Беларуская Служба

Што падрыхтаваць на выпадак крызісу? Кансервы, ваду, ліхтарык і батарэйкі, але таксам план на... лішак свабоднага часу

18.03.2025 17:40
Электронная версія крызіснага дапаможніка ўраду будзе гатовая ў красавіку гэтага года. 
Аўдыё
  • Дапаможнік на крызісныя часы.
      ?
Што неабходна падрыхтаваць на выпадак надзвычайнай сітуацыі?Фота: shutterstock/Roger Brown Photography

Польскі ўрад абяцае, што неўзабаве кожная польская сям’я атрымае «крызісны дапаможнік». У часы вайны і крызісу жыццё становіцца непрадказальным, а штодзённасць поўная пагроз і нявызначанасці. У такія моманты вельмі важна захоўваць спакой, ведаць, як рыхтавацца да магчымай эвакуацыі і шукаць спосабы мінімізаваць рызыку. Неабходныя звесткі на гэтую тэму будуць сабраныя ў дапаможніку. 

Электронная версія крызіснага дапаможніка ўраду будзе гатовая ў красавіку гэтага года. Аўтары тлумачаць, што такое выданне можа прыдасца не толькі ў часы ваеннай пагрозы, але таксама ў выпадку іншай небяспекі – хаця б прыроднага катаклізму або адсутнасці электрычнасці ці вады па нейкай прычыне. Гаворка ідзе не толькі або не столькі пра ваеннае нападзенне ці ракеты Пуціна, а больш рэальную пагрозу, скажам, засуху ці атаку хакераў на воданапорныя станцыі або электрастанцыі.

Як падрыхтавацца да крызіснай сітуацыі, і ці варта хвалявацца? Рэпарцёр Польскага радыё Марыюш Песьнеўскі (Mariusz Pieśniewski) спытаў пра гэта выпадковых прахожых на вуліцы. Што б яны зрабілі ў выпадку вайны або іншай сур’ёзнай пагрозы?

- Трэба ўцякаць, але загадзя не трэба хвалявацца.
- Мы бачым, што адбываецца, таму, на маю думку, трэба хвалявацца.
- Трэба мець запасы – скрынку з кашамі, кансервамі, нейкія шпроты, ваду.
- Трэба больш ведаць, што зрабіць у такой сітуацыі. Столькі гадоў прайшло з часу апошняй вайны, што многія людзі разгубіліся б і не ведалі б, што рабіць.
- Нешта трэба рабіць. Маладыя не ведаюць, што рабіць, а мы неяк справімся.

Крызісныя сітуацыі могуць мець розныя прычыны. Гэта не заўсёды наўмысныя дзеянні чалавека, а, напрыклад, аварыя на прамысловым прадпрыемстве, у тэхналагічным працэсе якога выкарыстоўваюцца небяспечныя рэчывы. Таму да гэтага варта быць гатовым, ведаць, што, напрыклад, азначаюць гукі сірэны, чым адрозніваюцца сігналы трывогі і што пры гэтым неабходна рабіць.

Што самае важнае ў выпадку пагрозы? Важна быць падрыхтаваным, каб не баяцца, а думаць і дзейнічаць. Хаця крыху боязі можа мабілізаваць чалавека, - адзначае Пётр Чурыла (Piotr Czuryłło), старшыня фонду Polish Preppers Network.

- Страх не дапаможа, тым не менш, неабходна памятаць, што боязь можа стымуляваць чалавека. Страх нагадвае нам, што жыццё не можа быць заўсёды ідэальным і радасным, бываюць і дрэнныя здарэнні. І таму галоўны прынцып – не панікаваць, а думаць і памятаць, што некаторыя падзеі ў нашым жыцці могуць здарыцца. Як казалі апытаныя прахожыя, трэба падрыхтавацца да крызісных сітуацый, напрыклад, зрабіць запасы харчавання. Але важна, каб гэта была ежа, якую мы любім і каб гэтыя прадукты можна было лёгка прыгатаваць, без неабходнасці тэрмічнай апрацоўкі, бо такой магчымасці можа не быць. Так што можна падрыхтаваць сушаныя прадукты, кансервы і г.д. Усё, што можна доўга захоўваць і хутка спажыць. Найлепш падрыхтаваць запасы на адзін месяц.

Дапаможнік, які рыхтуюць польскія ўлады, прапануе падрыхтаваць значна больш сціплыя запасы – толькі на тры дні, а не на месяц, як гаворыць эксперт. А вось што сказаў пра дапаможнік прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Роберт Кляноўскі (Robert Klonowski).

- Мы імкнёмся да таго, каб важную, правераную інфармацыю перадаць насельніцтву ў простай, даступнай форме. Гэты дапаможнік будзе складацца з 20-30 старонак, з каляровымі ілюстрацыямі. Каб кожны, хто атрымае такі дакумент, змог пратрымацца дома на працягу 72 гадзін, калі, напрыклад, будзе адсутнічаць электрычнасць, каб кожны змог аказаць першую дапамогу камусьці з блізкіх людзей, каб людзі ведалі, як сябе паводзіць у выпадку пажару, удару маланкі або ў выпадку ваенных дзеянняў.

Дапаможнік падказвае, як сябе паводзіць у розных нестандартных акалічнасцях, напрыклад, што рабіць, калі адключаць пастаўкі электрычнасці. Сучаснае грамадства не ўяўляе сабе жыцця без электраэнергіі. І трэба ведаць, як сябе паводзіць, калі энергіі не будзе, - кажа Пётр Чурыла.

- Адсутнасць электрычнасці нас бы вельмі здзівіла, мы ў такой сітуацыі не ведалі б, што рабіць. Перасталі б працаваць усе тэлефоны, тэлевізары ды іншыя прыборы. Я прапаную проста сесці разам з сям’ёй і абмеркаваць, што мы будзем рабіць, калі не будзе электраэнергіі, што нам патрэбна. Я спадзяюся, што ў дапаможніку будуць неабходныя інструкцыі і прапановы. І я таксама спадзяюся, што ў ім будуць прапановы, як справіцца з уласнымі страхамі і… свабодным часам. Дзеля таго, каб выжыць, важна знайсці сабе занятак, трымацца раскладу дня, ведаць, што рабіць з часам, якога раптам паяўляецца вельмі шмат.

Дапаможнік ураду будзе змяшчаць як інфармацыю, неабходную для падрыхтоўкі да ваеннай пагрозы, так і парады, як перажыць розныя крызісныя здарэнні. Электронная версія будзе гатовая ў красавіку, а папяровую пачнуць рассылаць у верасні.

Jedynka Polskie Radio/нг