На сайце Defence24 замешчана справаздача з гутаркі з міністрам нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіславам Касінякам-Камышам (Władysław Kosiniak-Kamysz), якая адбылася падчас Дзясятага Еўрапейскага кангрэсу самакіравання.
У час размовы ўздымалася пытанне аб адмове ад падпісання пагаднення паміж Украінай і ЗША. Міністра спыталі, ці можа гэта паўплываць на бяспеку Польшчы. «Перш за ўсё, трэба рабіць сваю справу. У нас ёсць стратэгія. Найважнейшае для нас — гэта будаўніцтва моцнай бяспекі польскай дзяржавы. Незалежна ад эмоцый», — падкрэсліў віцэ-прэм'ер. Пры гэтым, ён заявіў, што выступае за хуткае аднаўленне перамоў паміж ЗША і Украінай. «Гэта неабходна. Спакой і мір ва Украіне немагчымыя без удзелу Злучаных Штатаў», — падкрэсліў кіраўнік Мінабароны.
Ён заўважыў, што Еўропа павінна зрабіць значна больш, хоць «у многіх аспектах яна прачнулася». «Але гэта складаны і шматгадовы працэс. Доўгі час менавіта ЗША трацілі ўдвая больш на бяспеку, чым Еўропа і Канада разам узятыя», — адзначыў Касіняк-Камыш. Пры гэтым, Польшча пастаянна павялічвае выдаткі. На яго думку, прысутнасць амерыканскіх салдат у Еўропе з'яўляецца ключавой для бяспекі Польшчы. «Рашэнне, якое, спадзяюся, прыме ЕС, — не ўлічваць выдаткі на абарону ў дэфіцыт, адкрые новыя магчымасці. Немагчыма абараніць Польшчу ад вайны, не павышаючы выдаткаў», — заявіў Касіняк-Камыш.
Міністр падкрэсліў, што «калі хтосьці думае, што мір, сіла і свабода не патрабуюць выдаткаў, то гэта вялікая памылка». «Гэта не робіцца прыгожымі словамі ці лозунгамі пра нашы еўрапейскія каштоўнасці. Якія сёння ў нас агульныя каштоўнасці? Ці не павінна сёння галоўнай каштоўнасцю стаць абарона Еўропы, нашай гісторыі, традыцый і тэрыторыі?» — падкрэсліў ён.
Ён таксама звярнуў увагу, што Еўропа мае больш насельніцтва і эканамічнай сілы, чым ЗША, але не выкарыстоўвае гэта для ўмацавання бяспекі. Адкрытасць Заходняй Еўропы прывяла да крызісу. «Я не супраць гуманізму, але калі нехта хоча жыць у Еўропе, ён павінен прымаць яе каштоўнасці. Таму патрэбны жорсткі прыём мігрантаў, адмаўленне ў прытулку і дэпартацыя тых, хто парушае закон», — заявіў міністр.
На ягоную думку, важную ролю ў бяспецы могуць адыграць паляўнічыя. «Я падпісаў дамову з паляўнічымі. Гэта людзі з ліцэнзіямі на зброю і добрым веданнем мясцовасці», — сказаў міністр абароны. «У Скандынавіі паляўнічыя — аснова тэрытарыяльнай абароны. У Польшчы гэта таксама магчыма», — дадаў ён.
нг