Уладзімір Зяленскі заявіў, што пасля падрыву расіянамі дамбы ў Новай Кахоўцы патрэбная дапамога міжнародных арганізацый для ліквідацыі пашкоджанняў і выратавання пацярпелых ад паводкі. Украінскі лідар раскрытыкаваў бяздзейнасць гуманітарных арганізацый і падкрэсліў велізарнасць патрэб Украіны пасля разбурэння дамбы:
- Міжнародныя арганізацыі, такія як Чырвоны Крыж, павінны былі неадкладна падключыцца да выратавання і дапамагчы людзям у акупаваных раёнах Херсона. Кожная ахвяра – прысуд міжнароднаму парадку. Калі міжнародныя арганізацыі забыліся ратаваць жыцці і іх няма на месцы катастрофы, значыць, іх увогуле няма, паколькі яны няздольныя дзейнічаць.
Уладзімір Зяленскі дадаў, што людзям у затопленых раёнах патрэбная ежа, вада і медыцынская дапамога. Паводле яго, украінскія войскі і службы спрабуюць правесці выратавальную аперацыю, нягледзячы на расійскі абстрэл.
Кіраўнік украінскага ўрадa Дзяніс Шмыгаль заявіў, што найбольш складаная сітуацыя на тым баку Дняпра, які застаецца пад расійскай акупацыяй:
- Расійскія акупанты не прыкладаюць ніякіх намаганняў, каб дапамагчы гэтым людзям. Яны аддадзены на волю лёсу. Ад імя ўрада Украіны я заклікаю міжнародныя гуманітарныя арганізацыі дзейнічаць неадкладна. Мы заклікаем іх пачаць эвакуацыю з тэрыторыі акупаванай Расіяй Херсонская вобласці. Трэба ратаваць жыцці тых людзей, якіх акупанты пакінулі на смерць. Трэба дзейнічаць неадкладна.
Вада з разбуранага выбухам вадасховішча затапіла тэрыторыі на правым і левым берагах Дняпра. На заходнім баку, у раёнах, падкантрольных Украіне, праводзіцца эвакуацыя жыхароў. Мяркуецца, што бедства закранула каля 16 тысяч чалавек. Затоплены многія гарады і вёскі, рэгіёну пагражае экалагічная катастрофа.
У акупаваных расіянамі раёнах на ўсходнім беразе Дняпра не праводзіцца эвакуацыя і гуманітарная дапамога. Жыхароў, якія спрабуюць пакінуць затопленыя тэрыторыі, расіяне вяртаюць назад.
IAR/аз