Беларуская Служба

Заснавальнік Фонду Humanosh: Калі чалавек на ўласныя вочы бачыць, што адбываецца ва Украіне, то разумее — ад дапамогі нельга адмовіцца

24.02.2025 15:20
«Мы практычна праехалі ўсю Украіну і ўсю Еўропу з параненымі», распавядае Пётр Скопец, які за час вайны правёў ва Украіне паўтара года.
Пётр Скопец у студыі Беларускай службы Польскага радыёЯланта Смялоўская/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Пётр Скопец, заснавальнік, спонсар і валанцёр Фонду Humanosh імя Славы і Ізка Валасянскіх (Fundacja Humanosh im. Sławy i Izka Wołosiańskich). Фонд ад пачатку вайны падтрымлівае ўкраінцаў ва Украіне і ў Польшчы.  Адзначым, што раней фонд першым у Польшчы  пачаў дапамагаць палітычным уцекачам з Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. Пётр Скопец разам з жонкай Катажынай далі беларусам у патрэбе дах над галавой у некалькіх Мірных дамах, створаных адмыслова дзеля гэтых мэтаў.

Журналіст: Прайшлі тры гады з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Ваш Фонд амаль адразу пачаў дапамагаць украінцам, ездзіць ва Украіну з гуманітарнай і медычнай дапамогай. Я хачу спытаць: сёння, калі мірны працэс па Украіне, нібыта, пачаўся, скажыце, калі ласка, што вы думаеце на гэты конт? Якія каментарыі вы чуеце ад сваіх калег?

— Што я думаю пра працэс, які спрабуюць арганізаваць за спінай Украіны дзве дзяржавы?  Усе спрабуюць сказаць, што гэта канфлікт ва Украіне, але трэба сумленна сказаць, што гэта не канфлікт, а поўнамаштабная вайна, у якой гінуць людзі, разбураюцца гарады, знішчаецца ўся інфраструктура Украіны. Называць гэта канфліктам гучыць дзіўна, бо тое, што мы бачым, калі заязджаем ва Украіну, — гэта не канфлікт. Агрэсар адзін, і ён адказны за вайну, якая там ідзе. За гэтыя тры гады дапамога вельмі і вельмі зменшылася. Яе недастаткова. Мы не можам злавацца на грамадзян Украіны, якія беглі ад вайны і знайшлі прытулак у Польшчы. Нельга забываць пра тых людзей, якія там засталіся, і што там цяпер няма каму ваяваць на фронце.

Як мне казаў наш валанцёр з Харкава Віктар Емільяненка, з якім мы працуем з пачатку вайны, украінцаў, якія б пайшлі ў акопы, проста няма. І гэта самая вялікая праблема. Праблема, якую цяпер спрабуе выправіць Украіна. Цяпер жанчыны  добраахвотна ідуць у франтавыя атрады, бяруць у рукі зброю і прымаюць удзел у  ваенных аперацыях. Гінуць усё больш маладыя людзі, усё цяжэй запоўніць недахопы, усё больш і больш гарадоў разбураецца, усё больш і больш мірных жыхароў пакутуе. Украіне ўсё яшчэ патрэбная дапамога.

Журналіст: За гэтыя тры гады вайны вы самі агулам правялі ва Украіне паўтара года. Як з вашага пункту гледжання сёння там выглядае сітуацыя? З вашых назіранняў, што змянілася за гэтыя тры гады?

— Пачатак вайны быў даволі драматычны. Львоў, Кіеў, Палтава, праз якія мы праязджалі, гэтыя гарады апусцелі. У іх не было людзей, часта не было асвятлення, а ўсе ўказальнікі былі зафарбаваныя. Па дарозе шмат блокпастоў, таму праезд праз Украіну займаў многа часу. На дадзены момант колькасць блокпастоў значна зменшылася. Практычна, яны засталіся на ўездзе ў Кіеў, на ўездзе ў Палтаўскую вобласць, у Харкаў і, вядома, за Харкавам. На блокпастах правяраюць хто ўязджае і выязджае. Цяпер жыццё пачынае вяртацца ў гарады. Людзі прызвычаіліся да стану трывогі, да таго, што адключаюць электрычнасць. Рэстарацыі, кавярні і крамы, па магчымасці, працуюць.

Абнадзейвае той факт, што будынкі, жылыя дамы, крамы, якія былі разбураны ў пачатку вайны, цяпер альбо адноўлены, альбо аднаўляюцца. Народ Украіны не здаецца. Па-ранейшаму цяжка, працягваюцца паветраныя налёты, пастаянна аб'яўляюць трывогу, але людзі прызвычаіліся да гэтага, і гэта вельмі небяспечна і дрэнна.

