Госць нашага эфіру Вадзім Кабанчук — прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па бяспецы, а таксама экс-намеснік камандзіра Палка Каліноўскага. Размаўляем з ім пра сітуацыю ва Украіне, а таксама пра тое, што адбываецца цяпер з беларускімі добраахвотнікамі.
Слухайце размову ў далучаным файле!
— Вы цяпер у Кіеве, як людзі вакол вас успрымаюць тыя працэсы, што адбываюцца? Я, канешне, маю на ўвазе перамовы аб магчымым мірным пагадненні з Расіяй.
— Так, я знаходжуся ў Кіеве, і справа ў тым, што маё атачэнне — гэта звычайна патрыёты Украіны ці Беларусі, якія настроены даволі рашуча. Вайна для любога нармальнага чалавека, напэўна, самае горшае, што можа быць у жыцці. Людзі, зразумела, стаміліся ад такой сітуацыі — паветраныя трывогі, якія адбываюцца кожны дзень, у тым ліку і ў Кіеве, выбухі... Гэта ўсё ўплывае на паводзіны, на людзей.
Але не скажу, што бачу нейкія настроі, маўляў, давайце любой цаной будзем замірацца з РФ, такога няма. Мы бачым гэта так, каб Украіна дамаглася максімуму: вярнула ўсе свае акупаваныя тэрыторыі, выбіла агрэсара за межы Украіны.
Вайна можа быць скончана, паводле, скажам так, максімалісцкага сцэнару, але ён магчымы толькі з эфектыўнай і шматбаковай, шматузроўневай падтрымкай Украіны з боку заходніх саюзнікаў Еўропы і ЗША.
Калі адбываюцца перамовы, то звычайна, бакі выстаўляюць максімальныя патрабаванні, каб потым у чымсьці адзін аднаму саступаць.
Я нагадаю, што з 2008 года Пуцін гаворыць пра аднаўленне Савецкага Саюза, пра тое, што НАТА павінна вярнуцца ў межы 1997 года.
— Як бы вы ацанілі мэтазгоднасць курскай аперацыі Украіны?
— Я не ведаю, ці гэта было палітычнае рашэнне, або толькі вайсковае рашэнне. Мне цяжка казаць, бо ў мяне няма паўнаты інфармацыі. Скажу са сваёй званіцы, гэтая аперацыя нанесла вялікі псіхалагічны ўдар па Расійскай Федэрацыі, па яе кіраўніцтву, па насельніцтву Расіі, якое было ўпэўнена ў нейкай недатыкальнасці сваіх межаў. Што тычыцца іншых участкаў фронту, то фронт даволі ўстойлівы, за апошні месяц прасоўванне расіян значна запаволілася, іх фактычна спынілі на Пакроўскім напрамку, на Тарэцкім, у іншых месцах. Фронт трымаецца. Напрыклад, беларускія добраахвотнікі Палка Каліноўскага ваююць на Запарожскім напрамку.
— Вернемся да пытанне пра перамовы, асабіста вы бачыце магчымасць для заключэнне ўстойлівага міру цяпер?
— Я разумею, што Пуцін не збіраецца заканчваць вайну. Яму выгадна працягваць вайну. І ён не адмаўляецца ад сваіх мэтаў. А яго мэта — гэта разбурэнне і захоп Украіны. Разбурэнне як дзяржавы, не ведаю, ці яны хочуць акупаваць цалкам Украіну, ці зрабіць марыянетачны ўрад.
Я ва Украіне жыву з 2014 года. І за гэты час бачыў, напэўна, больш за 20 пераміряў. Але ўсе яны былі парушаныя.
— Як ставіцеся да папярэджанняў, што вайна пашырыцца на Еўропу?
— Калі Гітлер пісаў у «Майн кампф» пра тэрыторыі для Германіі, то варта і сур'ёзна ставіцца цяпер да слоў Пуціна, што ён хацеў бы аднавіць ці Савецкі Саюз, ці Расійскую імперыю, ці прыйсці на абарону рускамоўных, якія жывуць паўсюль, асабліва іх шмат ва Усходняй Еўропе. Ёсць выведкі, якія працуюць, якія маюць пэўную інфармацыю. А ёсць і звычайная логіка, логіка Расійскай імперыі. Калі паглядзець рэтраспектыўна а яе гісторыю, то яна наогул мала часу жыла па-за кантэкстам вайны. Яе гісторыя суправаджалася захопніцкімі войнамі, незалежна ад таго, якая форма кіравання была ва ўладзе: і пры камуністах, і пры царах, і цяпер пры Пуціне.
— Наколькі крытычная падтрымка ЗША? Ці можа ваяваць Украіна, змагацца з Расіяй толькі з падтрымкай Еўропы?
— Па дадзеных у адкрытых крыніцах, ЗША пастаўлялі ва Украіну каля 30% рознай зброі. Так, там былі некаторыя ўнікальныя сістэмы ўзбраення, якія пастаўлялі толькі Злучаныя Штаты. Напрыклад, комплексы Patriot, Himars і ракеты, боепрыпасы да іх.
Але з пачатку поўнамаштабнай вайны у 2022 годзе ва Украіны было некалькі перыядаў, калі яна працяглы час ваявала без замежнай дапамогі — і амерыканскай, і еўрапейскай. Быў перыяд, калі ва Украіны амаль не было снарадаў, гэта цягнулася некалькі месяцаў.
