Еўрапейская падатковая сістэма адрозніваецца ад беларускай больш высокімі падаткамі. Але пры гэтым існуе большая свабода вядзення бізнесу, менш рэгулявання і бар'ераў, а таксама больш магчымасцяў, — сцвярджае віцэ-прэзідэнт асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (АВВА) Серж Наўроцкі.
— Беларускі бізнес у Еўрасаюзе апынуўся ў новых умовах, тым не менш імкнецца развівацца і канкураваць. На ваш погляд, якія асноўныя праблемы стаяць перад ім за мяжой, і якая дапамога найбольш запатрабаваная?
— Я б вылучыў тры асноўныя блокі праблем, якія датычацца не толькі беларусаў, але і ў цэлым малога і сярэдняга бізнесу ў Еўрасаюзе.
Першы — гэта даступнае фінансаванне. Прадпрымальнікам трэба разумець, дзе ўзяць грошы на развіццё бізнесу і як развіць канкрэтны кірунак дзейнасці.
Другая праблема — доступ да рынкаў. Калі ёсць бізнес-ідэя або бізнес ужо працуе, беларусам патрэбны доступ да лакальнага рынку, каб зразумець, як адаптаваць сваю прадукцыю ці паслугі да яго.
Трэцяя праблема — сувязі. Людзі гатовыя інвеставаць у пашырэнне дзелавых кантактаў, шукаць магчымасці для супрацоўніцтва і інтэграцыі.
— Наколькі рэальная дапамога з боку асацыяцыі?
— Ёсць шэраг сфер, у якіх мы можам дапамагчы. Напрыклад, у нас дзейнічае праграма кансультацый, дзе можна атрымаць бясплатныя парады ад спецыялістаў, якія звычайна каштуюць немалыя грошы. Мы таксама арганізуем мерапрыемствы для наладжвання бізнес-кантактаў.
Ёсць і некаторыя віды дапамогі, даступныя толькі для сяброў асацыяцыі. Мінімальныя пакеты каштуюць ад 250 еўра ў год. У гэтым выпадку мы дапамагаем з пошукам фінансавання, раім, куды звяртацца, каб атрымаць падтрымку. Таксама мы дапамагаем кампаніям пацвердзіць сваю прысутнасць на рынку і паказаць уладам, што яны вядуць легальны і этычны бізнес.
Аднак асацыяцыя не можа дапамагчы, калі прадпрымальнік не просіць аб гэтым. Любы сябар павінен актыўна звяртацца да нас, каб мы маглі паспрыяць у вырашэнні яго праблем. Мы не вырашым праблему, калі пра яе не ведаем.
— Вы дапамагаеце толькі сябрам асацыяцыі? А што, калі беларускі прадпрымальнік, які не ўваходзіць у яе, звяртаецца па кансультацыю?
— Цяпер у нас дзейнічае праграма пры падтрымцы Еўрасаюза, якая дае магчымасць бясплатных кансультацый для ўсіх прадстаўнікоў беларускага бізнесу. Але гэтая праграма не будзе доўжыцца вечна.
Тым не менш, любы чалавек можа прыходзіць на нашы мерапрыемствы, знаёміцца з іншымі ўдзельнікамі, размаўляць і задаваць пытанні. Калі пасля гэтага ён звернецца па кансультацыю, і мы яго ўжо ведаем, то не адмовім у базавай дапамозе. Калі ж патрабуецца глыбокая падтрымка, без сяброўства ў асацыяцыі мы не зможам дапамагчы, у нас няма такіх рэсурсаў.
— Як бы вы ахарактарызавалі беларускі бізнес за мяжой?
— Адным словам гэта складана апісаць, але, напэўна, я б сказаў «удзячнасць». Людзі, якія пераехалі, часта не па сваёй волі, не апускаюць рукі і працягваюць займацца бізнесам. Мы ганарымся тымі, хто стварае кампаніі за мяжой.
Мы ведаем, што ў Еўропе зарэгістравана каля 10 тысяч кампаній з беларускімі каранямі. Прыкладна 30 тысяч беларусаў займаюцца самазанятасцю. У выніку гэты бізнес стварыў не менш за 20 тысяч працоўных месцаў, а калі ўлічваць ІП і самазанятых, гэта ад 40 да 50 тысяч працоўных месцаў.
Гэта значыць, што беларуская бізнес-супольнасць ужо маштабная, і мы можам смела казаць уладам еўрапейскіх краін, што не прыехалі сюды прасіць дапамогі або прэферэнцый. Мы патрабуем толькі роўнага стаўлення на ўзроўні польскіх, нямецкіх і іншых еўрапейскіх прадпрымальнікаў.
— Дзе было складаней весці бізнес — у Беларусі ці ў Еўрасаюзе?
— Няма адназначнага адказу на гэтае пытанне. Усё залежыць ад канкрэтнай сітуацыі і чалавека. Канешне, беларусаў здзіўляе, што тут падаткі вышэйшыя, чым у Беларусі. Але разам з гэтым існуе большая свабода, менш рэгулявання і бар'ераў. Таму магчымасцяў тут таксама больш.
— Чаму беларускім прадпрымальнікам варта далучацца да вашай асацыяцыі?
— Ёсць тры асноўныя прычыны, чаму людзі да нас далучаюцца.
Першае — гэта жаданне пашырыць кола кантактаў сярод беларусаў, бо давер адзін да аднаго ўсё яшчэ высокі, і мы адчуваем сябе адной вялікай сям'ёй.
Другое — патрэба ў неадкладнай дапамозе. Калі ўзнікае складаная сітуацыя, людзі звяртаюцца да нас за кансультацыямі або падтрымкай.
Трэцяе — гэта жаданне застрахавацца на «чорны дзень». Бізнес-асяроддзе можа змяняцца вельмі хутка, і калі раптам узнікае складаная сітуацыя, людзі гатовыя заплаціць 250 або 500 еўра, каб хутка вырашыць праблему. І такіх выпадкаў нямала.
Мы, у сваю чаргу, заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу і падтрымліваць беларускую бізнес-супольнасць за мяжой.
Гутарыў Павел ЗАЛЕСКІ
Здымак: Серж Наўроцкі, віцэ-прэзідэнт асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (АВВА)