Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выступіў са сваім першым у новым прэзідэнцкім тэрміне зваротам да Кангрэса. Ён працягваўся амаль дзве гадзіны і быў прысвечана «вяртанню Амерыкі» і пачатку «найвялікшай эры ў амерыканскай гісторыі». Па зразумелых прычынах за зваротам сачыў увесь свет.
«Амерыка вярнулася!» - так пачаў сваю прамову прэзідэнт ЗША ў Кангрэсе. Потым ён нагадаў аб тым, што было зроблена адміністрацыяй за шэсць тыдняў прэзідэнцтва. Пытанні знешняй палітыкі Трамп абмяркоўваў у заключнай частцы выступлення, а расійскае ўварванне ва Украіну - у самым канцы. Было, дарэчы, падлічана, што ў двухгадзіннай прамове тэме вайны ва Украіне было адведзена толькі чатыры хвіліны.
Дональд Трамп заявіў, што атрымаў ліст ад прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, у якім той паведаміў пра гатоўнасць да мірных перамоваў. Але ўкраінскі бок паінфармаваў, што ніякага ліста ў Вашынгтон не высылаў.
«Я нястомна працую, каб завяршыць жорсткі канфлікт ва Украіне, - сказаў амерыканскі прэзідэнт падчас прамовы. - Мільёны ўкраінцаў і расіян былі дарэмна забітыя або параненыя ў гэтым жудасным і жорсткім канфлікце, канца якому не відаць. ЗША накіравалі сотні мільярдаў долараў на падтрымку абароны Украіны», - зазначыў Трамп.
«Вы хочаце, каб гэта працягвалася яшчэ пяць гадоў?» - спытаў Трамп і зноў заявіў, што ЗША выдаткавалі на падтрымку Украіны значна больш, чым Еўропа.
«На жаль, Еўропа выдаткавала больш грошай на набыццё расійскай нафты і газу, чым на абарону Украіны. Падумайце аб гэтым», - зазначыў амерыканскі лідар.
Пры гэтым амерыканскі прэзідэнт не назваў расійскага ўварвання ва Украіну агрэсіяй і не раскрыў сваіх планаў аб спосабах спынення вайны.
Што датычыць амерыканскай і еўрапейскай дапамогі Украіне, то ў гэтым выпадку Трамп хлусіць. Нямецкі Кільскі інстытут сусветнай эканомікі падлічыў, што еўрапейская падтрымка Украіны склала 137 млрд 900 млн долараў (у пераліку з еўра – рэд.), а амерыканская – 114 млрд 200 млн. Пры гэтым Трамп ужо некалькі разоў паўтараў, што ЗША перадалі Украіне дапамогу на суму ў 350 млрд долараў, а Еўропа – у 100 млрд, што абсалютна не адпавядае рэчаіснасці.
Дональд Трамп таксама заявіў, што Панамскі канал ужо часткова перайшоў пад кантроль ЗША, а ў будучым пяройдзе поўнасцю.
Амерыканскі лідар зноўку вярнуўся да тэмы Грэнландыі, якая з'уляецца аўтаноміяй у складзе Даніі. Ён заявіў, што Вашынгтон гатовы прыняць востраў ў склад ЗША ў якасці 51-га штату, але, паводле яго, гэтае рашэнне павінна прыняць сама Грэнландыя. Трамп зазначыў, што востраў патрэбны ЗША «для нацыянальнай і нават міжнароднай бяспекі і мы працуем з усімі зацікаўленымі бакамі, каб паспрабаваць атрымаць гэта».
Пры гэтым варта яшчэ раз зазначыць, што і ўлады Грэнландыі, і ўлады Даніі не раз заяўлялі, што востраў ані не прадаецца, ані не плануе быць часткай ЗША.
У Польшчы шырока каментуюць выступленне Трампа ў парламенце. Былы міністр замежных справаў, а цяпер сенатар ад кіруючай партыі «Грамадзянская платформа» Гжэгаж Схэтына, здзіўлены тым, што падчас прамовы, якая працягвалася дзве гадзіны, толькі чатыры хвіліны Трамп прысвяціў вайне ва Украіне.
- Калі са 100 мінут выступлення толькі чатыры хвіліны ён прысвячае вайне ва Украіне – галоўнай падзеі сусветнай палітыкі, калі паўтарае тое ж самае, што гаварыў у перадвыбарчай кампаніі, і пацвярджае амерыканскі курс на дамінацыю, гэта азначае, што нічога не памянялася. Трамп не мяняе свае палітыку, ён ставіць сабе мэту і яе рэалізуе, адсуваючы перашкоды.
У сваю чаргу былы намеснік міністра замежных спраў Польшчы, а цяпер дэпутат ад апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць» Ян Дзядзічак мяркуе, што выступленне Трампа было перш за ўсё накіраванае да амерыканскага электарату.
- Я думаю, што выступленне было накіраванае да амерыканскай грамадскай думкі. Мне здаецца, што трэба пачакаць на дамову з Украінай, і тады мы зможам ацаніць элемент амерыканскай замежнай палітыкі.
Палітолаг і выкладчык Марцін Бужаньскі звяртае ўвагу на хлуслівыя факты, якія прагучалі ў выступленні Трампа, у тым ліку датычныя дапамогі Украіне.
- Трамп - чалавек, якога нельга пераканаць – ён будзе трымацца сваёй лініі. Ён лічыць, што праўда не мае значэння, але мы павінны звяртаць увагу, калі ён хлусіць. Напрыклад, нібыта пра тое, што ЗША дапамаглі Украіне на суму ў 350 млрд долараў. Не, яны выдаткавалі 100 млрд долараў. Гэта менш у параўнанні з тым, як Украіну падтрымаў Еўрасаюз і Вялікабрытанія.
Марцін Бужаньскі звяртае ўвагу на тое, што «пры Трампе амерыканская палітыка засяроджана на ўнутраных справах і прымае форму тэлевізійнага шоў».
І сапраўды, зірнуўшы на апошнія выступленні і крокі Трампа, можна згадзіцца з тым, што амерыканская палітыка пачынае нагадваць шоў. І гэта магло б быць забаўна, калі не тое, што ЗША – самая магутная дзяржава ў свеце, і што ад яе залежыць лёс многіх людзей, рэгіёнаў і краін.
вс
слухайце аўдыёфайл