Будзе створаны новы Фонд бяспекі і абароны. Сродкі пойдуць на інвестыцыі вайсковага прызначэння.
«Яны будуць ахопліваць абаронныя даследаванні і вытворчасць польскіх зброевых кампаній», - заявіў спікер Сейму Шымон Галоўня.
— Гэта будуць дадатковыя сродкі для абароннай прамысловасці і для грамадзянскай абароны на будаўніцтва сховішчаў. Гэта будуць таксама дадатковыя грошы на даследаванні і распрацоўкі ў галіне ваенных тэхналогій. Гаворка ідзе пра тэхналогіі двайнога прызначэння, гэта значыць для выкарыстання ў час вайны і ў час міры.
Віцэ-прэм’ер і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш чакае, што сродкі, пералічаныя на абарону, узмоцняць патэнцыял польскіх зброевых кампаній.
— У прамысловасць мусяць улівацца грошы, ваенная прамысловасць павінна павялічваць вытворчыя магутнасці боепрыпасаў, беспілотнікаў, штучнага інтэлекту і таксама класічных прадуктаў, якімі ганарыцца Польшча. Гэта ПЗРК Piorun - пераносны зенітна-ракетны комплекс, я чакаю павелічэння вытворчасці польскай самоходнай гаўбіцы Krab, я чакаю паскарэння вытворчых магутнасцяў баявой машыны пяхоты Borsuk. У нас усё зацягнулася.
Грошы на абарону будуць пераведзены з бюджэту Інструмента зялёнай трансфармацыі гарадоў. Але, як адзначыла міністр фінансаў і рэгіянальнай палітыкі Катажына Пэлчыньска-Налэнч, мясцовыя ўлады таксама выйграюць ад павелічэння выдаткаў на бяспеку.
— Мясцовыя органы ўлады павінны пераарыентаваць сваю інвестыцыйную палітыку на бяспеку, на будаўніцтва інфраструктуры падвойнага прызначэння — гэта сховішчы, але гэта таксама дарогі. Яны гэтага хочуць. Сёння дарогі падвойнага прызначэння вельмі патрэбныя, асабліва ва ўсходняй Польшчы, — сказала Катажына Пэлчыньска-Налэнч.
IAR/яс