Беларуская Служба

Еўрапейская федэрацыя журналістаў заклікала спыніць ціск на журналістаў «Белсата»

07.12.2024 09:51
«Рэструктурызацыя «Белсата» не павінна выкарыстоўвацца як нагода для неабгрунтаваных санкцый і запужвання журналістаў».
Ньюсрум тэлеканалу «Белсат»крыніца: Таццяна Верамеева/«Белсат»

Еўрапейская федэрацыя журналістаў заклікала спыніць ціск на журналістаў «Белсата».

«Рэструктурызацыя «Белсата» не павінна выкарыстоўвацца як нагода для неабгрунтаваных санкцый і запужвання журналістаў», — напісаў генеральны сакратар арганізацыі Рыкарда Гуцьерэс, пра што паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

«Гэты невыносны ціск павінен неадкладна спыніцца. Мы заклікаем польскія ўлады і новае кіраўніцтва «Белсата» ўстрымацца ад рэпрэсій супраць журналістаў, якія проста выконваюць сваю працу, і захаваць незалежнасць і аўтаномію «Белсата», нягледзячы на рэзкае скарачэнне яго магчымасцяў», — зазначыў Гуцьерэс.

15 лістапада рэдакцыя «Белсата» разам з выканаўцам абавязкаў дырэктара Аляксеем Дзікавіцкім даведалася пра прызначэнне новага кіраўніка — Аліны Коўшык, якая прыйшла з Офіса Святланы Ціханоўскай. Дзікавіцкі фактычна адразу падаў кіраўніцтву дзяржаўнага Польскага тэлебачання, у структуры якога ўваходзіць «Белсат», заяву аб звальненні па ўласным жаданні.

Пасля інтэрв’ю з Коўшчык кіраўнік рэдакцыі навін «Белсата» Ігар Кулей быў звольнены са сваёй пасады, а журналіст Сяргей Падсасонны, які задаваў пытанні, быў выкліканы на размову да кіраўніцтва TVP World – каналу замежнага вяшчання Польскага тэлебачання, якому падпарадкоўваецца рэдакцыя «Белсату».

«З гадавым бюджэтам, скарочаным да 4 млн 200 тыс. еўра, канал «Белсат» сутыкаецца з сітуацыяй фактычнай ліквідацыі», — лічыць Яланта Хайдаш, старшыня Польскай асацыяцыі журналістаў. На днях у адмысловай заяве асацыяцыя заклікала Польскае тэлебачанне «прыняць неадкладныя меры па падтрымцы працы «Белсата».

Таварыства журналістаў Польшчы (другі польскі філіял Еўрапейскай федэрацыі журналістаў) у бліжэйшы час сустрэнецца з дырэктарам TVP World Міхалам Бранятоўскім, каб высветліць далейшы лёс «Белсата».

вс