Беларуская Служба

Падсанкцыйная кампанія «Планар» закупляе абсталяванне ў ЗША

18.03.2025 17:39
Больш за 50% прадукцыі «Інтэграла» складаюць мікрасхемы ваеннага прызначэння, вытворчасць якіх значна павялічылася з пачаткам ваенных дзеянняў у Украіне.
.
.фота: BELPOL

Нядаўняя публікацыя, падрыхтаваная BELPOL сумесна з японскім выданнем Nikkei Asia, прыцягнула ўвагу да схемы абыходу міжнародных санкцый, з дапамогай якой кітайскія кампаніі, такія як Shenzhen Yuxing Machinery Equipment Co., LTD. і EXCELL PHOTOELECTRIC CO., LTD., набываюць прадукцыю ў Рэспубліцы Карэя ў кампаніі MICROIMAGE CO. LTD., а затым пастаўляюць яе ў Беларусь для патрэб холдынгу «Планар».

Холдынг «Планар» з'яўляецца часткай Інавацыйна-прамысловага кластара «Мікра-, опта- і ЗВЧ-электроніка», створанага ў 2017 годзе ў Рэспубліцы Беларусь. Таксама кампанія актыўна ўдзельнічае ў сумесным расійска-беларускім цэнтры, які займаецца распрацоўкай і вытворчасцю фоташаблонаў для матрыц чыпаў у галіне электроннай тэхнікі.

ААТ «Планар» з'яўляецца ключавым пастаўшчыком абсталявання і шаблонаў для расійскіх вытворцаў мікрасхем, а таксама для падсанкцыйнага прадпрыемства ААТ «Інтэграл», якое цяпер актыўна працуе на расійскі ваенна-прамысловы комплекс. Больш за 50% прадукцыі «Інтэграла» складаюць мікрасхемы ваеннага прызначэння, вытворчасць якіх значна павялічылася з пачаткам ваенных дзеянняў у Украіне.

Кампанія «Планар» таксама выконвала работы для Навукова-даследчага інстытута «Полюс" імя М.Ф. Стэльмаха, вядучага навуковага цэнтра Расіі ў галіне лазерных тэхналогій, які ўваходзіць у холдынг «Швабе» Дзяржкарпарацыі «Ростех». «Ростех», у сваю чаргу, з'яўляецца найбуйнейшым расійскім вытворцам прыцэлаў для бронетэхнікі ВС РФ.

Характэрна, што ААТ «Планар» знаходзіцца ў санкцыйным спісе OFAC, бо 5 снежня 2023 года ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да кампаніі. Акрамя ЗША, 22 лютага 2024 года былі санкцыі Вялікабрытаніі, 24 лютага 2024 года санкцыі былі ўведзены Аўстраліяй, а 9 жніўня 2024 года санкцыі наклала Канада.

Аднак «Планар» працягвае шукаць шляхі для пашырэння сваіх магчымасцяў, у тым ліку за кошт амерыканскага рынку.

5 лістапада 2024 г. кампанія падпісала кантракт з амерыканскім вытворцам паўправаднікоў TEKSOLI, Inc. на пастаўку камплектаў стандартных паўправадніковых пласцін з нанесенымі латэкснымі сферамі на агульную суму 10235 долараў ЗША.

BELPOL/ав