Беларуская Служба

Да заяваў Лукашэнкі трэба ставіцца скептычна - супрацоўнік Інстытута ААН пра прысутнасць ядзерных боегаловак у Беларусі

12.12.2024 09:14
«Проста так прывезці боегалоўкі куды-небудзь і пакласці - так ніхто ніколі не рабіў, не робіць і не будзе рабіць»,- кажа Павел Подвіг.
Аляксандр Лукашэнкакрыніца: ТК- Пул Першага

«Няма доказаў, што ў Беларусь былі дастаўленыя расійскія ядзерныя боегалоўкі», - заявіў у інтэрв’ю выданню The Insider навуковы супрацоўнік Інстытута ААН па вывучэнні праблемаў раззбраення Павел Подвіг.

Паводле яго да заяваў Аляксандра Лукашэнкі пра наяўнасць у краіне ядзернай зброі трэба ставіцца скептычна.

«Я застаюся пры меркаванні, што, хутчэй за ўсё, у Беларусі няма ніякіх баявых зарадаў. Сістэма абыходжання з ядзернымі боезарадамі ў Расіі пабудавана такім чынам, што складана ўявіць, як іх можна перавозіць на тэрыторыю Беларусі. Да таго ж заходнія выведкі ў любым выпадку абнародуюць інфармацыю пра перамяшчэнне ядзерных зарадаў. Размаўляючы з рознымі людзьмі, якія маюць інфармацыю аб такіх рэчах, я ніколі не чуў, каб у Беларусь прывезлі ЯЗ. Наадварот, усе кажуць, што ніякіх сведчанняў размяшчэння зброі там няма», - сказаў супрацоўнік Інстытута ААН.

Эксперт пераконвае, што нават калі ў Беларусі належным чынам падрыхтуюць сховішча для ядзернай зброі і яго будуць ахоўваць расійскія вайскоўцы, гэта «яшчэ не значыць, што там ёсць рэальныя баявыя зарады».

«Рэальныя баявыя зарады, хутчэй за ўсё, будуць размешчаныя на тэрыторыі так званага цэнтралізаванага сховішча. Бліжэйшае такое сховішча знаходзіцца ў Бранску», - адзначыў Подвіг і дадаў, што сховішчы, дзе ўтрымліваюцца ядзерныя зарады - гэта адчувальныя аб’екты, якія трэба адпаведным чынам ахоўваць.

«Проста так прывезці боегалоўкі куды-небудзь і пакласці - так ніхто ніколі не рабіў, не робіць і не будзе рабіць», - пераконвае навуковы супрацоўнік Інстытута ААН па вывучэнні праблем раззбраення Павел Подвіг.

Пра тое, што на тэрыторыі Беларусі сапраўды ёсць ядзерная зброя, Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 снежня, адказваючы на пытанні работнікаў барысаўскага прадпрыемства «ПОЖСНАБ».

аз

Агрэсіўнай рыторыкай Лукашэнка трымаецца палітыкі Крамля па нагнятанні ваеннай істэрыі - ISW

11.12.2024 12:30
На сустрэчы з работнікамі ў Барысаве дыктатар запэўніваў, што ў Беларусь былі дастаўленыя дзясяткі ядзерных боегаловак.