«Мы даўно выступаем за тое, што калі ў ЕС не хапае боепрыпасаў або абсталявання, давайце закупім іх у іншым месцы і аддадзім Украіне», – сказаў прэзідэнт Латвіі. «Важна, каб Украіна працягвала барацьбу і атрымала тое, што ёй трэба», – дадаў ён у інтэрв'ю выданню «Politico» ў Бруселі.
«Цяпер наша галоўная задача – не столькі выдаткі на абарону, таму што мы іх павялічваем, колькі тое, дзе рэальна знайсці тэхніку для папаўнення нашых запасаў і ўзбраення сіл абароны», – адзначыў кіраўнік латвійскай дзяржавы.
«Улічваючы, што мы ўсе ўсведамляем, што вайна ва Украіне будзе доўжыцца даўжэй, чым можна было прагназаваць паўтара года таму, і што нам таксама неабходна ўмацаваць нашы ўласныя магчымасці (...), мы павінны сурʼёзна паставіцца да таго, як еўрапейская абаронная прамысловасць і як мы змагаемся з гэтай праблемай», – падкрэсліў Рынкевічс, які сёлета заняў пасаду прэзідэнта Латвіі, а да гэтага 12 гадоў займаў пасаду міністра замежных спраў.
У сакавіку бягучага году Еўрасаюз абавязаўся даць Украіне мільён артылерыйскіх снарадаў на працягу 12 месяцаў. На гэты момант ва Украіну накіравана каля 300 тысяч.
У аўторак у Бруселі падчас сустрэчы міністраў абароны ЕС міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус заявіў, што план Еўрасаюза паставіць мільён артылерыйскіх снарадаў да вясны 2024 года праваліцца з-за недастатковасці вытворчых магутнасцяў.
Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах Жазэп Барэль у сваю чаргу адзначыў, што праблема не ў патэнцыяле галіны. «Варта памятаць, што еўрапейская абаронная прамысловасць вельмі шмат экспартуе. Каля 40 працэнтаў прадукцыі ідзе на экспарт у трэція краіны, таму гэта не недахоп вытворчых магутнасцяў. Проста прадукцыя ідзе на іншыя рынкі. Таму, можа быць, варта паспрабаваць перанакіраваць гэтую вытворчасць на прыярытэтны, украінскі кірунак», – гаварыў ён.
Падобнае меркаванне выказаў еўракамісар па прамысловасці Цьеры Брэтан. Ён пастуляваў, што краіны ЕС павінны забяспечыць, каб прадукцыя, якая вырабляецца на іх тэрыторыі, была накіравана ў першую чаргу ва Украіну. Паводле яго слоў, з вясны ў ЕС павінна зʼявіцца магчымасць вырабляць больш за мільён боепрыпасаў у год.
ав