Журналіст:  Але з іншага боку, кожны хоча жыць нармальным жыццём. У тым ліку вы, фонд Humanosh, уносіць нейкую нармальнасць. Шчыра прызнаюся, мяне вельмі здзівіла інфармацыя, што ў вашым фондзе працуе больш за 80 медыкаў і ажно 23 машыны хуткай дапамогі. Ці ўсе ездзяць ва Украіну?

— На дадзены момант гэты парк машын хуткай дапамогі скарачаецца, інтэнсіўнасць нашай выключна медыцынскай дзейнасці ва Украіне змяншаецца. Гэта адбываецца таму, што мы навучылі ўкраінцаў, як транспартаваць параненых з львоўскіх шпіталяў у месцы эвакуацыі ў Польшчы, у аэрапорт Ясёнка, мы перадалі гэтую справу ўкраінцам і ўкраінскім медычным экіпажам. Але мы па-ранейшаму дастаўляем гуманітарную дапамогу ў Харкаў два разы на месяц. Гэта рэчы, якія мы атрымліваем у Швейцарыі, рэчы, перададзеныя нам ахвярадаўцамі з польскіх кампаній. Польскія кампаніі і жыхары Польшчы па-ранейшаму падтрымліваюць нас з жадання дапамагчы Украіне. Безумоўна, цяпер вельмі цяжка атрымаць фінансавыя сродкі, неабходныя для паездкі ва Украіну. Паліва з'ядае шмат фінансавых рэсурсаў, і гэта праблема. Таму мы звяртаемся да ўсіх вас за падтрымку ў выглядзе 1,5% вашага падатку. Падчас разліку падатку, пазначце, калі ласка наш фонд, каб мы маглі працягваць працаваць. Мы не забываем пра Украіну. Мы ездзім туды з гуманітарнай дапамогай, з медычнай дапамогай, ездзім у шэрую зону.

Журналіст: Куды валанцёры Фонду Humanosh заехалі найдалей?

— Найдалей мы былі практычна на лініі фронту, метраў 800 ад лініі фронту. Было гэта пад Купянскам. Мы таксама былі ў Бахмуце, былі ва ўсіх тых месцах, пра якія чуем па тэлевізары: Краматорск, Ізюм, Часаў Яр, Канстанцінаўка, Гуляйполе, Арэхаў, Валчанск.

Журналіст: Што вы там рабілі? Ці не маглі б вы распавесці, як выглядае праца польскай медыцынскай каманды ва Украіне?

—  У шэрай зоне мы працуем з насельніцтвам, якое там засталося, якое не змагло эвакуіравацца ў бяспечныя месцы Украіны. Звычайна гэта старыя людзі, інваліды, часта дзеці, людзі, якія не могуць пакінуць сваю гаспадарку, або думка з'ехаць прыйшла занадта позна і валанцёры не могуць дабрацца да іх, бо вёска пад абстрэлам. Мы праводзім простыя тэсты здароўя, якія мы можам зрабіць у машынах хуткай дапамогі, напрыклад, вымярэнне артэрыяльнага ціску, вымярэнне ўзроўню цукру, ЭКГ, простае УГД. Мы стараемся дастаўляць лекі ў гэтыя месцы прыкладна раз на два месяцы, вяртаемся туды праверыць вынікі тэрапіі, якую прызначылі раней нашыя фельчары, медсёстры, лекары.

І самая вялікая наша радасць, што хворых становіцца ўсё менш, або людзі прыходзяць толькі па лекі, таму што лячэнне, якое ім прызначана, сапраўды дапамагае. Часта дастаткова нашай прысутнасці. Проста пасядзець на лаўцы і паразмаўляць з пажылой жанчынай, патрымаць яе за руку, запытаць, як яна сябе адчувае. Гэта ўжо з'яўляецца вялікай падтрымкай, бо гэтыя людзі ведаюць, што іх не кінулі, што нехта пра іх думае і вяртаецца да іх.

Журналіст: Вы сказалі, што завозіце ва Украіну лекі. Ці фонд супрацоўнічае з Міністэрствам аховы здароўя Украіны?

— Так, нашы дзеянні ў Харкаўскай і Запарожскай вобласцях узгодненыя з мясцовымі ўладамі, з мясцовымі дэпартаментамі аховы здароўя, а дзеянні па медыцынскай эвакуацыі каардынавалі Міністэрства аховы здароўя Украіны і Міністэрства аховы здароўя Польшчы.

Журналіст: Ці вы заўважылі, што ва Украіне ёсць праблема з карупцыяй?

