Пачаткі гарадcкіх лясоў у Варшаве адносяцца да міжваеннага перыяду, калі ў 1938 годзе быў выкуплены Кабацкі лес для рэкрэацыйных патрэбаў жыхароў гораду. Раней гарадскімі лясамі былі Беляньскі і Млацінскі лясы. З 50-х гадоў гэтыя лясы былі ўласнасцю Дзяржказначэйства, а ў 1963 годзе было прынята рашэнне аб стварэнні асобнай структуры кіравання гарадскімі лясамі.
Гэта дастаткова нетыповая з’ява, як на еўрапейскую сталіцу. У прынцыпе, акрамя Варшавы толькі Стакгольм і Берлін могуць пахваліцца тым, што ў сваіх межах маюць лясы.
У Варшаве пакліканая спецыяльная адзінка - «Гарадскія лясы Варшава». Адказны за адукацыйныя праекты Барташ Папчыньскі расказвае, што звычайна варшаўскія лясы знаходзяцца на межах гораду, але ёсць і выключэнні:
- У прынцыпе, гэта лясы, якія знаходзяцца ў асноўным на ўскраінах Варшавы, хоць ёсць і такія, што знаходзяцца блізка да цэнтра, напрыклад, лес, які называюць Lasek na Kole, і які знаходзіцца прыкладна ў 6 км ад строгага цэнтра. Праўда, гэта вельмі маленькі лес. Што тычыцца плошчы гарадскіх лясоў, то яны таксама даволі розныя. Ёсць 27 розных лясных комплексаў. Яны вар’іруюцца ад вельмі маленькіх да даволі вялікіх. Самы вялікі лясны комплекс у межах Варшавы – гэта Кабацкі лес і гэта 925 гектараў кампактнага лесу, гэта значыць ён не перасечаны ні дарогамі, ні будынкамі. Калі мы ўваходзім у гэты лес, то можам прайсці некалькі кіламетраў увесь час знаходзячыся ў лесе.
Гарадскія лясы ў Варшаве выконваюць некалькі функцый. Галоўнай з’яўляецца адпачынак. Лес павінен спрыяць адпачынку жыхароў і быць бяспечным месцам.
Другая функцыя - гэта кіраванне лясамі ўстойлівым чынам. І трэцяя – адукацыйная роля, кажа Барташ Папчыньскі:
- Адукацыя ў нас даволі добра развітая, таму што ў Варшаве, якая з’яўляецца сталіцай Польшчы і горадам з найбольшай колькасцю насельніцтва, існуе даволі шмат узаемадзеяння паміж людзьмі і прыродай, часам з дзікай жывёлай. Мы стараемся фармаваць правільнае стаўленне да прыроднага асяроддзя. У асноўным мы праводзім заняткі для дзяцей ад трох гадоў і пазней без абмежаванняў. Мы паказваем, што такое лес, як ім карыстацца, падымаем самыя розныя праблемы, звязаныя з прыродай. У прыватнасці, у Варшаве ёсць шмат розных праблем, якія вынікаюць з таго, што прырода ў нас пад рукой. Я маю на ўвазе ў асноўным дзікіх жывёл. І тут трэба згадаць яшчэ адну сферу нашай дзейнасці: дапамогу дзікай жывёле, якая нейкім чынам пацярпела. Вядома, на вуліцах Варшавы вялікі рух, і жывёла таксама гіне на дарогах, яна атрымлівае раненні ў выніку сутыкненняў. Часам яна вельмі сур'ёзна параненая, таму мы таксама аказваем такую дапамогу. Гаворка пра розныя гатункі - ад самых дробных грызуноў да такіх буйных жывёл, як ласі, ёсць і ваўкі. Так што тут сфера нашай дзейнасці сапраўды вельмі шырокая.
Часцей за ўсё ў Варшаве сустракаюцца казулі і дзікі, але не выключэнне — ласі, бабры, куніцы, лісы, барсукі, вожыкі, зайцы.
Цэнтр рэабілітацыі жывёл быў створаны ў лістападзе 2008 года і на сёння з'яўляецца адзінай установай такога тыпу ў сталіцы. Яго мэта - аказанне дапамогі свабодна жывучым млекакормячым у стане, які не дазваляе ім бяспечна жыць у дзікай прыродзе. То бок хворай, параненай, асірацелай дзікай жывёле, якой патрэбны часовы догляд у плане лячэння і рэабілітацыі, а таксама адаптацыі да самастойнага жыцця.
Правілы паводзін у гарадскіх лясах не адрозніваюцца ад іншых лясных масіваў. Такіх правіл цэлы спіс, але адказны за адукацыйныя праекты Барташ Папчыньскі, сыходзячы з практыкі, пералічвае самыя важныя правілы паводзін у лесе:
- Гэта, перш за ўсё, не сыходзіць са сцежак. Я настойліва рэкамендую ісці па прызначаных сцежках, асабліва ў запаведніках, таму што мы часта сходзім з гэтых сцежак і, на жаль, узнікаюць дзікія дарогі, у выніку запаведнікі проста затоптваюць.
Вялікая праблема, і я таксама ведаю, што гэта вельмі спрэчная тэма, але гэта прысутнасць сабак у лясах. У нас ёсць, напрыклад, запаведнікі ў Варшаве, у якія часам нават мы не можам зайсці, не кажучы ўжо пра тое, што мы не можам зайсці з сабакамі. Акрамя таго ў Законе аб лясах дакладна прапісана, што нельга выпускаць сабаку ў лес. Гэта вельмі вялікая праблема. На жаль, такія паводзіны заканчваюцца тым, што ў нашым рэабілітацыйным цэнтры дзікіх жывёл становіцца больш жывёл, пакусаных сабакамі.
Барташ Папчыньскі гаворыць, што чарговай надзённай праблемай з’яўляюцца пакінутае ў лясах смецце. Штогод «Гарадскія лясы Варшава» выдаткоўваюць значную частку грошай на вываз смецця з лясоў.
слухайце аўдыё
ав