Польскі партал Defence24 прыводзіць вытрымкі з інтэрв’ю, якое правёў украінскі ваенны партал ArmyInform. Гэта гутарка з экіпажам танка PT-91 Twardy, які ўкраінцы атрымалі ад Польшчы. Танкісты адзначаюць, што падчас навучання палякі якасна рыхтавалі іх да рэальных баёў.
Украіна атрымала ад 30 да 60 танкаў PT-91, якія паступілі на ўзбраенне 22-й і 117-й механізаваных брыгад. Дакладная лічба тэхнікі на дадзены момант засакрэчаная. Пасля прыбыцця на фронт танкі атрымліваюць дадатковую абарону, у тым ліку рэактыўную браню.
Экіпаж 117-й брыгады згадвае польскае навучанне як максімальна прафесійнае, хаця многаму давялося вучыцца ўжо ў баях.
— Палякі сапраўды імкнуліся нас навучыць, каб мы маглі змагацца, а не проста прайсці курс дзеля «галачкі».
Танкісты хваляць PT-91 Twardy за ўзмоцненую абарону, надзейны рухавік і сучасную сістэму кіравання агнём, што дазваляе дакладна страляць на вялікія адлегласці. Машыны таксама атрымалі заглушальнікі і сеткавую абарону супраць БПЛА.
Асноўныя пагрозы для танкаў – міны, дроны FPV, "Ланцэт" і ракеты "Карнет". Дзякуючы вопыту і мадэрнізацыям, PT-91 паспяхова дзейнічаюць на фронце.
Экіпаж падкрэслівае важнасць праверкі тэхнікі перад боем, бо нават невялікая няспраўнасць можа вывесці машыну са строю. Яны згадваюць выпадак, калі падчас атакі на расійскія пазіцыі з адлегласці 100 метраў пасля першага стрэлу давялося тэрмінова адступаць праз выяўленую тэхнічную няспраўнасць.
Танкісты таксама адзначаюць, што вельмі важна адчуваць сваю машыну, умець самастойна прымаць рашэнні і дакладна разумець сваю ролю ў экіпажы. Без гэтага нават самы сучасны танк будзе малаэфектыўным.
— Калі танк падыходзіць да варожага бліндажа на 200-300 метраў і знішчае яго, уявіце сабе, што адчувае вораг? Гэта магутная машына, здольная выканаць задачу, якая не пад сілу ні мінамётам, ні артылерыі.
PT-91 – польская мадэрнізацыя танка Т-72М1, узброеная 125-мм гарматай 2А46, кулямётамі ПКТ 7,62 мм і НСВТ 12,7 мм. Танк атрымаў браню ERAWA і сістэму "Драва", што значна палепшыла яго абароненасць і дакладнасць стральбы.
Узброеныя сілы Польшчы атрымалі 232 танкі PT-91, некаторыя ўдзельнічаюць у місіі НАТА ў Латвіі.
нг