— Так. Гэта, безумоўна, велізарная праблема. Значная частка дапамогі, якую пастаўляюць міжнародныя арганізацыі, не даходзіць на месца. Таму мы працуем па прынцыпу, што тое, што атрымліваем ад ахвяравальнікаў, мы дастаўляем непасрэдна нашым валанцёрам і давераным людзям, ці то ў Харкаве, ці то ў Запарожжы, ці то ў Івана-Франкоўску. Мы таксама распаўсюджваем частку гуманітарнай дапамогі праз філіял Фонду Humanoh Ukraine. Ва Украіне ў нас ёсць давераныя людзі, якія едуць з намі, яны паказваюць нам месцы, дзе патрэбная і неабходная дапамога.

Журналіст: Мы размаўляем у студыі Беларускай рэдакцыі Польскага радыё. Каманда фонду шматнацыянальныя. Хочацца запытаць, ці з вамі таксама працуюць беларусы?

— Так, у фондзе, акрамя палякаў, большасць складаюць іншаземцы. Гэта ўкраінцы, беларусы, афганцы, йеменцы. Так што каманда Humanosz даволі каларытная, але ў нас ва ўсіх адна мэта, дапамагаць людзям, незалежна ад іх веравызнання, паходжання, краіны.  Наша справа, наша мэта — дапамагаць людзям.

Журналіст: Калі ва Украіну едзе гуманітарны канвой ці машына хуткай дапамогі, якія меры бяспекі прымаюцца ва ўмовах вайны?

— З самага пачатку вайны мы стараемся забяспечыць камандам максімальна высокі ўзровень бяспекі. Яны ўкамплектаваныя сродкамі індывідуальнай абароны — бронекамізэлькамі, шлемамі, індывідуальнымі тактычнымі аптэчкамі. І заўсёды, калі мы едзем некуды далей, у гэтую ж «шэрую зону», у больш небяспечныя месцы, з намі едзе нехта з мясцовых валанцёраў, каб забяспечыць бяспечны праход праз блокпасты. А бывае, што з намі едзе мясцовая паліцыя да месца, дзе мы будзем прымаць пацыентаў.

Мы прымаем пацыентаў у падвалах, часта ў разбураных бальніцах, разбураных будынакх.  Калі ёсць такая неабходнасць, то «прыёмы» праводзім у машынах хуткай дапамогі пад маскіровачнымі сеткамі, а затым едзем у бяспечнае месца на начлег.

Журналіст: Вы хацелі б падзяліцца гісторыяй, якая глыбока ўвайшла ў ваша сэрца і памяць? Вы былі недалёка ад лініі фронту і збіралі там мёртвых...

— Так-так, і такія гісторыі таксама бываюць, бо часам да нас звяртаюцца па дапамогу баявыя медыкі. Мы вывозілі параненых з стабілізацыйнага пункта. Былі выпадкі, калі даводзілася выносіць мёртвых. І найбольшай праблемай была якасць мяшкоў для нябожчыкаў. Гэтыя мяшкі рваліся, гэтыя целы, гэтыя парэшткі, гэтыя фрагменты чалавека — я не ведаю, як гэта называць — выпадалі.

Журналіст: Але на картках фонду Humanosh ва Украіне запісаныя і больш светлыя гісторыі. Каханне. Яно нараджаецца таксама і на вайне. Распавядзіце пра пару — вашую валанцёрку і ўкраінскага вайскоўца.

— На вайне шмат здараецца, але бываюць і моманты радасці. На стабілізацыйным пункце нашая валанцёр-медык сустрэла вайсковага медыка. Яны закахаліся і пажаніліся, так што ёсць і добрыя гісторыі. Безумоўна.

Ёсць неверагодныя гісторыі, калі некаторыя людзі, якіх мы забралі параненымі, звяртаюцца да нас пасля вяртання ў Польшчу ці Украіну. Паведамляюць, што ў іх усё добра, часта вяртаюцца на вайну, нават з пратэзамі. Прыемна бачыць, што намаганні, якія мы прыклалі да іх транспарціроўкі і догляду за імі падчас падарожжа, не былі марнымі. І нават людзі, якіх мы эвакуявалі з прыфрантавых вёсак і якія цяпер жывуць у нашых прытулках для бежанцаў у Польшчы, у «Мірным доме» ў Варшаве і гарах пад Горліцамі. 

Прыемна глядзець, як дзеці, якім было там вельмі сумна, якія кожны дзень чулі гукі вайны, тут расцвітаюць, растуць, радуюцца, гуляюць, вучаць польскую мову. Я лічу, гэта шанец, які яны павінны выкарыстаць як мага больш плённа, каб вярнуцца ва Украіну і быць пакаленнем, якое ведае мовы, бачыла Еўропу і можа адбудаваць сваю краіну.

