Беларуская Служба

Недаацэнены ў Амерыцы фільм дабіўся ашаламляльнага поспеху ў Польшчы(ФОТА)

11.03.2025 13:01
Дацка-польская прадукцыя «Дзяўчына з іголкай» атрымала ажно 11 «польскіх Оскараў».
Аўдыё
  • У Варшаве адбылася цырымонія ўручэння «Арлоў» - узнагародаў Польскай кінаакадэміі
Удзельнікі сёлетняй урачыстай цырымоніі ўручэння польскай кінапрэміі «Арол»PAP/Marcin Obara

Учора ў Польскім тэатры ў Варшаве ў 27-ы раз адбылася цырымонія ўручэння «Арлоў» - узнагародаў Польскай кінаакадэміі. Бясспрэчным сёлетнім пераможцам стаў фільм «Дзяўчына з іголкай» рэжысёра Магнуса фон Горна. Недаацэненая Амерыканскай акадэміяй кінэматаграфічных мастацтваў і навук стужка, дабіўся ашаламляльнага поспеху ў Польшчы.

Фільм «Дзяўчына з іголкай» агулам атрымаў ажно 11 «Арлоў», у тым ліку, за лепшы фільм, рэжысуру, сцэнар, лепшую галоўную жаночую ролю для Вік Кармэн Сонэ(Vic Carmen Sonne), лепшую жаночую ролю другога плана для Трынэ Дырхольм(Trine Dyrholm). Акрамя таго, стужка была ўзнагароджаная за лепшую аператарскую працу, лепшы мантаж, сцэнаграфію, музыку, касцюмы і грым.

Рэжысёр Магнус фон Горн (злева) і прадзюсар Марыюш Владарскі/ PAP/Marcin Obara Рэжысёр Магнус фон Горн (злева) і прадзюсар Марыюш Владарскі/ PAP/Marcin Obara

Пасля цырымоніі рэжысёр Магнус фон Горн (Magnus von Horn) не хаваў свайго вялікага задавальнення ад такой колькасці ўзнагарод:

- Згаданы фільм для мяне вельмі важны, бо мы працавалі над ім 6-7 гадоў. З такой перспектывы цяперашні поспех вельмі важны. Гэта не быў просты фільм: тэма трагічная, здымкі – чорна-белыя. Таму я рады, што гэты фільм знаходзіць водгук у гледача таксама ў Польшчы.

«Дзяўчына з іголкай» — сумесная дацка-польская прадукцыя, якая распавядае пра маладую жанчыну Каралін, якая ў выніку непланаванай цяжарнасці, страчвае працу і трапляе ў надзвычай цяжкую сітуацыю. Каралін пачынае працаваць для жанчыны, якая дапамагае знаходзіць новы дом для нежаданых дзяцей. Аднак, нашая гераіня паступова адкрывае шакавальную праўду. Фільм натхнёны сапраўднай гісторыяй Дагмар Овэрбі - жанчыны, асуджанай за забойства некалькіх дзяцей у Даніі ў пачатку XX стагоддзя.

Паказаны ў Канах і Таронта, уганараваны еўрапейскімі кінапрэміямі і ўзнагародамі на фестывалю ў Гдыні фільм фон Горна беспаспяхова змагаўся за прэмію Амерыканскай акадэміі кінэматаграфічных мастацтваў і навук «Оскар» у міжнароднай катэгорыі, як прадстаўнік Даніі.


Несумненным фаварытам сёлетніх «Арлоў» быў фільм «Белая адвага» - намінаваны ў 15 катэгорыях. Ваенная драма рэжысёра Марціна Кашалкі(Marcin Koszałka), якая ад пачатку выклікала ў Польшчы спрэчкі, у тым ліку на палітычнай сцэне, канчаткова атрымала ўзнагароды толькі ў дзвюх катэгорыях.  

