно рассказывали о трудностях, с которыми столкнулись после переезда.

. .
Дасланы скрыншот перапіскі нібыта з прадстаўніком Офіса Святланы Ціханоўскай

Пры гэтым дадзеная асоба паведаміла, што не мае дакументальных пацверджанняў замовы: «оформление документов не производилось. В данном случае все было на доверии, потому что человек известный и представитель офиса.» Асоба даслала гукавыя адказы на зададзеныя пытанні і прыслала шэраг матэрыялаў у выглядзе скрыноў перапіскі ў Telegram быццам бы з Гаркавым і нейкай паперы, якая прадстаўлена як «копия грантовой заявки, которую он нам скидывал в общий чат».


Дасланы скрыншот перапіскі нібыта з прадстаўніком Офіса Святланы Ціханоўскай Дасланы скрыншот перапіскі нібыта з прадстаўніком Офіса Святланы Ціханоўскай

Дасланая копія "грантавай дамовы" Дасланая копія "грантавай дамовы"

Такія самыя матэрыялы атрымаў і палітолаг Павал Усаў, які не выключыў, што гэта можа быць чарговая правакацыя.

— Зыходзячы з таго, што мы назіралі некалькі апошніх год - кейс Аксёнава, які працаваў на КДБ, якое прыкінулася прадстаўнікамі міжнародных фондаў, і кейс Кавальковай, якую падманулі нібыта апазіцыйныя расійскія бізнэсоўцы, і праблему, звязаную з Чорнай кнігай Беларусі, - быў шэраг падобных дзеянняў па дыскрэдытацыі апазіцыі ды асобных дзячоў. Таму цяпер ёсць верагоднасць, што спробы ананімнага зліву, кантакты з экспертамі ці журналістамі ад імя нейкай здымачнай групы, могуць быць дадатковай спробай дыскрэдытацыі апазіцыі, медыяў ці экспертаў, праз якіх інфармацыя з’яўляецца ў СМІ. Гэта можа прывесці да разрастання канфлікта і стварыць даволі напружаную сітуацыю вакол Офіса.

. .

. .

. .

Пры гэтым адмысловец зазначыў, што паўсталая сітуацыя патрабуе дакладнага высвятлення ў звязку з грамадскай важнасцю пытання.

— Калі за такімі інфармацыйнымі ўкідамі стаяць спецслужбы, з’яўленне інфармацыі пра тое, што офіс звязаны з замовай фільму, - гэта паспрыяе яшчэ больш сур’ёзнаму інфармацыйнаму напружанню. Тут трэба сачыць за прапагадысцкімі СМІ і чакаць новага фільму, у якім будзе паказана як «разводзілі» экспертаў і журналістаў, што яны дурныя і купіліся на рознага кшталту сенсацыі. На жаль, мы апынуліся ў такой сітуацыі, калі любая правакацыя можа стаць пэўнага кшталту праўдзівай інфармацыяй пра сур’ёзнасць праблемаў унутры апазіцыі. З іншага боку, любая інфармацыя можа стаць правакацыяй. Патрэбнае глыбокае следства і аналіз, каб забяспечыць людзей ад падобнага роду правакацый.

На просьбу пракаментаваць дадзеную інфармацыю прэс-сакратар Офіса Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна напісала, што «нічога падобнага не было». У сваю чаргу кіраўнік адзела па знешніх сувязях з Офіса Ціханоўскай Данііл Гаркавы патлумачыў, што не меў ніякіх кантактаў у справе запісу інтэрвію з беларусамі.

— Са мной ніхто не кантактаваўся ні ў верасні, ні які іншы час. Першы раз я пачуў пра гэты фільм толькі цяпер, калі ён з’явіўся ў пабліку. Таму гэта відавочная хлусня. Гледзячы на дасланыя скрыны, бачна факталагічныя памылкі. Я не займаюся міжнароднымі сувязямі ў Офісе спадарыні Святланы. Стылістычныя памылкі, і трэба мяне ведаць, каб разумець, што я так не пішу. Дакумент «грантавай заяўкі» таксама афармляецца не так. Такім чынам, я з нікім не кантактаваў на гэты конт і не прымаў удзелу ў падрыхтоўцы гэтага матэрыялу. Гэта відавачная спроба дыскрэдытаваць дэмакратычныя сілы.

