Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што польскае грамадства павінна быць лепш падрыхтаванае на выпадак узброенага канфлікту. Кіраўнік урада прадставіў «гатовую мадэль» вайсковай падрыхтоўкі жыхароў. Праграма, якой змогуць скарыстацца як мужчыны, так і жанчыны, будзе створаная да канца гэтага года.
Падчас выступлення ў Сейме з інфармацыяй аб міжнароднай сітуацыі і бяспецы Польшчы, прэм’ер-міністр Дональд Туск параўнаў магчымасці польскай арміі з украінскай і расійскай. Ён адзначыў, што Узброеныя сілы Украіны налічваюць каля 800 тыс. чалавек, а расійская армія – 1,3 млн. «Мы сёння гаворым пра неабходнасць мець у Польшчы паўмільённую армію разам з рэзервістамі», – заявіў Туск.
Прэм’ер паведаміў, што ў планах - маштабныя ваенныя трэніроўкі для кожнага дарослага мужчыны ў Польшчы. Ён растлумачыў, што гаворка не ідзе пра вяртанне да тэрміновай вайсковай службы. У трэнінгу змогуць паўдзельнічаць і жанчыны.
«Жанчыны таксама, але, вядома, вайна – гэта ўсё ж такі ў большай ступені сфера мужчын», – дадаў ён. «Мы пастараемся да канца года мець гатовы механізм, каб кожны дарослы мужчына прайшоў падрыхтоўку на выпадак вайны. Так, каб рэзерв быў адпаведным да патэнцыяльных пагроз», – падкрэсліў Туск.
Віцэ-прэм’ер і міністр абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш (Władysław Kosiniak-Kamysz) запэўніў, што, каб не вяртацца да абавязковай тэрміновай службы, неабходна стымуляваць людзей дабравольна ўступаць у войска. На яго думку, новая ініцыятыва – гэта магчымасць добраахвотнага навучання, а таксама «канкрэтны стымул» для жанчын і мужчын.
- Мы плануем стварыць інтэрактыўную карту, на якой кожны будзе мець свайго «гіда». Ён дапаможа людзям выбіраць такую падрыхтоўку, якая ім найбольш даспадобы і якую яны хацелі б прайсці. Гэтая падрыхтоўка будзе як для жанчын, так і для мужчын, у базавым варыянце і пашыраным. Гэта маштабная праграма.
Па словах кіраўніка Мінабароны, праграма ўступіць у сілу ўжо неўзабаве, але не раней, чым у будучым годзе.
- Мы верым, што ўсе нашы намаганні на працягу апошніх месяцаў прынясуць добрыя вынікі значна раней. Неўзабаве мы прадставім дакладную прэзентацыю ўсіх модуляў праграмы, сёння я згадаў толькі пра некаторыя з іх. Коратка: усеагульныя добраахвотныя курсы для жанчын і мужчын, ад дзяцей да пажылых людзей. Кожны жадаючы зможа прайсці падрыхтоўку.
Мэта вайсковай падрыхтоўкі — ператварыць рэзэрвістаў у «паўнавартасных жаўнераў у канфліктнай сытуацыі». Меркаваннем кіраўніка ўрада, гэтыя рэзервы павінны быць адказам на патэнцыяльныя пагрозы.
Дэталі праграмы вайсковай падрыхтоўкі польскіх грамадзян будуць вядомыя да канца года. Але першыя падрабязнасці аб наборы на добраахвотныя ўсеагульныя вайсковыя зборы стануць вядомыя ў бліжэйшы час. Аб гэтым паведаміла дэпутатка «Грамадзянскай кааліцыі» Уршуля Кашуцка (Urszula Koszutska).
- На будучым тыдні ўжо паявіцца інфармацыя пра інтэрнэт-сайт. Там будзе паведамлена, куды звярнуцца жадаючым прайсці падрыхтоўку і якія ёсць магчымасці выбары даўжыні падрыхтоўкі, яе тэматыкі і месца праходжання. На маю думку, гэта важная задача нашага ўрада.
У сваю чаргу, намесніца спікера Сената Магдалена Беят (Magdalena Biejat) мяркуе, што, акрамя вайсковай падрыхтоўкі для мужчын і жанчын, неабходна рабіць акцэнт на грамадзянскай абароне.
- Мяне непакоіць той факт, што ў гэтай дыскусіі забываем пра важны элемент праграмы «Шчыт усход» - гэта значыць, устойлівасць на пагрозу. Устойлівасць – гэта барацьба за бяспеку мірных жыхароў. І таму, на маю думку, патрэбная хутчэй падрыхтоўка для мірных жыхароў. Гэта наступныя тэмы: як рэагаваць у выпадку пагрозы, як ставіцца да сігналаў трывогі, якім чынам знайсці бліжэйшае бамбасховішча, калі агулам такое сховішча існуе.
Праз звыш 80 гадоў пасля пачатку Другой сусветнай вайны Польшча зрабіла высновы са свайго «геапалітычнага праклёну», якім з'яўляецца яе геаграфічнае становішча і суседства з Расіяй, стаўшы ўзорам для іншых краін Еўропы ў плане падрыхтоўкі да абароны. Палякі добра разумеюць – трэба спадзявацца на сябе і ўспомніць старое як свет правіла: “Хочаш міру – рыхтуйся да вайны”. Лепш пазбавіцца ад ілюзій, што ў выпадку збройнага нападзення Польшча можа разлічваць на актыўную дапамогу Захаду. Гэты ўрок дзяржава ўжо праходзіла падчас Другой сусветнай вайны, калі заходнія саюзнікі не ўступіліся за яе пасля нападзення фашысцкай Германіі з захаду і Савецкага Саюза з усходу. І таму Польшча выдаткоўвае найбольш з усіх краін НАТА на абарону - звыш 4% ВУП. Для параўнання – выдаткі Партугаліі ў гэтай галіне складаюць толькі 1 адсотак ВУП.
IAR/нг