Беларуская Служба

Дэмаграфічная катастрофа ў Беларусі. Улады хавалі звесткі пра нараджальнасць з 2020 года

04.12.2024 14:31
Непублічныя лічбы палохаюць.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock/Gorodenkoff

У 2020 годзе Белстат перастаў публікаваць інфармацыю пра дэмаграфію ў Беларусі. «Люстэрка» з дапамогай BELPOL атрымала непублічныя справаздачы Міністэрства аховы здароўя за некалькі гадоў. Яны знайшлі ў іх звесткі пра колькасць народжаных дзяцей, якіх афіцыйныя асобы не раскрывалі дагэтуль. Гэтыя лічбы дазваляюць паўней убачыць, што адбываецца з нараджальнасцю ў краіне.

З атрыманых «Люстэркам» звестак Мінздароўя вынікае, што нараджальнасць у Беларусі прыкметна падала некалькі гадоў запар. У 2020 годзе ў краіне на свет з’явіліся 82 022 дзіцяці (і гэта на 6,4% менш, чым за год да таго), у 2021-м — 76 151 дзіця (мінус 7,2%), у 2022 годзе — 67 396 дзяцей (яшчэ мінус 11,5%).

У самай свежай справаздачы Мінздароўя — за 2023 год — не агучаная колькасць народжаных немаўлятаў, аднак ёсць колькасць родаў — 64 089 (і гэты паказчык на 8% меншы за леташні). Відавочна, што гэтая лічба не супадае з колькасцю дзяцей, якія з’явіліся на свет: часам нараджаюцца двайняты і трайняты, дзіця таксама можа нарадзіцца мёртвым.

Прыблізныя звесткі пра тое, колькі дзяцей нарадзілася ў Беларусі ў 2023 годзе, раскрывала Міністэрства юстыцыі, якое паведаміла, што органы ЗАГС зарэгістравалі больш за 65 тысяч нованароджаных.

Звесткі пра колькасць народжаных дзяцей дазваляюць падлічыць колькасць народжаных на 1000 чалавек насельніцтва. Значэнні да 2018-га ўключна публікаваў Белстат, паказчыкі за 2020, 2021 і 2022 гады ёсць у справаздачах Мінздароўя. Паказчыкі за 2019 і 2023 гады «Люстэрка» вылічыла на аснове сярэднегадавой колькасці насельніцтва і колькасці нараджэнняў.

Атрыманыя звесткі паказваюць, што пачынаючы з 2021 года колькасць народжаных дзяцей і паказчык нараджальнасці станавіліся рэкордна нізкімі за ўсю гісторыю статыстычнай справаздачнасці ў Беларусі — з 1950-га года.

Што здарылася з афіцыйнай статыстыкай?

Партал нагадвае, што інфармацыю пра нараджальнасць і смяротнасць Белстат апошні раз абнаўляў у траўні 2020 года. З таго часу арганізацыя перастала публікаваць гэтыя звесткі (і не толькі іх).

Апошні «Дэмаграфічны штогоднік» ведамства выпусціла па выніках 2019 года. Пасля гэтага Белстат рэулярна абнаўляў інфармацыю пра насельніцтва Беларусі ў цэлым, выпускаў штогадовыя зборнікі з мноствам паказчыкаў. Але колькасці народжаных і памерлых там не агучвалі, як і паказчыкаў міграцыі.

Журналіст «Люстэрка» ў студзені 2022 года як грамадзянін звяртаўся ў статыстычнае ведамства з пытаннем пра звесткі па нараджальнасці і смяротнасці за 2020 год. Яму тады адказалі, што гэтыя звесткі «у працэсе распрацоўкі». Акрамя таго, падкрэслілі, што ў сваёй працы арганізацыя «кіруецца прынцыпам прафесійнай незалежнасці, самастойна прымае рашэнні што да вызначэння тэрмінаў выпуску і зместу афіцыйнай статыстычнай інфармацыі».

Са статыстыкі ААН у сярэдзіне 2020-га стала вядома, што смяротнасць па выніках першага паўгоддзя пабіла пяцігадовы рэкорд — 66,9 тысячы памерлых — у той час як цягам чатырох гадоў да гэтага паказчык не перавышаў 62,5 тысячы смерцяў. З тых самых звестак вынікала, што ў чэрвені 2020-га колькасць смерцяў на 3753 выпадкі перавысіла паказчык за той жа месяц 2019 года. Пасля таго як беларускія медыя звярнулі ўвагу на гэтую статыстыку, у базе дадзеных ААН паказчыкі па Беларусі таксама перасталі абнаўляцца.

Крыніца: «Зеркало»

нг