Цяпер Украіна ў значна больш моцнай пазіцыі, чым у 2022 годзе. Гэта і свая ўласная вытворчасць вайсковай тэхнікі, зброі, дронаў, боепрыпасаў. Гэта і большая армія, і досвед украінцаў.
— Ёсць медыйная інфармацыя пра недахоп навабранцаў ва ўкраінскім войску, складанасці з ратацыяй. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці?
— Я не скажу, што ва Украіне няма праблем. Праблемы ёсць ва Украіне, але ёсць і ў Расіі. Давайце глядзець проста па выніках. А па выніках фронт стаіць. Украінцы трымаюць фронт, якія б у іх ні былі праблемы, яны іх вырашаюць, галоўнае — спыняюць агрэсара, наносяць яму вялікія страты.
Расія плаціць за кожны кіламетр прасоўвання па ўкраінскай тэрыторыі велізарны кошт. У іх таксама назіраецца недахоп людзей. За вялікія грошы вярбуюць людзей, тым не менш не так шмат жадаючых атрымаць білет у адзін бок.
— Яшчэ адно практычнае пытанне. Наколькі крытычным для ўкраінскага войска было спыненне перадачы спадарожнікавых дадзеных выведкі? Гэта выглядала наўпроставым шантажом.
— ЗША не з'яўляюцца манапалістам у галіне выведкі са спадарожнікаў. І ў еўрапейскіх краін, і ў іншых краін таксама ёсць свае магчымасці. Я не думаю, што ўкраінцы атрымлівалі і атрымліваюць зараз такую дапамогу толькі ад ЗША. Вы ж ведаеце, што зараз ужо адноўлена гэта супрацоўніцтва пасля перамоў.
— Некалькі пытанняў, якія тычацца добраахвотнікаў-беларусаў, якія ваююць ва Украіне. Сустракаюцца выказванні і саміх вайскоўцаў, якія ўжо камісаваныя, звольненыя, пра тое, што аб'ём ахвяраванняў для добраахвотнікаў у разы зменшыўся.
— Людзі стамляюцца, у людзей змяняюцца фінансавыя магчымасці. І той факт, што сам канфлікт зацягваецца з няпэўнымі перспектывамі на будучыню таксама ўплывае на тое, што некаторыя людзі перастаюць дапамагаць ці становяцца неабыякавымі да сітуацыі. Такі факт ёсць. Цяпер я кажу ў параўнанні з 2022 годам ці ранейшымі гадамі. Але ўкраінская армія даволі нядрэнна забяспечана, і ў тым ліку беларускія добраахвотнікі.
Ёсць, праўда, шэраг пазіцый, якія трэба закрываць увесь час. Адна з іх — транспарт. Не хапае пікапаў, якія выходзяць з ладу, разбіваюцца на фронце. Па гэтай пазіцыі патрэбна заўсёды дапамога.
Усё астатняе больш-менш закрываюць. Зараз, напрыклад, па дронах наогул праблема толькі ў тым, каб знайсці дзяржзамовы. Бо вельмі шмат вытворцаў дронаў ва Украіне не загружаны на поўную моц.
— Ці шмат людзей цяпер выказваюць намер і гатоўнасць ваяваць у складзе беларускіх добраахвотніцкіх фарміраванняў?
— Людзі прыходзяць, застаюцца і сыходзяць з кантракта. У прынцыпе, такія працэсы ідуць. Безумоўна, ужо няма такога патоку добраахвотнікаў, які быў у 2022-м, 2023-м годзе. Але ўсё роўна людзі ідуць, застаюцца, выходзяць з беларускіх турмаў — не крымінальнікі, а палітвязні — і хочуць да нас далучыцца, застаюцца па нейкіх іншых прычынах. Я не магу сказаць, што набор падае.
— Ці ёсць нейкая зводная статыстыка, колькі беларусаў, якія ваявалі на баку Украіны, загінулі на вайне з Расіяй з 2014 года?
— Дакладнай статыстыкі няма, бо беларусы зараз ваююць па розных падраздзяленнях. Тое, што вядома з адкрытых крыніц, больш за 70 чалавек загінула.
— Якія ініцыятывы ёсць для падтрымкі вайскоўцаў? Найперш размова зараз пра беларусаў, пасля таго, як яны звальняюцца з войска. Таму што ёсць шмат размоў пра тое, што людзі застаюцца ў патрэбе — і матэрыяльнай, і псіхалагічнай, і г.д.
— Пры звальненні беларускі жаўнер мае амаль такія ж правы, як і ўкраінскі жаўнер. У выпадку ранення дакладна такая ж дапамога ідзе — і фінансавая, і медыцынская, як для ўкраінскага байца. Няма ніякіх адрозненняў.
Калі чалавек з'язджае, напрыклад, у Еўропу, ёсць дамоўленасці з некалькімі краінамі, якія бяруць беларусаў на праграмы рэабілітацыі ці як параненых. Гэта і Польшча, і Чэхія, і іншыя. Калі хлопцы знаходзяцца ва Украіне, тут шмат арганізацый, якія займаюцца рэабілітацыяй, псіхалагічнай дапамогай.
Ёсць беларускія арганізацыі. У Еўропе хлопцы-ветэраны стварылі такую арганізацыю па падтрымцы былых байцоў. А ва Украіне дзейнічае рэабілітацыйны цэнтр «Ланка», які скіраваны на рэабілітацыю замежнікаў і найперш беларусаў. Такіх ініцыятыў шмат.
вх