Беларуская Служба

Дзяржсакратар ЗША назваў першыя этапы спынення вайны ва Украіне

17.03.2025 10:53
«План «А» — спыніць агонь, каб мы маглі перайсці да плана «Б», другой фазы, якая заключаецца ў тым, каб пасадзіць усіх за стол.»
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіёhttps://x.com/SecRubio

Вашынгтон настойвае на хаця б кароткатэрміновым спыненні агню ва Украіне, бо працяг баявых дзеянняў не спрыяе перамоўнаму працэсу. Такую пазіцыю выказаў дзяржсакратар  ЗША Марка Рубіё ў інтэрв'ю амерыканскаму тэлеканалу CBS, апублікаванаму ў нядзелю, 16 сакавіка.

У Марка Рубіё, сярод іншага, спыталі, ці не лічыць ён, што Масква палічыла за лепшае зацягваць працэс перамоваў. Дзяржсакратар ЗША ў адказ заявіў, што не будзе абмяркоўваць перамоўны працэс з РФ. Паводле яго, сустрэча спецпасланіка прэзідэнта ЗША Стывена Уіткафа з  Уладзімірам Пуціным была «шматабяцаючай», але разам з тым «ёсць некаторыя праблемы».

«Гэта складаная, трохгадовая вайна, якая ідзе на вельмі вялікім ваенным фронце, з вялікай колькасцю складанасцяў. Ніхто не сцвярджае, што гэта лёгка, але я хачу, каб усе разумелі, які план. План «А» — спыніць агонь, каб мы маглі перайсці да плана «Б», другой фазы, якая заключаецца ў тым, каб пасадзіць усіх за стол».

Пры гэтым, па словах кіраўніка Дзярждэпа ЗША, перамовы паміж Масквой і Кіевам не абавязкова павінны быць прамымі, але ў любым выпадку «мы не зможам нават падабрацца да другой часткі, пакуль не пройдзем першую. Цяжка дамовіцца аб трывалым заканчэнні вайны, пакуль яны страляюць адзін у аднаго, і таму прэзідэнт Трамп хоча спынення агню», — перакананы амерыканскі дыпламат.

Reuters/эж