Журналіст: Мы зычым ім гэтага. Яшчэ хачу спытаць пра больш за дзве тысячы медыцынскіх эвакуацый. Адкуль і куды вы вывозілі эвакуяваных?

— Эвакуацыі, якія праводзіў фонд Humanosh, былі эвакуацыямі з усёй Украіны, але ў асноўным мы займаліся пацыентамі з эвакуацыйных цягнікоў, якія прыбывалі ў Львоў.  Пацыентаў трэба было забраць, развезці ў львоўскія бальніцы і падрыхтаваць да транспарціроўкі ў Польшчу. На наступную раніцу мы везлі іх з львоўскіх шпіталяў у аэрапорт Ясёнка да самалётаў. Частка эвакуацыі была мэтанакіраваная, напрыклад, мы ехалі ў Мікалаеў за пацыентам, якога трэба было пераправіць у Нідэрланды.

Мы практычна праехалі ўсю Украіну і ўсю Еўропу з параненымі.

У «шэрай зоне» мы абследавалі прыкладна 2000 пацыентаў. Гэта былі мірныя жыхары, людзі, якія патрэбныя памперсы, хранічна хворыя, дыябетыкі і гіпертонікі. (19:33) Вядома, мы таксама прымалі салдат, калі гэта было неабходна. (19:42) Акрамя таго, мы ўдзельнічалі ў эвакуацыі 1500 хворых на анкалогію дзяцей з Украіны. Гэта быў вельмі вялікі міжнародны праект, які каардынаваў доктар Павел Кукіз-Шчуціньскі, які дапамагае нам ва ўсіх нашых медыцынскіх паездках. Жірналіст: Куды трапілі гэтыя хворыя дзеці? — (20:09) Дзяцей развезлі па ўсёй Еўропе і ЗША. У польскія бальніцы, нямецкія, галандскія, французскія, іспанскія, брытанскія, амерыканскія, сапраўды па ўсім свеце.

Журналіст: Раскажыце, з якой рэакцыяй вы і ваша сям'я, людзі, якія ўдзельнічаюць у працы фонду, сутыкаецеся тут у Польшчы? Як да вас ставяцца?

— Гэта цікавае пытанне, таму што некаторыя людзі мяркуюць, што дапамога Украіне непатрэбная і што Украіна павінна справіцца самастойна або з міжнароднай дапамогай. Кажуць, што мы павінны спыніць дапамогу, таму што   ўжо дастаткова зрабілі. Аднак цяпер гэтая дапамога патрэбная і неабходная, таму што вайна працягваецца, гінуць людзі, разбураюцца гарады, вёскі, дамы, школы. Людзі часта гэтага не разумеюць і пытаюць, чаму мы ўсё яшчэ гэта робім, але калі мне ўдаецца пераканаць кагосьці паехаць са мной і ўбачыць гэта на ўласныя вочы, яны пачынаюць разумець, што гэтая патрэба ў дапамозе ўсё яшчэ актуальная і ад яе нельга адмовіцца.

Журналіст: Скажыце некалькі слоў пра тое, як выглядае жыццё вашай сям'і, бо кожны з вас актыўна займаецца валанцёрствам.

— Жыццё нашай сям’і з пачатку вайны было даволі інтэнсіўным і імклівым, таму што кожнаму далі свой надзел задач. Малодшая дачка адказвала за арганізацыю і каардынацыю засялення ў Польшчы. Старэйшая дачка ездзіла са мной ва Украіну і дапамагала ў канвоях са Львова ў Ясёнку, старэйшая, як доктар, ездзіла са мной у «шэрую зону» дапамагаць там людзям, а малодшы, Франaк, працаваў кіроўцам на трасе Цюрых-Харкаў на грузавіках, або пераганяў машыны для патрэб Украінскай арміі.

Журналіст: Вы робіце высакародную справу. Тры гады вайны, тысячы выратаваных людзей, вялізныя выпрабаванні, неверагодная стойкасць. Што б вы хацелі пажадаць украінцам? 

— Мірнага неба. Спакойнага неба.

Журналіст: Вялікі дзякуй за размову і за тую працу, якую робіце вы і вашыя блізкія, ваша сям'я і валанцёры, якіх вы ўмееце прыцягваць і заахвочваць да гэтай справы.

Падтрымаць фонд Humanosh імя Славы і Ізка Валасянскіх можна, перавёўшы 1,5% ад падаткаў падчас падатковага разліку фізічных асоб (запаўненне падатковай дэкларацыі). Гэта нічога не каштуе для вас, дастаткова ўказаць фонд у дэкларацыі. Гэта можа зрабіць кожны, хто плаціць падаткі ў Польшчы.

Размаўляла Яланта Смялоўская