Міграцыйны ціск на польска-беларускай мяжы расце, а замежнікі часцей за ўсё спрабуюць нелегальна трапіць у Польшчу праз памежныя рэкі. Пра гэта паведаміў журналістам у Сейме кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Тамаш Сямоняк(Tomasz Siemoniak):
- Пабудаваныя два кольцы, якія ўскладняюць магчымасць зрабіць дзірку ў плоце, напрыклад, дамкратам. Дзейнічае электронная сістэма аховы. На мяжу былі таксама накіраваныя дадатковыя функцыянеры … Між тым, паляпшаецца надвор’е, а ўзровень вады ў памежных рэках зніжаецца і гэта аблягчае нелегальнае перасячэнне мяжы ў такіх месцах. Сапраўды цягам апошніх дзён мы фіксуем павелічэнне міграцыйнага ціску на мяжы, але мы да гэтага падрыхтаваныя.
Міністр Сямоняк паясніў, што вясной для аховы мяжы з Беларуссю будзе прыцягнута больш функцыянераў, а там, дзе гэта магчыма, службы будуць эфектыўна выкарыстоўваць электронныя прылады.
Памежная служба ў сваім профілі на платформе Х паведаміла, што 18 сакавіка на мяжы з Беларуссю зафіксавана больш за 80 спробаў нелегальнага перасячэння мяжы. Паводле памежнікаў, амаль усе яны былі сарваныя.
IAR/аз