Беларуская Служба

Шчасце ў свеце - 2025. Палякі больш шчаслівыя, чым французы і іспанцы

21.03.2025 17:16
За апошні перыяд даследавання Злучаныя Штаты занялі самае нізкае месца ў рэйтынгу.
Шчасцекрыніца: worldhappiness.report

Восьмы год запар Фінляндыя стала самай шчаслівай краінай у свеце. П'едэстал шчасця займаюць паўночныя краіны. Польшча значна палепшыла сваю пазіцыю ў рэйтынгу, абагнаўшы Францыю і Іспанію. Беларусь у рэйтынгу не пазначаецца.

У апублікаваным у чацвер дакладзе ААН пра шчасце ў свеце, які ахоплівае 147 краін, Польшча палепшыла сваю пазіцыю, падняўшыся ў параўнанні з мінулым годам з 35-га на 26-е месца. Першыя чатыры месцы занялі паўночныя краіны: Фінляндыя, Данія, Ісландыя і Швецыя. Упершыню ў топ-10 трапілі Коста-Рыка (6-е месца, пасля Нідэрландаў) і Мексіка (10-е, пасля Люксембурга). Акрамя еўрапейскіх краін, у гэтую групу трапіў таксама Ізраіль (8). Нарвегія заняла 7-е месца.

Самы нізкі рэйтынг ЗША ў гісторыі

За апошні перыяд даследавання Злучаныя Штаты занялі самае нізкае месца ў рэйтынгу, апусціўшыся на 24-е месца. Рэкордным для ЗША стаў 2012 год, калі яны занялі 11 месца. Самыя нізкія месцы сярод краін Еўрасаюза занялі Балгарыя (85-е), Грэцыя (81-е), Харватыя (72-е) і Венгрыя (69-е). Ніжэй за Польшчу былі, між іншым, Францыя (33-е) і Іспанія (38-е). Даклад падрыхтаваны на аснове адказаў жыхароў, якіх папрасілі ацаніць уласнае жыццё па шкале ад 0 да 10.

Простыя задавальненні могуць зрабіць вас больш шчаслівымі

Даследчыкі падкрэслілі, што на адчуванне шчасця ўплывае не толькі багацце або стан здароўя, але таксама сям'я і сябры ды нават зусім простыя рэчы, такія як, напрыклад, прыём ежы ў кампаніі. У Мексіцы і Еўропе самымі шчаслівымі лічыліся людзі, якія жылі ў сем'ях з 4-5 чалавек.

Украіна сёлета заняла 111-е месца, Расія - 66.

Афганістан чарговы раз апынуўся на апошнім месцы ў рэйтынгу: у гэтай краіне асабліва жанчыны скардзяцца на цяжкія ўмовы жыцця.

IAR/яс