Наша рэдакцыя не ў стане пакуль праверыць сапраўднасць расказанай гісторыі, але разумеючы важнасць для грамадскасці высвятлення абставін, у якіх быў зроблены прапагандысцкі фільм, мы вырашылі паведаміць пра атрыманую інфармацыю і нагадаць, што важна цяпер захоўваць базавыя прынцыпы медыйнай гігіены беларусам за мяжой. Што гэта за прынцыпы, нагадвае намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

—У сучасным свеце выпадкі падману і пранкаў часта здараюцца. Гэта не толькі прапагандысты робяць, але і ашуканцы. Такія выпадкі могуць паўтарацца, бо такія падманшчыкі працуюць па падобных схемах. Яны імкнуцца праз эмацыйную гісторыю ўвайсці ў давер да чалавека, патрабуюць ад яго хуткіх адказаў, спасылаюцца на людзей, якіх чалавек магчыма ведае. Будуць прыкрывацца добрай мэтай, як сталася ў выпадку з прапагандысцкім фільмам, калі людзі хацелі распавесці пра сваю сітуацыю, а іх выкарысталі прапагандысты. Як ад такога абараніцца? Універсальная парада: не дзейнічаць паспешліва, праверыць чалавека, які да вас звяртаецца, не паленавацца патэлефанаваць да знаёмага, на каго спасылаюцца, і праверыць. Дарэчы, у БАЖ вельмі часта звяртаюцца людзі з просьбай пацвердзіць асобу журналіста. Універсальны адказ: праверыць асобу журналіста можна праз рэдакцыю.

Беларусам, якія пацяреплі ад рэжыму, варта памятаць гэтую падказку. Правярайце, хто да вас звяртаецца і не дзейнічайце неабачліва ды паспешліва. У дзіўных і незразумелых сітуацыях ёсць магчымасць звярнуцца па інфармацыю ў Офіс Святланы Ціханоўскай - для гэтага ёсць шэраг адпаведных інструментаў, патлумачыў Данііл Гаркавы.

— Я разумею беларусаў і беларусак, якія, на вялікі жаль, сталі героямі ды гераінямі гэтай стужкі. Разумею, што ў людзей, якія не жывуць актывізмам, няма рэфлексу правяраць кожны запыт. Гэта варта рабіць. Як? Проста зайсці на сайт Офіса Святланы Ціханоўскай і там паглядзець афіцыйныя кантакты. У нас ёсць персанальныя кантакты ў раздзеле «каманда», ёсць офісная пошты і каналы зваротнай сувязі. Любы зварот нібыта ад нашага імя варта верыфікаваць у Офісе, таму што нейкай таемнай дзейнасцю ніхто з супрацоўнікаў Офіса не займаецца.

Для складаных сітуацый ёсць асабасітыя размовы са Святланай Ціханоўскай, нагадаў наш суразмоўца.

— У нас ёсць такі інструмент - ён называецца асабістыя размовы, гэта час, калі Святлана Ціханоўская асабіста размаўляе з беларусамі і беларускамі праз інтэрнэт. На сайце Офіса з’яўляюцца абвесткі пра такія размовы, можна на іх запісацца і паразмаўляць. Гэта можна выкарыстоўваць як тэлефон даверу.

Прапагандысцкая стужка Беларускага тэлебачання «Чужое неба» ўжо выклікала вялікі рэзананс у беларускай медыя-прасторы і сацыяльных сетках. Цяпер з’явіліся асобы, якія заяўляюць, што зладзілі запіс інтэрв’ю ў Літве нібыта на замову Офіса Ціханоўскай. Прадстаўнікі Офісу зняпраўдзілі дадзеную інфармацыю. Рэалізатары запісаў заяўляюць, што яны перакананыя ў кантактах з Офісам, але застаецца адкрытым пытанне пра тое, што яны таксама маглі стаць аб’ектам маніпуляцыі з боку беларускіх прапагандыстаў ці служб. Іх матывацыя да публікацыі свёй версіі – неаплачаная праца. Пры гэтым яны заяўляюць, што не ведаюць, як іх матэрыялы трапілі ў Беларусь.

Мы запрашаем асобы з медыякаманды, якія рабілі здымкі, прыйсці да нас у студыю ды адкрыта распавесці пра ўсе абставіны здымкаў інтэрв'ю, якія былі выкарыстаныя ў фільме «Чужое неба».

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

слухайце аўдыёфайл

прыведзеныя ў матэрыяле цытаты апублікаваныя на мове арыгіналу, каб дакладна адлюстраваць тэкст перапіскі