Філіп Плавяк /PAP/Marcin Obara Філіп Плавяк /PAP/Marcin Obara

У тым ліку Філіп Плавяк(Filip Pławiak) атрымаў статуэтку ў намінацыі «Лепшая галоўная мужчынская роля»:

- Я вельмі шчаслівы. Я вельмі рады, тым больш, што гэта ўзнагарода, якую прысуджае Польская кінаакадэмія, то бок яна з’яўляецца таксама доказам прызнання з боку польскай кінаіндустрыі. Мы прыклалі шмат намаганняў, каб усё, што адбываецца ў згаданым фільме было верагодным. У майго героя было шмат эмоцый, дылем і трагічных рашэнняў, якія ён павінен быў прыняць, а я перажыў усё разам з ім.

У сваю чаргу Юльян Свяжэўскі(Julian Świeżewski) атрымаў прэмію за мужчынскую ролю другога плану. Акцёр не хаваў радасці з нагоды ўзнагароды і дадаў, што для яго самым цікавым выклікам было апынуцца ў рэгіянальнай рэчаіснасці:

- Гэта здаецца быў найбольшы выклік, паколькі горцы – гэта спецыфічная грамадская група, са сваёй адметнай культурай. Спачатку, гэта было вельмі складанае - на шчасце ў нас было даволі шмат часу на падрыхтоўку.

Юльян Свяжэўскі /PAP/Marcin Obara Юльян Свяжэўскі /PAP/Marcin Obara

«Белая адвага» паказвае надзвычай складаную рэчаіснасць рэгіёну Падгале падчас нямецкай акупацыі і Другой сусветнай вайны, у якой браты: Ендрэк і Мацей  мусяць зрабіць найцяжэйшы выбар, апынуўшыся па розных баках спрэчкі, якая можа вырашыць не толькі пра іх асабісты лёс, але і будучыню ўсяе краіны.

У сваю чаргу, найлепшым дакументальным фільмам быў прызнаны фільм «Ванда Руткевіч. Апошняя экспедыцыя» Элізы Кубарскай(Eliza Kubarska), найлепшым еўрапейскім фільмам — «Анатомія падзення» Жустын Трыет(Justine Triet), а найлепшым серыялам - «Маці пінгвінаў» Клары Каханьскай-Байан і Ягоды Шэльц(Klara Kochańska-Bajon, Jagoda Szelc).

Алан Старскі /PAP/Marcin Obara Алан Старскі /PAP/Marcin Obara

«Спецыяльную ўзнагароду за жыццёвыя дасягненні» Польскай акадэміі кінамастацтва атрымаў сцэнограф Алан Старскі(Allan Starski) уладальнік, між іншым, прэміі «Оскар» за «Спіс Шындлера». Падчас цырымоніі ён згадаў рэжысёра Анджэя Вайду:

- Тым, што я сёння тут, што ў мяне такія выдатныя сябры: аператары і рэжысёры, я абавязаны Анджэю. Гэта зрабіла мяне не толькі сцэнографам, але і рэжысёрам, які любіць кіно. Разам мы знялі 14 фільмаў. Аднойчы Анджэй сказаў: Трэба здымаць не толькі прыгожыя фільмы, але і важныя - я гэтага трымаўся.

Нагадваем, «Спецыяльная ўзнагарода за жыццёвыя дасягненні» - адзіная катэгорыя „Арлоў”, вядомая да пачатку цырымоніі.

 «Арла» ў намінацыі «Адкрыццё года» атрымала Марыя Збонска(Maria Zbąska) за рэжысуру фільма: «Гэта не мой фільм».

Марыя Збонска /PAP/Marcin Obara Марыя Збонска /PAP/Marcin Obara

У сваю чаргу фільм, які расказвае гісторыю знакамітага польскага баксёра: «Кулей. Два бакі медаля» Ксаверыя Жулаўскага (Xawery Żuławski), які быў намінаваны ў 9 катэгорыях, атрымаў узнагароду публікі.

Нагадваем, сёлета на ўзнагароду Польскай кінаакадэміі «Арол» прэтэндавала каля 70 фільмаў, якія выйшлі ў пракат у мінулым годзе. Намінантаў выбірала каля 800 сяброў Польскай кінаакадэміі.

аз

 

«Дзяўчына з іголкай» Магнуса фон Горна стала лаўрэатам 27-й польскай кінапрэміі «Арлы»

11.03.2025 08:03
Стваральнікі фільма атрымалі 11 статуэтак, у тым ліку: за лепшы фільм, рэжысуру і сцэнар.